у Беларусі, у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. Працягласць руднай зоны каля 10 км, магутнасць да 140 м. Руды — жалезістыя кварцыты (жалеза 26,2%), залягаюць у тоўшчы дакембрыйскіх гнейсаў крышт. фундамента на глыб. 216—300 м. Рудныя гарызонты (4—35 м) перамяжаюцца з праслоямі пустых парод. Запасы руды ацэньваюцца ў 1,5 млрд.т. Радовішча не распрацоўваецца (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАСЁЛКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ЖАЛЕ́ЗНЫХ РУД.
Знаходзіцца каля в. Навасёлкі Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Выяўлена ў 1966 сярод дакембрыйскіх парод Бел. антэклізы. Складаецца з ільменіт-магнетытавых руд. Перспектыўныя запасы 165 млн.т. Рудная зона (даўж. 1200 м, магутнасць 90—180 м) прадстаўлена серыяй пакладаў сярод габроідных інтрузій. Найб. багатыя жал. руды выяўлены ў цэнтр.ч. радовішча, дзе яны залягаюць у выглядзе трох рудных цел з маламагутнымі праслоямі больш беднай руды. Магутнасць багатых руд да 63 м. Глыбіня залягання да 150 м. Жал. руды маюць да 75—85% магнетыту і ільменіту, 23—35,7% жалеза, да 10% апатыту. Ускрышныя пароды складзены з верхнепратэразойскіх і мезазойскіх адкладаў (мел, гліны, пяскі, супескі). Пакуль не мае прамысл. значэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДА́,
прыроднае мінеральнае ўтварэнне, што мае ў сабе металы або іх злучэнні ў канцэнтрацыях, эканамічна выгадных для іх прамысл. здабычы. Р. наз. таксама некат. неметалічныя карысныя выкапні, напр., азбеставая, барытавая, графітавая, серная, агранамічная. Вылучаюцца Р.: прыродна багатыя, бедныя (патрабуюць абагачэння), монамінеральныя (складаюцца з аднаго мінералу), полімінеральныя (некалькі каштоўных і інш. мінералаў), комплексныя (пры наяўнасці ў Р. спадарожных каштоўных кампанентаў). Паводле хім. саставу адрозніваюць Р. сілікатныя, крамяністыя, аксідныя, сульфідныя, карбанатныя і мяшаныя. Найб. пашыраны Р. жалезныя, поліметалічныя, медныя. На Беларусі існуюць ільменіт-магнетытавыя Р. (Навасёлкаўскае радовішча жалезных руд), жалезістыя кварцыты (Аколаўскае радовішча жалезных руд), праяўленні даўсаніту — Р. на алюміній і соду (на Заазёрнай і Асташкавіцкай плошчах Прыпяцкага прагіну); з агранамічных Р. найб. значэнне маюць калійныя солі, даламіты, мел, фасфарыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНІ́ЙСКІ КО́МПЛЕКС, сіній (ад позналац. Sina Кітай),
комплекс горных парод верхняга дакембрыю, адпавядае большай ч.рыфею. Вылучаны ням. геолагам Ф.Рыхтгофенам у 1882 на тэр. Кітая. Складзены ўнізе з кварцытаў, сланцаў і андэзітавых лаваў, уверсе пераважна з вапнякоў і даламітаў са страматалітамі. Магутнасць 8 тыс.м. У бас.р. Янцзы С.к. уключае характэрную пачку ледавіковых кангламератаў — тылітаў. З адкладамі С.к. звязаны радовішчы жалезных і марганцавых руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРАДЗІ́Т (ад грэч. skorodon часнок; ад часночнага паху, што ўзнікае пры ўдары па мінерале),
мінерал класа арсенатаў прыродных, гідрат арсеніду жалеза, Fe [As O4]∙2H2O. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі, утварае зямлістыя масы, рэдка крышталі пірамідальныя, прызматычныя, таблітчастыя. Колер шаравата-зялёны, зеленавата-буры. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,3 г/см³. Крохкі. Паходжанне гіпергеннае. Трапляецца ў жалезных шапках, у зонах акіслення рудных радовішчаў, вакол некат. тэрмальных крыніц у Аўстраліі, Францыі, Грэцыі, Вялікабрытаніі, Намібіі, Бразіліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААЛІ́ТЫ [ад аа... + літ(ы)],
шара- або эліпсападобныя мінер. ўтварэнні з вуглякіслага кальцыю, вокіслаў і сілікатаў жалеза і марганцу, кальцыту, даламіту і інш. Памер ад 0,05 да 25 мм, канцэнтрычна-шкарлупінападобнай, часам радыяльна-прамяністай і складанай будовы. Ядром аалітаў могуць быць абломкі ракавін, пясчынкі і інш. Утвараюцца ў морах, цёплых крыніцах у выніку калоідна-хім. і біяхім. працэсаў. Трапляюцца ў вапняках і як разнавіднасць жалезных рудаў. На Беларусі ёсць у адкладах кембрыю, ардовіку, дэвону, юры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМАНІ́Т (ад грэч. leimōn луг),
аморфная або схаванакрышталічная сумесь гідраксідаў жалеза — гётыту, гідрагётыту, гідрагематыту, лепідакракіту з дамешкамі інш. мінералаў. Колер буры да жоўтага. Цв. 1—5,5. Шчыльн. 2,7—4,3 кг/м³. Паходжанне гіпергеннае або асадкавае. Развіты ў зонах акіслення рудных радовішчаў, латэрытных корах выветрывання, у асадкавых адкладах. Трапляецца ў выглядзе бурых зямлістых або нацёчных мас. Намнажэнні Л. ўтвараюць радовішчы жалезных руд высокай якасці. Трапляецца ў складзе бурых жалезнякоў, балотнай руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІДЭРЫ́Т (грэч. sidēritis, ад sidēros жалеза),
жалезны шпат, мінерал класа карбанатаў, карбанат жалеза, FeCO3. Мае ў сабе аксід жалеза FeO да 62,1%, прымесі магнію, марганцу, кальцыю. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя агрэгаты, канкрэцыі, зямлістыя масы, нацёчныя формы, зрэдку крышталі ромбаэдрычныя, таблітчастыя, прызматычныя і інш. Колер жаўтавата-белы, у акісленага С. — карычневы да чорнага з чырв. адценнем. Цв. 4. Шчыльн. З,96 г/см³. Паходжанне асадкавае, гідратэрмальнае метамарфічнае. Гал. мінерал жалезных руд. Радовішчы ў Расіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Аўстрыі, на Украіне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я АДКЛА́ДЫ, акіянскія адклады,
донныя асадкі марскіх вадаёмаў. Тэрмін выкарыстоўваецца таксама адносна асадкаў Сусветнага акіяна. Паводле генезісу падзяляюцца на тэрыгенныя, біягенныя, вулканагенныя, хемагенныя і полігенныя; па глыбіні ўтварэння — на літаральныя, нерытавыя, батыяльныя і абісальныя. Выкапнёвыя М.а. ператвораны працэсамі дыягенезу ў горныя пароды. Да М.а. адносяцца большасць вапнякоў, даламітаў, мергеляў і крамяністых парод, значная ч.глін, аргілітаў, алеўралітаў, пясчанікаў, кангламератаў, фасфарытаў, жалезных руд, марганцавых руд, гаручых сланцаў і інш. Састаў і размяшчэнне М.а. на паверхні Зямлі залежаць у асн. ад тэктанічнага рэжыму і кліматычных умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАТЫ́Т [ад грэч. haima (haimatos) кроў],
чырвоны жалязняк, мінерал падкласа простых аксідаў, аксід жалеза Fe2O3. Прымесі тытану (да 11%), алюмінію (да 14%), марганцу (да 17%) і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі пласціністыя, таблітчастыя, часта ў суцэльных скрытакрышт. масах, ліставатых ці лускападобных агрэгатах, у псеўдамарфозах па магнетыцы (мартыт). Колер чырванавата-карычневы да чорнага. Бляск паўметалічны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. Каля 5,3 г/см³. Па паходжанні метамарфічны, гіпергенавы і інш.Асн. радовішчы ў жалезістых крыніцах. Адна з найважнейшых жалезных руд. Выкарыстоўваецца для вытв-сці фарбаў (чырв. охра) і абразіўных парашкоў. На Беларусі як акцэсорны мінерал трапляецца ў пародах крышт. фундаменту, у адкладах рыфею і венду, дэвону, карбону, пярмі і трыясу, кайназою.