Дэтанацыя 2/291, 374; 3/181; 4/369, 499

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТАНА́ЦЫЯ,

1) хуткі працэс хім. ператварэння выбуховага рэчыва (ВР), які суправаджаецца выдзяленнем цеплыні і газападобных прадуктаў і распаўсюджваецца са звышгукавой скорасцю (у цвёрдых і вадкіх ВР да 9 км/с).

Пры Д. ўзнікае ўдарная хваля, што сціскае і награвае ВР і стварае ўмовы для працякання хім. рэакцый, энергія якіх у сваю чаргу падтрымлівае ўдарную хвалю і забяспечвае пастаянства скорасці яе распаўсюджвання. Пры Д. імгненна ўтвараецца значная колькасць газаў з высокім ціскам (для тратылу 20 ГПа). Д. выклікаецца дэтанатарам, эл. разрадам і інш. Пры расшырэнні сціснутых прадуктаў адбываецца выбух.

2) Хуткі, блізкі да выбуху працэс гарэння паліўнай сумесі ў поршневых рухавіках унутр. згарання з іскравым запальваннем. Суправаджаецца ўзнікненнем ударных хваль, няўстойлівай работай рухавіка (метал. стук у цыліндры, дымны выкід, перагрэў, знос дэталей і інш.). Узнікае пры неадпаведнасці паліва канструкцыі або рэжыму работы рухавіка. Устойлівасць бензінаў да Д. павышаюць выкарыстаннем антыдэтанатараў.

Да арт. Дэтанацыя. Схема дэтанацыйнай хвалі: 1 — размеркаванне ціску ў хвалі; 2 — фронт ударнай хвалі; 3 — прадукты хімічнай рэакцыі; 4 — зона хімічнай рэакцыі; 5 — выбуховае рэчыва.

т. 6, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РЫШ ((Norrish) Рональд Джордж Рэйфард) (9.11.1897, г. Кембрыдж, Вялікабрытанія — 7.6.1978),

англійскі фізікахімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1936). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1925), дзе і працаваў (з 1937 праф.). Навук. працы па кінетыцы хім. працэсаў у газавай фазе (фотахім., дэтанацыя). Распрацаваў метад даследавання быстрых хім. рэакцый і іх кароткажывучых прадуктаў (метад імпульснага фатолізу), стварыў устаноўку імпульснага фатолізу (разам з Дж. Портэрам; 1950), што дазволіла атрымаць спектры паглынання многіх простых свабодных радыкалаў, даследаваць механізм іх ператварэнняў, даказаць існаванне быстрых рэкамбінацыйных працэсаў. Нобелеўская прэмія 1967 (разам з Портэрам, М.Эйгенам).

Р.Норыш.

т. 11, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЗА́НТНЫЯ ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

другасныя выбуховыя рэчывы, асноўны рэжым выбуховага ператварэння якіх — дэтанацыя. Паводле саставу падзяляюць на індывідуальныя злучэнні і сумесі.

Большасць індывідуальных брызантных выбуховых рэчываў — араматычныя нітразлучэнні (найважнейшыя — трынітраталуол і трынітрабензол), нітраміны (гексаген, акгаген), нітраэфіры (нітрагліцэрын, нітраты цэлюлозы). Сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы — сплавы нітразлучэнняў, мех. сумесі нітразлучэнняў і іх сплаваў з інш. рэчывамі (напр., алюматол), сумесі нітрату амонію з нітразлучэннямі (аманіты) і з невыбуховым гаручым (дынамоны), сумесі на аснове вадкіх нітратаў (напр., дынаміты).

Выкарыстоўваюць у горнай прам-сці, пры апрацоўцы металаў выбухам, у сейсмаразведцы, у ваен. тэхніцы для вытв-сці боепрыпасаў.

Літ.:

Орлова Е.Ю. Химия и технология бризантных взрывчатых веществ. 3 изд. Л., 1981.

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)