ДРАЖНІ́ЛКІ,

кароткія, найчасцей аднастрофныя вершаваныя творы сатыр. характару; жанр дзіцячага фальклору. У іх жартам высмейваецца «супраціўнік», яго імя, знешні выгляд, рысы характару (часам скіраваны на птушак і звяроў). Маюць генет. сувязь з даўняй традыцыяй мянушак, уласцівым фальклору нар. гумарам. Д. выразна функцыянальныя, што вызначае іх сэнс і форму. Характэрныя іх кампаненты — рэчытатыўнае скандаванне, выразны рытм, яркая рыфма, шматразовае паўтарэнне. Д. ўласцівы перавелічэнні, літота, насычанасць параўнаннямі, ужыванне дадаткаў-азначэнняў.

Публ.: Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976. С. 111—122.

т. 6, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМАРЭ́СКА (ням. Humoreske ад Humor гумар),

1) у літаратуры — невялікі вершаваны або празаічны твор жартаўлівага зместу. У яго сюжэтнай аснове звычайна смешная прыгода, камічнае быт. здарэнне, а аб’ект асмяяння — жыццёвая з’ява або загана ў чал. характары, якія не маюць адзнак сац. шкоднасці ці небяспечнасці. Эмацыянальна-стылявым ладам набліжаецца да анекдота, фабліо, фацэцыі.

2) У музыцы — музычны твор гумарыстычнага (жартаўлівага) характару, блізкі да скерца.

Першую гумарэску стварыў Р.Шуман (для фп., 1839); складаецца з шэрагу лірычных і скерцозных эпізодаў, спалучае летуценнасць з жартам. Пазней паявіліся гумарэскі рознага вобразнага вырашэння: жанрава-быт., скерцознатанц., лірычнага, гратэскавага (блізкага да бурлескі і капрычыо), салоннага характару. Вядомы гумарэскі для аркестра (Э.Гумпердынк), для 4-галосага мужч. хору а capella (Клёве).

У бел. музыцы значнае пашырэнне жанру гумарэскі звязана, верагодна, з вял. развіццём жартоўных песень і прыпевак да танцаў у нац. фальклоры. У прафес. музыцы вядомы гумарэскі для розных інструментаў, для аркестра, у фіналах сюітных цыклаў Л.Абеліёвіча, М.Аладава, У.Алоўнікава, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, С.Картэса, П.Падкавырава, Р.Суруса, А.Туранкова, У.Чараднічэнкі, Л.Шлег і інш.

Р.М.Аладава (музыка).

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)