ДЭМАГО́Г (грэч. dēmagōgos літар. правадыр народа),
у Старажытнай Грэцыі, асабліва ў Афінах, кіраўнік паліт. групоўкі дэмакр. кірунку, які вёў за сабой народ. У канцы 5—4 ст. да н.э. тэрмін «Д.» набыў адмоўны сэнс і стаў абазначаць паліт. дзеяча, які імкнецца здабыць сабе папулярнасць шляхам падману і хлусні.
т. 6, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУЛІ́ЗМ (франц. populisme ад лац. populus народ),
арыентацыя суб’ектаў палітыкі (паліт. дзеячаў, партый) на паліт. ідэі шырокіх мас, незадаволеных сац. рэчаіснасцю. З’явіўся з развіццём капіталізму сярод «прамежкавых» паміж пралетарыятам і буржуазіяй пластоў грамадства, звычайна яго носьбіты — сяляне, фермеры, дробныя прадпрымальнікі, частка рабочых, люмпенаў і інш. Пераважна развіваецца ў эпоху сац. крызісаў. Напр., разнавіднасцю П. лічаць рас. народніцтва 19 ст. У ЗША партыя папулістаў (1891—1900) узнікла як альянс фермерскіх і рабочых арг-цый. П. пашырыўся ў многіх краінах Афрыкі і Азіі ў перыяд іх барацьбы за вызваленне ад калан. залежнасці. Папулісцкімі лідэрамі былі Сунь Ятсен у Кітаі, М.К.Гандзі ў Індыі, Сукарна ў Інданезіі і інш. У аснове П. ідэя роўнасці, роўных магчымасцей для ўсіх пластоў насельніцтва задавальняць свае жыццёвыя і грамадска-паліт. патрэбы. Адрозніваюць П. рэальны і спекуляцыйны. Рэальны П. — правядзенне правячай элітай палітыкі, накіраванай на абмежаванне пануючых сац. сіл (буйных капіталістаў і зямельных уласнікаў) на карысць шырокіх нар. мас (напр., палітыка прэзідэнта Чылі С.Альендэ Госенса ў 1970—73). Спекуляцыйны П. — паддобрыванне народа на ўзроўні лозунгаў дзеля прыходу да ўлады або яе ўтрымання, дасягнення карыслівых мэт і г.д. Гэтая форма П. асабліва характэрна для аўтарытарных, таталітарных, фаш. і інш. падобных рэжымаў. Такі П. — адзін з відаў сац. і паліт. дэмагогіі (гл. Дэмагог), маніпуліравання свядомасцю маладасведчаных людзей, галасамі выбаршчыкаў і г.д. Тэрмін П. (у спекуляцыйным значэнні) выкарыстоўваюць (часта ўзаемна) розныя паліт. партыі і плыні, каб абвінаваціць сваіх праціўнікаў.
т. 12, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)