МАЦЬЕ́ (Міліца Эдвінаўна) (24.7.1899, с. Мартьшікіна Ленінградскай вобл. — 8.4.1966),
расійскі гісторык-егіптолаг, мастацтвазнавец, філолаг. Засл. дз. маст. Расіі (1964). Д-р гіст. н. (1945). Скончыла Петраградскі ун-т (1922). З 1920 працавала ў Эрмітажы, выкладала ў Ленінградскім ун-це (з 1947 праф.). Даследавала помнікі стараж.-егіп. мастацтва і пісьменства. што захоўваюцца ў Эрмітажы, вызначала іх перыядызацыю, аўтарства і шляхі фарміравання маст. школ. Аўтар кніг «Мастацтва Сярэдняга царства» (1941), «Мастацтва Новага царства» (1947), «Старажытнаегіпецкія міфы» (1956), «У часы Неферціці» (1965) і інш.
Тв.:
Древнеегипетская скульптура в собрании Государственного Эрмитажа. М.; Л., 1969 (разам з І.А.Лапіс);
Искусство Древнего Египта. М., 1970.
В.Я.Буйвал.
т. 10, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСПЕРО́ ((Maspéro) Гастон Каміль Шарль) (23.6.1846, Парыж — 30.6.1916),
французскі гісторык, егіптолаг. Бацька А.Масперо. Чл. франц. Акадэміі надпісаў (1883, з 1914 вучоны сакратар). Вучыўся ў Вышэйшай нармальнай школе ў Парыжы і ў егіптолага А.Марыета. З 1873 праф. Калеж дэ Франс, у 1887—1916 — парыжскай Сарбоны. У 1881 заснаваў у Каіры ін-т усх. археалогіі, у 1881—86 і 1899—1914 дырэктар «Службы старажытнасцей» і Егіп. музея ў Каіры. Адкрыў у Егіпце стараж. тэксты на ўнутр. сценах пірамід Стараж. царства, сховішча мумій фараонаў XVII—XXII дынастый, шэраг помнікаў матэрыяльнай культуры. Аўтар прац па многіх галінах егіпталогіі (археалогія, стараж. мова, л-ра, мастацтва), фундаментальных даследаванняў: «Старажытная гісторыя народаў класічнага Усходу» (т. 1—3, 1895—99), «Даследаванні па егіпецкай міфалогіі і археалогіі» (т. 1—6, 1893—1912).
т. 10, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЛО́ЎСКІ ((Michałowski) Казімеж) (14.11.1901, г. Цярнопаль, Ўкраіна — 1.1.1981),
польскі археолаг, егіптолаг, гісторык мастацтва. Правадз. чл. Польскай АН (1952). Скончыў Львоўскі ун-т, вучыўся ў Зах. Еўропе і Каіры (Егіпет). У 1933—72 праф. Варшаўскага ун-та, стваральнік і кіраўнік кафедры міжземнаморскай археалогіі. У 1945—81 нам. дырэктара Нац. музея ў Варшаве, дзе стварыў Галерэю стараж. мастацтва. Узначальваў польскія археал. экспедыцыі ў Егіпце (Эдфу, Тэль-Атрыб, Александрыя і інш.), Крыме (Мірмекій), Сірыі (Пальміра), Судане (Фарас; адкрыты хрысц. сабор 8—12 ст.), на Кіпры, у Іраку і інш. Кіраваў у Дэйр-эль-Бахры (Верхні Егіпет) працамі па рэканструкцыі храма царыцы Хатшэпсут, раскопкамі ансамбля памінальнага храма Тутмоса III. Старшыня Міжнар. к-та экспертаў па выратаванні скальных храмаў у Абу-Сімбел (1963—71). Аўтар прац «Дэльфы» (1937), «Мірмекій» (1958), «Пальміра» (т. 1—5, 1960—66), «Фарас» (т. 1—3, 1962—65), «Не толькі піраміды» (1966), «Мастацтва Старажытнага Егіпта» (1968), «Як грэкі стваралі мастацтва» (1970) і інш.
Тв.:
Рус пер. — Пирамиды и мастабы. Варшава, 1973.
Н.К.Мазоўка.
т. 10, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)