помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1801 з цэглы. У 1908 на ПдУ ад касцёла пастаўлена 2-ярусная мураваная званіца. Храм прамавугольны ў плане, з крыху выступаючым трансептам і паўцыркульнай апсідай. Гал. (паўд.) фасад завершаны трыгліфным фрызам з развітым карнізам, над якім атыкавы франтон з паўкруглым аконным праёмам у тымпане. Бакавыя фасады дэкарыраваны рустоўкай і завершаны прафіляваным карнізам. На сценах, скляпеннях асн. аб’ёму і алтарнай ч. жывапісныя кампазіцыі на біблейскія тэмы і дэкар.-арх. размалёўка, якая стварае ілюзорнае ўяўленне прасторы. Драўляны разны алтар 2-ярусны, расчлянёны калонамі карынфскага ордэра, дэкарыраваны накладной пазалочанай разьбой і скульптурай. Захаваўся абраз 17 ст. «Маці Божая з дзіцем» (перанесены з капліцы в. Мачульна ў 1945).
В.В.Церашчатава, Т.І.Чарняўская.
Роскі Троіцкі касцёл.Роскі Троіцкі касцёл. Фрагмент галоўнага алтара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 1880 у Оршы на месцы царквы 1460 на левым беразе Дняпра.
Храм крыжова-купальнай кампазіцыі з 5-граннай апсідай і шатровай званіцай. Фасады дэкарыраваны філёнгамі, раскрапоўкамі, карнізамі, какошнікамі. Цэнтр. частка асн. аб’ёму завершана купалам. Тэр. царквы абнесена каменнай агароджай з брамай, вуглавымі вежамі і контрфорсамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ ЦАРКВА,
помнік архітэктуры з элементамі рэнесансу ў Мінску. Пабудавана ў пач. 17 ст. разам з Мінскім Петрапаўлаўскім манастыром правасл. брацтвам на скрыжаванні вуліц Нямігі і Ракаўскай. У 1793—95 адрамантавана і перайменавана ў Кацярынінскую (вядома і пад назвай Жоўтая), У 1870—71 перабудавана (зменены завяршэнні 2 вежаў на гал. фасадзе). Перабудовы былі і ў 1-й пал. 20 ст. (зняты купал, зроблена прыбудова). Мураваная 3-нефавая 6-стаўповая базіліка з 5-граннай апсідай і 2 вежамі. Гал. фасад 3-часткавы: цэнтр.ч. завершана высокім трохвугольным франтонам, над уваходам вял. паўцыркульнае акно; 2 бакавыя ч.дэкарыраваны неглыбокімі нішамі паўцыркульнага і прамавугольнага абрысу, фланкіраваны 3-яруснымі вежамі-званіцамі, якія завершаны шлемападобнымі купаламі. Над апсідай — франтон асн. аб’ёму з люкарнай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, паміж імі ў неглыбокіх нішах спараныя паўцыркульныя аконныя праёмы. Сцены завершаны тонкапрафіляваным карнізам. Побач з царквой захаваўся царк. дом 19 ст. Храм пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну. У 1972—79 рэстаўрыраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАГА ДУХО́ЎНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры неакласіцызму. Пабудаваны ў Віцебску ў 1890 (арх. А.Кляменцьеў). Мураваны 3-павярховы Г-падобны ў плане будынак. Гал. і бакавыя фасады вылучаны 3 рызалітамі з трохвугольнымі франтонамі ў завяршэнні; іх паверхні багата дэкарыраваны рустыкай, паўцыркульнымі нішамі, канелюраванымі калонкамі і інш. Цяпер у будынку маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ун-та і інш. ўстановы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЙ МІКАЛА́ЕЎСКАЙ ЦАРКВЫ́ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры барока ў Магілёве. У комплексе мураваныя Мікалаеўская і Ануфрыеўская цэрквы, жылы дом (шпіталь), званіца, капліца, агароджа з брамай. Мікалаеўская царква. У 1636 кароль Уладзіслаў IV даў прывілей мітрапаліту П.Магіле на буд-ва ў Магілёве царквы св. Мікалая. Напачатку ўзведзены драўляныя царква і манаскія келлі. У 1669—72 пабудавана мураваная царква — трохапсідная крыжова-купальная базіліка з 8-гранным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам над сяродкрыжжам. Гал. фасад падзелены карнізам на 3 гарыз. ярусы і завершаны 2 вежамі з фігурным франтонам паміж імі. 1-ы ярус масіўны, аздоблены 3 паўцыркульнымі нішамі, 2-і — «глухой» аркатурай з ляпным расл. арнаментам і спаранымі нішамі з гіркамі, у 3-м такі ж аркатурны матыў больш насычаны дэкар. аздобай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, крылы трансепта завершаны фігурнымі шчытамі. У інтэр’еры 4-ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота) работы мясц. майстроў, фрэскавая кампазіцыя «Тройца новазапаветная» (канец 17 ст.), сюжэтны і арнаментальны жывапіс 1-й пал. 18 — пач. 19 ст. Размалёўкі зроблены ў тэхніцы фрэскі і клеявымі фарбамі (захаваліся фрагментарна). Ануфрыеўская царква («цёплая», зімовая) пабудавана ў 1798. Уяўляе сабой крыжова-купальны аб’ём, над сяродкрыжжам — светлавы цыліндрычны барабан, завершаны сферычным купалам. Крылы трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі і дэкарыраваны пілястрамі. Жылы дом узведзены ў 17 ст. як шпіталь і царк. жылы дом. 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Тарцовы фасад завершаны шчытом фігурнага абрысу і дэкарыраваны 3 спаранымі арачнымі нішамі. Агароджа з брамай будаваліся ў 17—18 ст. Агароджа мае 2 уваходы, зах. — гал. ўязная брама з лучковым праёмам. У паўд.-ўсх. баку ўбудавана 1-павярховая квадратная ў плане шатровая капліца. Званіца пабудавана ў 17—18 ст. Квадратнае ў плане 2-яруснае збудаванне з высокім шатровым дахам. Комплекс пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, цяпер на рэстаўрацыі. Некат. памяшканні комплексу займае жаночы манастыр. Таксама тут знаходзіцца рэзідэнцыя архіепіскапа магілёўскага і мсціслаўскага Максіма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЙ МУЖЧЫ́НСКАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,
помнік грамадзянскай архітэктуры. Пабудаваны ў 1905 у Брэсце па праекце інжынера А.А.Траццякова.
Першапачаткова П-падобны ў плане 2-павярховы аб’ём, пазней надбудаваны 3-і паверх. Гал. фасад мае 3-часткавую кампазіцыю, у цэнтры і па краях завершаны трохвугольнымі франтонамі над рызалітамі. Сцены дэкарыраваны цаглянай муроўкай арак, франтонаў, нішаў, машыкуляў. Другі паверх завершаны магутным карнізам на кранштэйнах. У будынку размешчаны навуч. корпус пед. ін-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-АДМІНІСТРА́ТАРА,
помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў Гродне, мае рысы стыляў барока і класіцызму. Уваходзіў у арх. ансамбль Гарадніцы. Двухпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак з вальмавым дахам. Гал. фасад аздоблены лапаткамі, філёнгамі і нішамі, па баках раскрапаваны плоскімі рызалітамі. Больш нізкі 2-і паверх аддзелены карнізным поясам і багата дэкарыраваны. Архітэктурная выразнасць дасягаецца рэгулярным рытмам прамавугольных аконных праёмаў. Першапачатковая планіроўка і аздабленне інтэр’ераў парушаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ ЗВОН,
помнік бел.ліцця мастацкага. Адліты з бронзы 20.9.1748 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. на медналіцейным з-дзе М.Чабана для царквы Параскевы Пятніцы. Выш. 62 см, найб. дыяметр 65 см. Дэкарыраваны трыма арнаментаванымі паясамі: у верхнім — вязь з выявамі гронак ягад і трохпялёсткавых кветак; у сярэднім — дата адліўкі звона і выява герба Рас. імперыі; у ніжнім — вязь са шчыльна пераплеценых расл. элементаў і выяў анёлаў. Зберагаецца ў Крычаўскім краязнаўчым музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБІ́-ХАНЫ́М,
ансамбль архітэктурных помнікаў пач. 15 ст. ў Самаркандзе. Уключае грандыёзную саборную мячэць Цімура, пабудаваную ў 1399—1404. Захаваліся рэшткі манументальнага ўваходу-пештака з мінарэтамі, гал. і бакавых будынкаў, перакрытых купаламі. Мячэць мела двор (78×64 м), абведзены галерэямі з 389 купаламі і аркамі на мармуровых калонах; была багата ўпрыгожана кафляй, разным мармурам, размалёўкай. Насупраць мячэці ўзвышалася медрэсэ Сараі-Мульк-Ханым (захаваўся вуглавы 8-гранны маўзалей, дэкарыраваны кафляй і размалёўкай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАГА ТЭХНІ́ЧНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры стылю мадэрн. Пабудаваны ў пач. 20 ст. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Кампазіцыю гал. фасада ствараюць 2 бакавыя рызаліты і павышаная цэнтр. частка. Актыўнымі элементамі фасада з’яўляюцца вял. лучковыя вокны і цэнтр. ўваход, дэкарыраваны круглым вітражом. Ліштвы падкрэсліваюць крывалінейную форму аконных праёмаў, у 1-м і 2-м паверхах бакавых рызалітаў аб’яднаны ў агульную дэкар. раму з перакрыжаваных гарыз. і верт. чляненняў.