КАВА́ЛЬСКА-ПРЭ́САВАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

галіна металаапрацоўкі па вырабе метал. дэталей ціскам, пераважна коўкай, штампоўкай і прасаваннем. Пашырана на машына-, станка- і прыладабудаўнічых з-дах. Шырокае выкарыстанне К.-п.в. абумоўлена здольнасцю металаў і сплаваў пластычна дэфармавацца без разбурэння. Пластычная дэфармацыя з наступнай тэрмічнай апрацоўкай надае вырабам неабходныя ўласцівасці. Гл. таксама Апрацоўка металаў ціскам.

т. 7, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ЧНАСЦЬ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,

уласцівасць пароды неабарачальна дэфармавацца без мікраскапічных парушэнняў суцэльнасці пад уздзеяннем мех. нагрузкі; яна павялічваецца з ростам т-ры і ціску. Найб. пластычныя горныя пароды — гліны, графіт, каменная соль і інш. Пад ціскам 0,98—1,96 МПа граніт і дыябаз робяцца пластычнымі. Пластычнасць гліністых парод залежыць ад вільготнасці пароды, дысперснасці, мінер. саставу і інш., характарызуецца межамі пластычнасці (верхняй — мяжа цякучасці і ніжняй — мяжа раскочвання) і лікам пластычнасці (рознасць вільготнасці верхняй і ніжняй мяжы). У інж.-геал. практыцы грунты паводле ліку пластычнасці падзяляюць на групы: гліны (>17), суглінкі (17—7), супескі (7—0), пяскі (0).

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЗУ́ЧАСЦЬ матэрыялаў, уласцівасць матэрыялу павольна і бесперапынна пластычна дэфармавацца пад уздзеяннем пастаяннай мех. нагрузкі — напружання механічнага. Назіраецца пры расцяжэнні, сцісканні, кручэнні і інш. відах дэфармацый. Залежыць ад т-ры, мех. нагрузкі, саставу і структуры матэрыялу. Вывучаецца тэорыямі цячэння, умацавання, спадчыннасці (гл. Паўзучасці тэорыя). Фіз. механізм П. такі ж, як і пластычнасці.

П. характарызуецца скорасцю і тэхн. мяжой П. — напружаннем, пры якім гэтая скорасць або сумарная дэфармацыя не перавышае пэўнага дапушчальнага значэння Апісваецца крывой паўзучасці, якая паказвае залежнасць дэфармацыі ад часу пры пастаянных т-ры і прыкладзенай нагрузцы. Эксперыментальна даследуецца на спец. устаноўках, у якіх узор матэрыялу награваюць у спец. камеры і выпрабоўваюць на розныя віды дэфармацый. У пэўнай ступені П. уласцівая ўсім цвёрдым матэрыялам (асабліва пры т-рах, больш за 0,4—0,5 т-ры плаўлення), у шэрагу матэрыялаў (алюміній, свінец, бетон і інш.) яна значная нават пры пакаёвых т-рах. Высокае супраціўленне П. — адзін з фактараў, што вызначаюць гарачатрываласць (гл. Гарачатрывалыя матэрыялы). Супраціўленне П. павышаюць арміраваннем, легіраваннем, умацаваннем і інш.

Літ.:

Малинин Н.Н. Прикладная теория пластичности и ползучести. 2 изд. М., 1975;

Колтунов М.А. Ползучесть и релаксация. М., 1976;

Работнов Ю.Н. Элементы наследственной механики твердых тел. М., 1977.

І.​І.​Леановіч.

Крывая паўзучасці: AB — участак паўзучасці, якая яшчэ не ўстанавілася; BC — участак дэфармацыі, што ідзе з пастаяннай скорасцю; CD — участак паскоранай паўзучасці; E0 — пачатковая дэфармацыя; пункт D — момант разбурэння.

т. 12, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)