Дэ-юрэ 4/370, 373

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ-Ю́РЭ (лац. de jure літар. паводле права),

у міжнародным праве поўнае, афіцыйнае і канчатковае прызнанне дзяржавы або ўрада. Гл. таксама Дэ-факта.

т. 6, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭА́КТА (лац. de facto літар. на справе),

у міжнародным праве адна з форм прызнання дзяржавы або ўрада, якая азначае афіцыйнае, але не канчатковае прызнанне. Звычайна прызнанне дэ-факта мае на ўвазе наступленне пэўных прававых вынікаў, але яно мае часовы характар і з’яўляецца пераходным этапам да прызнання дэ-юрэ.

т. 6, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНУЭ́ЗСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1922,

міжнародная канферэнцыя па эканам. і фін. пытаннях. Асн. яе мэта — пошукі шляхоў эканам. аднаўлення Цэнтр. і Усх. Еўропы пасля 1-й сусв. вайны. Адбылася 10.4—19.5.1922 у г. Генуя (Італія). Удзельнічалі 29 дзяржаў (у т. л. РСФСР) і 5 дамініёнаў Вялікабрытаніі. Дэлегацыя Сав. Расіі (узначальваў Г.​В.​Чычэрын) прадстаўляла на Генуэзскай канферэнцыі інтарэсы і інш. сав. рэспублік, у т. л. БССР. Прадстаўнікі вядучых краін Еўропы запатрабавалі ад Сав. Расіі прызнаць усе даўгі і фінансавыя абавязацельствы царскага і Часовага ўрадаў, вярнуць нацыяналізаваныя прадпрыемствы замежным уладальнікам, адмяніць манаполію знешняга гандлю. Дэлегацыя РСФСР адхіліла гэтыя прэтэнзіі і патрабавала кампенсаваць ёй страты ад іншаземнай інтэрвенцыі і эканам. блакады. Сав. дэлегацыя не дамаглася анулявання даўгоў, атрымання крэдытаў, прызнання Сав. дзяржавы дэ-юрэ. Але яна заключыла 16.4.1922 у Рапала (каля Генуі) дагавор паміж РСФСР і Германіяй, які аднаўляў паліт., дыпламат. і эканам. сувязі паміж імі. У лютым 1922 умовы Рапальскага дагавора распаўсюджаны і на БССР, Германія была другой пасля Польшчы і апошняй замежнай краінай, якая прызнала БССР дэ-юрэ.

Імкнучыся выкарыстаць Генуэзскую канферэнцыю, каб дамагчыся міжнар. прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада міністраў БНР адправіла ў Геную дэлегацыю ў складзе старшыні Рады міністраў В.​Ластоўскага і міністра замежных спраў А.​Цвікевіча. Перад ёй былі пастаўлены задачы: узняць пытанне аб пераглядзе Рыжскага мірнага дагавора 1921; дамагчыся ўключэння ў парадак дня Генуэзскай канферэнцыі пытанняў аб незалежнасці Беларусі, аб кампенсацыі страт, нанесеных Беларусі 1-й сусв. вайной. Бел. пытанне разглядалася на паліт. камісіі канферэнцыі, але на пленарнае пасяджэнне вынесена не было.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 5, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКДО́НАЛЬД ((Macdonald) Джэймс Рамсей) (12.10.1866, г. Лосімут, Вялікабрытанія — 9.11.1937),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. У 1885 уступіў у С.-д. федэрацыю, у 1886 — у Фабіянскае т-ва. З 1894 чл. Незалежнай рабочай партыі, у 1906—09 яе старшыня. З 1900 чл. Лейбарысцкай партыі Вялікабрытаніі (да 1906 наз. К-т рабочага прадстаўніцтва), у 1900—12 яе сакратар, у 1912—24 — казначэй. З 1906 дэп. палаты абшчын брыт. парламента. У час 1-й сусв. вайны прытрымліваўся пацыфізму. У 1924 і 1929—31 прэм’ер-міністр першых лейбарысцкіх урадаў Вялікабрытаніі, у 1931—35 — яе кааліцыйнага ўрада (у сувязі з чым выйшаў з Лейбарысцкай партыі і заснаваў Нацыянал-лейбарысцкую партыю). Спрыяў прыняццю Даўэса плана ў адносінах да Германіі (1924). У лют. 1924 урад М. дэ-юрэ прызнаў СССР, восенню 1929 аднавіў з ім дыпламат. адносіны, разарваныя ў 1927 кансерватыўным урадам С.Болдуіна.

т. 9, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)