Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРЛЯ́НКА ЧЫРВАНАБРУ́ХАЯ (Bombina bombina),
земнаводнае сям. круглаязычных атр. бясхвостых земнаводных. Пашырана ў Цэнтр. і Усх. Еўропе. Жыве ў плыткіх і зарослых вадаёмах з глеістым дном, на балотах, у лужынах і інш. На Беларусі трапляецца пераважна ў паўд., паўд.-зах. і цэнтр. раёнах.
Даўж. цела 3,5—4,5 см (зрэдку да 6), маса 3—10 г. Спіна светла-шэрая, бураватая з цёмнымі плямамі, бруха ярка-аранжавае або чырвонае з сінявата-чорнымі плямамі. Скура з бародаўкамі, што выдзяляюць едкі сакрэт Актыўная днём і вечарам. Карысная. Корміцца воднымі беспазваночнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСХВО́СТЫЯ ЗЕМНАВО́ДНЫЯ (Anura, Ecaudata),
атрад земнаводных. 19 сям., 297 родаў, каля 3500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць пераважна на паверхні зямлі, часткова ў глебе (рыючыя), на дрэвах. На Беларусі 10 відаў: жабы — азёрная, вастрамордая, сажалкавая, травяная; жарлянка чырванабрухая; квакша звычайная; рапухі — зялёная, чаротавая, шэрая; часночніца.
Даўж. да 35 см. Тулава кароткае, шырокае, з нерухомай галавой (шыя невыразная), галава трохвугольная, хвост бывае толькі ў лічынкавай стадыі (у апалонікаў). Канечнасці добра развітыя, заднія ў 2—3 разы даўжэйшыя за пярэднія (прыстасаваныя да скачкоў). Самкі большасці бясхвостых земнаводных кладуць ікру ў ваду. Кормяцца насякомымі, лічынкамі камароў, дробнымі ракападобнымі. Карысныя. 22 віды ў Чырв. кнізе МСАП. Рапуха чаротавая (Bufo calamita) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.