ДЭКАЛІ́Н, дэкагідранафталін,

біцыклічны насычаны вуглевадарод, C10H18. Бясколерная вадкасць. Існуюць 2 ізамеры з розным размяшчэннем цыклаў у прасторы: транс-Д. (tкіп 187,237 °C, шчыльн. 869,7 кг/м³) і цыс-Д. (tкіп 195,774 °C, шчыльн. 896,7 кг/м³). Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў метаноле і этаноле. Тэхн. (сумесь 60% цыс- і 40% транс-Д.) атрымліваюць каталітычным гідрыраваннем нафталіну. Выкарыстоўваюць як растваральнік тлушчу, гумы, каўчуку, сінт. смол, лакафарбавых матэрыялаў; растваральнік і стабілізатар крэмаў для абутку і воскаў для падлогі; заменнік жывіцы.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАЛІ́Н,

кандэнсаваны араматычны вуглевадарод, С10Н8. У малекуле Н. 2 кандэнсаваныя бензольныя кальцы (гл. Араматычныя злучэнні).

Бясколерныя крышталі з характэрным пахам, tпл 80,3 °C. Добра раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, ацэтоне, бензоле, мала — у вадзе. Лёгка ўзганяецца (пры 50 °C). Праяўляе араматычныя ўласцівасці; гідрагенізуецца часткова або поўнасцю (утвараюцца тэтралін і дэкалін), акісляецца з раскрыццём аднаго з цыклаў. Атрымліваюць з каменнавугальнай смалы і прадуктаў піролізу нафты. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. прам-сці (для атрымання фталевага ангідрыду, нафтолаў, тэтраліну, дэкаліну і інш.), а таксама ў вытв-сці азафарбавальнікаў, пластыфікатараў, паверхнева-актыўных рэчываў, лек. сродкаў, як інсектыцыд. ГДК 20 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 11, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)