ДЭКАЛІ́Н, дэкагідранафталін,

біцыклічны насычаны вуглевадарод, C10H18. Бясколерная вадкасць. Існуюць 2 ізамеры з розным размяшчэннем цыклаў у прасторы: транс-Д. (tкіп 187,237 °C, шчыльн. 869,7 кг/м³) і цыс-Д. (tкіп 195,774 °C, шчыльн. 896,7 кг/м³). Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў метаноле і этаноле. Тэхн. (сумесь 60% цыс- і 40% транс-Д.) атрымліваюць каталітычным гідрыраваннем нафталіну. Выкарыстоўваюць як растваральнік тлушчу, гумы, каўчуку, сінт. смол, лакафарбавых матэрыялаў; растваральнік і стабілізатар крэмаў для абутку і воскаў для падлогі; заменнік жывіцы.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)