ЖАМЧУГО́ВА (сапр. Кавалёва) Праскоўя Іванаўна

(31.7.1768, в. Беразіно Яраслаўскай вобл., Расія — 7.3.1803),

руская актрыса, спявачка (сапрана). Прыгонная графа Н.​П.​Шарамецева, у 1798 атрымала вольную, у 1801 стала яго жонкай. Спевам вучылася ў Л.​Сандуновай. У 1779—97 выступала ў шарамецеўскім т-ры. Валодала моцным гнуткім голасам прыгожага цёплага тэмбру і вял. дыяпазону, драм. талентам. У яе рэпертуары (каля 50 роляў) найб. вылучаліся партыі трагедыйнага плана: Эліяна, Люсіль («Самніцкія шлюбы», «Люсіль» А.​Грэтры), Луіза, Аліна («Дэзерцір», «Аліна, каралева Галкондская» П.​А.​Мансіньі), Зелміра («Узяцце Ізмаіла» В.​Казлоўскага) і інш.

Літ.:

Маринчик П.Ф. Недопетая песня: Необычайная жизнь П.​И.​Жемчуговой. Л.;

М., 1965.

т. 6, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБЕРВА́ЛЬ (Dauberval, D’Auberval; сапр. Бершэ; Bercher) Жан (19.8.1742, г. Манпелье, Францыя — 14.2.1806), французскі артыст балета, балетмайстар. Вучань і паслядоўнік рэфарматара танца Ж.Ж.Навера. Дэбютаваў у Парыжскай оперы ў 1761, у 1770—83 яе саліст. Віртуозны танцоўшчык паўхарактарнага жанру. Сярод партый: Паляк («Галантная Індыя» Ф.​Рамо), антрэ Зямлі («Стыхіі» А.​Дэтуша), Крэон («Медэя і Ясон» Ж.​Ж.​Радольфа). У 1789—92 выступаў і ставіў балеты ў Бардо (Францыя) і Лондане. Яго лепшы балет «Марная перасцярога» на зборную музыку (1789) захаваўся ў рэпертуары да нашага часу. Сярод інш. пастановак: «Пігмаліён» Ж.​Ж.​Русо, «Дэзерцір» на муз. П.​А.​Мансіньі, «Легкадумны паж», «Тэлемак на востраве Каліпса». У творчасці спалучаў танец з пантамімай, шырока выкарыстоўваў нар. і быт. танец.

т. 5, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУДО́ЎКІН Усевалад Іларыёнавіч (28.2.1893, г. Пенза, Расія —30.6.1953),

расійскі кінарэжысёр, акцёр, тэарэтык кіно; адзін з заснавальнікаў сав. кінематаграфіі. Нар. арт. СССР (1948). Скончыў Маскоўскі ун-т (1914), у 1922—24 вучыўся ў Дзяржкінашколе. Першыя пастаноўкі — «Шахматная гарачка» (1925, разам з М.​Шпікоўскім) і «Механіка галаўнога мозга» (1926). Стварыў этапную для сав. кіно трылогію: «Маці» (1926), «Канец Санкт-Пецярбурга» (1927), «Нашчадак Чынгісхана» (1928) з драм. масавымі сцэнамі, паэт. вобразамі, псіхал. распрацоўкай характараў. Сярод інш. фільмаў: «Просты выпадак» (1932), «Дэзерцір» (1933), «Перамога» (1938), «Мінін і Пажарскі» (1939, з М.​Долерам), «Сувораў» (1941), «Адмірал Нахімаў» (1947), «Жукоўскі» (1950, з Д.​Васільевым), «Вяртанне Васіля Бортнікава» (1953). Выступаў і як кінаакцёр. Распрацаваў сістэму работы з акцёрам і непрафес. выканаўцам паводле сістэмы К.​Станіслаўскага. Аўтар кн. «Кінарэжысёр і кінаматэрыял», «Кінасцэнарый. Тэорыя сцэнарыя» (абедзве 1926), «Акцёр у фільме» (1934). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1951.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М. 1974—76.

Літ.:

Караганов А. Всеволод Пудовкин. 2 изд. М., 1983.

Г.​В.​Ратнікаў.

У.І.Пудоўкін.

т. 13, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ПІНА ІЛЬІ́ МУЗЕ́Й-СЯДЗІ́БА «ЗДРАЎНЁВА»,

музей, прысвечаны жыццю і творчасці на Беларусі рас. мастака І.Я.Рэпіна; філіял Віцебскага краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1989 у в. Здраўнёва Віцебскага р-на, якая была набыта Рэпіным у 1892. На той час сядзіба ўключала сядзібны дом, флігель, 2 жылыя дамы, гасп. будынкі, невял. парк, сад са штучным вадаёмам (захаваліся лядоўня, ліпавая алея, асобныя дрэвы, вадаём). У 1893—95 сядзібны дом перабудаваны па ўласных эскізах мастака. На працягу 1892—1904 Рэпін жыў (з перапынкамі) у Здраўнёве і стварыў тут шмат твораў. Музей размешчаны ў асабняку, адноўленым па фотаздымках, эскізах мастака паводле праекта П.​П.​Кракалёва. Экспазіцыйная пл. будынка музея 212 м². Пл. ахоўнай зоны 12 га, зоны рэгулявання забудовы 35 га. Музей вядзе збіральніцкую, даследчую, культ.-асв. работу. 380 адзінак асн. і 850 навук.-дапаможнага фондаў (2000), якія захоўваюцца ў Віцебскім краязнаўчым музеі, у т. л. акварэлі Рэпіна «Конік», «Афрыканскі матыў», «Запарожац», малюнкі «Вершнік страляе», «Казанне Іасафата Кунцэвіча» (1893), «Партрэт Н.​Рэпінай» і «Краявід. Здраўнёва» (абодва 1895), карціна «Дэзерцір» (1917), абразы Ісуса Хрыста (1894) і Маці Божай (1895), ліст мастака А.​Сапунову, кніга «Ўспаміны і пісьмы І.​Я.​Рэпіна» з дарчым надпісам мастака У.​Аскерку, рэчы побыту з дома ў Здраўнёве, лісты Т.​Дзяканавай (унучкі мастака), фотаздымкі мастака, яго родных і знаёмых, успаміны, кнігі пра Рэпіна, падарункі музею. У экспазіцыі асабістыя рэчы Рэпіна, фотаздымкі, мэбля канца 19 — пач. 20 ст., рэчы, знойдзеныя ў час раскопак у Здраўнёве.

Літ.:

Кичина Е.М. И.​Е.​Репин и Здравнево: В обретении и разлуке [2 изд]. Витебск, 1994;

Падліпскі А.М. Здраўнёва: тут жыў І.​Я.​Рэпін: Пер. з рус. Мн., 1995;

Шышанаў В. Невядомае Здраўнёва // Віц. сшытак. 2000. №4.

А.​В.​Сухарукаў, В.​А.​Шышанаў.

Рэпіна Ільі музей-сядзіба «Здраўнёва».

т. 14, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІМСКІ ТЭА́ТР АГІ́НСКАГА,

прыдворная тэатральная трупа гетмана вял. літ. Міхала Казіміра Агінскага ў г. Слонім Гродзенскай вобл. Засн. да 1771, спыніў дзейнасць пасля 1791. У т-ры працавалі прафес. італьян., ням., польскія спевакі, прыгонны хор і балет. Балетная трупа падрыхтавана ў Слонімскай балетнай школе. Паказы суправаджала Слонімская капэла Агінскага. У 1770—80-я г. пры т-ры існавала муз. школа.

Рэпертуар т-ра складаўся з балетаў, у т. л. «Каралеўскі балет», «Балет млынароў», «Дзікі балет» і «Дэзерцір» (апошнія два паказаны ў 1790—91 на гастролях у г. Дубна, Украіна), опер італьян. кампазітараў Дж.​Паізіела, Э.​Дуні, А.​Грэтры, П.​А.​Мансіньі, Н.​Іамелі, А.​Сакіні, П.​А.​Гульельмі, К.​В.​Глюка, Дж.​Таэскі («Тэлемах», 1780) і інш., а таксама Агінскага («Зменены філосаф», 1771; «Елісейскія палі», 1788); трагедый Вальтэра («Альзіра», 1780, 1783 і «Мар’яна», 1786) і інш. Паводле «Інвентара інструментаў і музычных папер» (складзены ў 1801, пракаменціраваны А.​Цеханавецкім) збор нот твораў, што выконваліся на розных сцэнах т-ра Агінскага, уключае 60 опер, 18 балетаў, 3 муз. камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 інш. муз. твораў (араторыі, арыі, музыка для дывертысментаў, асобных танцаў і інш.). Сярод выканаўцаў дачка «мэтра ігры на клавікордзе» Д.​Грабенбаўэра, Г.​Давіа, П.​Драздоўская, Лісевічаўна, Канапкоўна, Кінтнер, Герман, Пленц, Марцінкевічаўна, Шуцкая, Міхайлоўская, Цэльнер; салісты Янкі і М.​Лазарыні. Філіялы т-ра працавалі ў Седльцах (Польшча) і Целяханах (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.). У 1771 функцыянаваў «плывучы тэатр» на баржах на Агінскім канаце; паміж 1777—80 пабудаваны «Дом оперы» арх. І.​Мараіна, разбураны пасля 1804), які леў вял. сцэну, прыстасаваную для паказаў любых барочных спектакляў, оперных і балетных, для выхаду вял. колькасці спевакоў і статыстаў, для тэатр. баталій коннікаў і водных феерый (частка сцэны затаплялася вадой з канала і па ёй плавалі лодкі), для складаных перспектыў і дэкарацый, розных сцэнічных эфектаў. Тэхн. магчымасці сцэны дазвалялі паказаць і 2 фантаны, якія асвятляліся бенгальскімі агнямі (пры т-ры быў спец. піратэхнік — «майстар па феерверках» Ц.​Г.​Ваксмунт). Дэкарацыі для т-ра стваралі Мараіна і тэатр. машыніст Жан Баі (у дакументах праходзіў пад імем Ян Бой). Сярод інш. мастакоў т-ра: К.​Атасельскі, Штроўбл (працаваў да 1777), І.​Рэгер (1776—78), Ян Рустэм (1788—90), А.​С.​Дамброўскі і прыгонныя майстры-дэкаратары Міхал, Мікалай, Янак.

Літ.:

Барышаў Г.І. Слонімскі тэатр М.​Агінскага // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1;

Яго ж. Слонімскі унікум // Тэатр. Мінск. 1984. № 6;

Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням. Мн., 1993.

т. 15, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЕТ

ХАРЭАГРАФІЯ Ў ПРЫГОННЫХ ТЭАТРАХ, ФАРМІРАВАННЕ БЕЛАРУСКАГА СЦЭНІЧНАГА ТАНЦА І БАЛЕТА ДА 20 ст.

Сярод першых балетных тэатраў на Беларусі — прыгонныя т-ры 18—19 ст., у якіх былі балетныя трупы. Яны дзейнічалі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках і сядзібах у спецыяльна абсталяваных памяшканнях ці ў залах палацаў, ратуш і інш. Паводле гіст. звестак, першым балетным т-рам быў Нясвіжскі т-р Радзівілаў (1740—91), які прайшоў шлях ад аматарскага да прафес. і сфарміраваў вялікі арыгінальны рэпертуар. У яго складзе налічвалася больш за 20 прыгонных танцораў. Часам у спектаклі ўдзельнічалі члены княжацкай сям’і, прадстаўнікі шляхты і кадэты нясвіжскага корпуса. У розныя гады ў тэатры балетмайстрамі працавалі Я.​Аліўе, Л.​Дзюпрэ, А.​Лойка і Г.​Петынеці, А.​Пуціні, Шрэтэр. Балеты ставіліся і ў Слуцкім т-ры Радзівіла. Высокага прафес. ўзроўню дасягнула балетная трупа Ружанскага т-ра Сапегаў (1765—91), дзе працаваў польскі танцоўшчык і балетмайстар М.​Пранчынскі (паставіў балет «Літасцівасць Ціта», 1784). Значны балетны рэпертуар меў Гродзенскі т-р Тызенгаўза (1769—80), дзе першыя балеты выконвалі італьян. артысты, а з 1778 прыгонныя танцоўшчыкі. У перыяд росквіту т-ра балетная трупа налічвала больш за 30 чал.; першым яе балетмайстрам быў Г.​Петынеці, які ставіў балеты на ўласныя лібрэта, пазней — К.​А.​Марэлі. Зберагліся звесткі пра пастаноўкі спектакляў «Балет пекараў», «Квартэт дудароў» і «Сялянскі балет». Творчых поспехаў дасягнула балетная трупа Слонімскага т-ра Агінскага (1771—91), які шмат гастраліраваў і паспяхова канкурыраваў з каралеўскім балетам у Варшаве. У яго рэпертуары налічвалася 18 балетаў: «Каралеўскі балет», «Дзікі балет», «Балет млынароў», «Рыбакі», «Дэзерцір» і інш., а таксама шэраг танцавальных дывертысментаў і асобных танцаў. Прафес. балетную трупу меў Шклоўскі т-р Зорыча (1778—1800), на сцэне якога выконваліся алегарычныя балеты з харамі і пантамімай, створаныя балетмайстрамі П.​Барцанці, Марыядзіні, Дз.​Хорватам і М.​Пранчынскім. У Свіслацкім т-ры Тышкевіча (1788—1819) перыядычна выступалі вольныя балетныя трупы. Вядома, што пры т-рах Гродна, Нясвіжа, Слоніма, Слуцка і Шклова існавалі балетныя школы, якія рыхтавалі танцораў на высокім узроўні. Балетныя трупы т-раў Гродна і Слоніма ў канцы 18 ст. склалі аснову польскага «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці», 14 прыгонных артыстаў Шклоўскага т-ра Зорыча з поспехам танцавалі на Пецярбургскай імператарскай сцэне і ў Маскве (П. і К. Азарэвічы, А.​Бжазінскі, К.​Буткевіч, Я.​Чуцікаў). У 1845—47 у Віцебску працавала прыватная балетная трупа пад кіраўніцтвам франц. балетмайстра М.​Піёна (т.зв. Віцебскі балет Піёна); у яе рэпертуары былі балеты «Антыкварыус», «Швейцарская малочніца», «Чарадзейная флейта, або Танцоўшчыкі паняволі» Маковеца, «Вяселле ў Айцове» К.​Курпінскага і Ю.​Дамсе, «Дзве статуі» Ю.​Эльснера. Разам з прыватнаўласніцкімі т-рамі на стварэнне прафес. муз.-драм. т-ра на Беларусі паўплывала таксама дзейнасць Першай бел. трупы І.​Буйніцкага (1910—13), у балетныя спектаклі якой уключаліся і нар. танцы.

СУЧАСНЫ БАЛЕТ.

Прафесійны бел. балетны тэатр узнік у пач. 20 ст.: у 1920 у Мінску адкрыўся Бел. дзярж. тэатр, у якім групу артыстаў балета ўзначальваў К.​Алексютовіч. Сярод пастаўленых у ім балетаў «Зачараваны лес» Р.​Дрыга, «Капелія» Л.​Дэліба, «Фея лялек» І.​Баера, а таксама танцы ў операх «Князь Ігар» А.​Барадзіна і «Фауст» Ш.​Гуно. У 1930 адчынілася Бел. студыя оперы і балета. У балетную трупу ўваходзілі В.​Бурэйка, Я.​Вяпрынскі, Р.​Гімпелева, Н.​Гурвіч, С.​Дрэчын, К.​Калітоўская, Т.​Новікава, К.​Пекур, Т.​Узунава, Н.​Фінская, Ю.​Хіраска і інш. З 1933 дзейнічаў Дзярж. т-р оперы і балета БССР. Сярод першых пастановак — балет «Чырвоны мак» Р.​Гліэра (балетмайстар Л.​Крамарэўскі). Плённым для маладой бел. балетнай трупы было творчае супрацоўніцтва з рас. балетмайстрамі Ф.​Лапуховым (балет «Капелія» Л.​Дэліба, паст. 1935), К.​Галяйзоўскім (балет «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева, паст. 1939), а таксама К.​Мулерам (балет «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага, паст. 1938). Вял. ролю ў стварэнні нац. рэпертуару адыграла пастаноўка балета «Салавей» М.​Крошнера (лібрэта Ю.​Сланімскага па аднайм. аповесці З.​Бядулі; пастаноўка 1-й рэд. А.​Ермалаева і Ф.​Лапухова, 1939; 2-й рэд. А.​Ермалаева, 1940), дзе асновай муз. і сцэнічнай драматургіі ўпершыню стаў бел. муз. і танцавальны фальклор. У балеце, выразныя сродкі якога гарманічна спалучалі класічны і нар. танец, вобраз паўстаўшага народа ствараўся выключна харэаграфічнымі сродкамі, паспяхова ўвасаблялася актуальная для таго часу нар.-гераічная тэма. Вобразы Сымона (С.​Дрэчын) і сялянскай дзяўчыны Зоські (А.​Нікалаева) і іх антыпода гайдука Макара раскрываліся разнастайнымі харэаграфічнымі фарбамі, паказваліся ў развіцці. Спектакль вырашаўся ў духу нар. легенды, быў насычаны паэтычнымі абагульненнямі, сімваламі, гіпербаламі, і адначасова вобразы гал. герояў увасабляліся ў ім рэалістычна. У 1939 па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам З.​Васільевай у тэатр. вучылішчы адкрыта секцыя харэаграфіі, на базе якой у 1945 створана Бел. дзярж. харэаграфічнае вучылішча (з 1996 Дзярж. харэаграфічны каледж Беларусі). У 1930—40-я г. ў трупе працавалі Я.​Глінскіх, Т.​Караваева, Б.​Карпілава, Н.​Младзінская і інш. У гады Вял. Айч. вайны артысты бел. балета ў складзе канцэртных брыгад выязджалі на фронт, працавалі ў Алма-Аце, Горкім, Свярдлоўску. У г. Каўроў была эвакуіравана трупа т-ра, дзе адбыўся паказ балета «Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля ў пастаноўцы З.​Васільевай (1944). Першым балетным спектаклем у вызваленым Мінску быў балет «Арлекінада» Р.​Дрыга (пастаноўка В.​Вайнонена, 1945).

У пасляваенныя гады рэпертуар т-ра папоўніўся творамі балетнай класікі: «Дон Кіхот» (паст. 1947) і «Баядэрка» (1959) Л.​Мінкуса, «Эсмеральда» Ч.​Пуні (1951), «Шапэніяна» (1952), «Жызэль» (1953) і «Карсар» (1957) А.​Адана, «Лебядзінае возера» (1948) «Спячая прыгажуня» (1954) і «Шчаўкунок» (1956) П.​Чайкоўскага, «Лаўрэнсія» А.​Крэйна (1955), «Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля (1959). Адначасова працягвалася работа над стварэннем арыгінальнага рэпертуару, над спектаклямі на нац. тэму. Значнай вяхой у гісторыі бел. балетнага т-ра стала пастаноўка балета «Князь-возера» В.​Залатарова, вырашанага ў жанры харэаграфічнай драмы (лібрэта М.​Клімковіча па матывах нар. паданняў, пастаноўка К.​Мулера, 1949). Творчымі здабыткамі гэтага спектакля сталі ўдалая тэатралізацыя харэаграфічнага фальклору, пашырэнне кола нар. танцаў, якія ўвайшлі ў драматургію бел. балетнага т-ра, першая спроба стварэння масавага танца на пуантах з нац. афарбоўкай. Поспеху спектакля садзейнічала высокае майстэрства і яркі тэмперамент выканаўцаў гал. роляў А.​Нікалаевай (Надзейка), С.​Дрэчына (Васіль) і С.​Паўлава (Князь). Пазней балетмайстар А.​Ермалаеў на тую ж музыку стварыў новыя харэаграфічныя спектаклі «Аповесць пра каханне» (паст. 1953) і «Палымяныя сэрцы» (паст. 1955). Пэўнае значэнне ў развіцці лірыка-камедыйнага жанру ў нац. харэаграфіі мела пастаноўка К.​Мулерам балета «Падстаўная нявеста» Г.​Вагнера (1958). Тагачасныя тэмы былі ўвасоблены ў балетным спектаклі «Сцежкаю грому» К.​Караева (балетмайстар Н.​Конюс, паст. 1960), а таксама ў нац. балетах «Мара» Я.​Глебава (балетмайстар А.​Андрэеў, паст. 1961) і «Святло і цені» Г.​Вагнера (лібрэта М.​Алтухова паводле рамана П.​Броўкі «Калі зліваюцца рэкі», харэаграфія і пастаноўка А.​Андрэева і Н.​Стулкалкінай, паст. 1963). Прыкметнай вяхой у развіцці сучаснай тэматыкі на бел. сцэне з’явілася пастаноўка камернага, псіхалагічна паглыбленага спектакля «Альпійская балада» Я.​Глебава (лібрэта Р.​Чарахоўскай па аднайм. аповесці В.​Быкава, харэограф А.​Дадышкіліяні, паст. 1967), які па сваёй ідэйнай накіраванасці з’яўляўся балетам гераічным. У ролі Джуліі — К.​Малышава, у ролі Івана — Л.​Чахоўскі. Пастаноўка пашырыла кола праблем бел. харэаграфічных спектакляў, узняла тэмы інтэрнац. гучання. У гэты перыяд у трупе працавалі артысты Н.​Давыдзенка, В.​Давыдаў, І.​Дзідзічэнка, А.​Карзянкова, Р.​Красоўская, М.​Красоўскі, В.​Крыкава, Г.​Мартынаў, В.​Міронаў, Я.​Паўловіч, І.​Савельева, Л.​Ражанава, М.​Шэхаў і інш. У 1960—1-й пал. 1970-х г. пашырэнне і ўзбагачэнне рэпертуару адбывалася за кошт колькасці спектакляў разнастайных па тэмах і жанрах: «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» У.​Дзешавова на тэмы А.​Лядава (1961), «Спартак» А.​Хачатурана (1964), «Папялушка» (1965) і «Рамэо і Джульета» (1968) С.​Пракоф’ева, «Пер Гюнт» на музыку Э.​Грыга (1966), «Гарэзлівыя прыпеўкі» на муз. Р.​Шчадрына (1971), новыя рэдакцыі балетаў «Жызэль» А.​Адана (1966), «Лебядзінае возера» (1967), «Спячая прыгажуня» (1970) П.​Чайкоўскага, «Раймонда» А.​Глазунова (1972). У ліку арыгінальных балетаў на музыку бел. кампазітараў пастаўлены «Выбранніца» (паст. 1969) і «Тыль Уленшпігель» (паст. 1974) Я.​Глебава, «Пасля балю» Г.​Вагнера (паст. 1971; усе пастаўлены А.​Дадышкіліяні) і інш.

У 1970-я г. з’явілася новае пакаленне выканаўцаў: Л.​Бржазоўская, Н.​Дадышкіліяні, І.​Душкевіч, У.​Камкоў, Н.​Паўлава, С.​Пясцехін, В.​Саркісьян, Ю.​Траян, Т.​Яршова і інш. З 1973 трупу ўзначальвае В.​Елізар’еў. Яго маст. здабыткамі сталі разнастайныя па тэматыцы спектаклі, схільнасць да ўвасаблення складанай філасофскай тэматыкі, раскрыццё з’яў у гіст. перспектыве, што выявіліся ў пастаноўках балетаў «Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына (1974), «Спартак» (1980), «Вясна свяшчэнная» (1986, 2-я рэд. 1997) і «Жар-птушка» (1998) І.​Стравінскага, «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева (1988). У балетах «Стварэнне свету» А.​Пятрова (паст. 1976) і «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава (паст. 1978), «Легенда пра Уленшпігеля» (2004) ярка ўвасобіліся прынцыпы харэаграфічнага сімфанізму: паслядоўна распрацаваны пластычны тэматызм, сістэма харэаграфічных лейтматываў, скразное развіццё пластычнага дзеяння, шырока выкарыстаны поліфанічныя формы выкладання матэрыялу. Нетрадыцыйнасцю трактоўкі, арыгінальным вобразным вырашэннем вылучаюцца спектакль «Балеро» М.​Равеля (паст. 1984) і вак.-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на музыку К.​Орфа (паст. 1983). Яркая тэатральная форма, арганічнае спалучэнне грамадзянскасці і публіцыстычнасці ўласцівы балету «Страсці» («Рагнеда») А.​Мдывані (1995), прысвечанаму гіст. мінуламу бел. народа (Дзяржаўная прэмія Беларусі, прыз «Бенуа дэ ла данс» Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА, 1996). Зваротам да класікі былі пастаноўкі балетаў «Шчаўкунок» (1982), «Лебядзінае возера» (1986), «Спячая прыгажуня» (2001) П.​Чайкоўскага, «Дон Кіхот» (1989) Л.​Мінкуса. Абнаўленне сродкаў пластычнай выразнасці, драматургіі балетаў, фарміраванне новых прынцыпаў харэаграфічнай паэтыкі і эстэтыкі, выхаванне яркай плеяды артыстаў-аднадумцаў сведчыць пра стварэнне на бел. балетнай сцэне аўтарскага т-ра В.​Елізар’ева.

У 1996 створаны Нац. тэатр балета Беларусі. Яго рэпертуар пастаянна папаўняецца харэаграфічнымі спектаклямі розных стыляў, эпох і жанравай накіраванасці, пастаноўкамі новых балетмайстраў, сярод якіх Д.​Арыпава, І.​Бельскі, А.​Вінаградаў, Ю.​Грыгаровіч, М.​Далгушын, Д.​Зайферт, Р.​Захараў, У.​Іваноў, Ф.​Коэн, Г.​Маёраў, Р.​Паклітару, Н.​Фурман, Ю.​Чурко і інш. Сярод значных пастановак апошніх 30 гадоў: «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева (1973), «Ленінградская сімфонія» на музыку Дз.​Шастаковіча (1977), «Чыпаліна» К.​Хачатурана (1978), «Ліза і Кален» Ф.​Герольда (1979), «У гонар Марыуса Петыпа» (1981), «Курган» Я.​Глебава (1982), «Сільфіда» Х.​Левенскольда (1983), «Крылы памяці» У.​Кандрусевіча (1986), «Тры парсючкі» С.​Кібіравай (1991), «Ундзіна» Х.​В.​Хенцэ (1992), «Серэнада» П.​Чайкоўскага (1993), «Кругаверць» А.​Залётнева (1996), «Раймонда» А.​Глазунова (1997), «Пацалунак феі» І.​Стравінскага (1999), «Сон у летнюю ноч» Ф.​Мендэльсона-Бартольдзі (1999), «Макбет» В.​Кузняцова (2000), «Беласнежка і сем гномаў» Б.​Паўлоўскага (2002), «Марная засцярога» Л.​Герольда (2003). Сваёй нац. накіраванасцю вылучаецца спектакль «Кругаверць», створаны па матывах бел. балад на музыку А.​Залётнева (лібрэта Ю.​Чурко, харэаграфія і паст. У.​Іванова і Ю.​Чурко). Цэнтр. метафарычны вобраз — вобраз млына — жыцця як вечнай кругаверці, адкуль з’яўляюцца і куды вяртаюцца гал. героі пасля апавядання сваёй гісторыі.

У т-ры працуюць выпускнікі Дзярж. харэаграфічнага каледжа Беларусі: І.​Артамонаў, А.​Бубер, В.​Гайко, У.​Далгіх, А.​Ішчанка, Л.​Кудраўцава, Ж.​Лебедзева, Р.​Мінін, С.​Пясецкая, В.​Пятроўскі, Н.​Рабцава, А.​Рымашэўскі, А.​Фурман, Т.​Шаметавец; Маскоўскага акад. харэаграфічнага вучылішча: М.​Ватанабе, К.​Фадзеева; Акадэміі рус. балета А.​Ваганавай: К. і П. Борчанка. Бел. балет атрымаў міжнар. прызнанне. Бел. балетмайстры ставяць балеты ў Маскве, С.-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Львове, Хельсінкі, Варшаве, Любляне, Стамбуле, Токіо, Анкары.

Балетная трупа была сфарміравана і ў Бел. дзярж. музычным т-ры. У розныя гады ў яе складзе былі Т.​Акімава, С.​Вядзмедзь, У.​Казінец, У.​Крупскі, Ю.​Лапша, Л.​Рабушка, Г.​Шылянкова і інш. Аднаактовы балет «Паненка і хуліган» на музыку Дз.​Шастаковіча (харэографы В.​Саркісьян і В.​Лапо, паст. 1982) заклаў аснову ўласна балетнага рэпертуару т-ра. У розныя гады ў т-ры балетмайстрамі працавалі В.​Бутрымовіч, С.​Дрэчын, М.​Красоўскі, В.​Саркісьян, Л.​Травінін. З 1993 балетную трупу т-ра ўзначальвае Н.​Дзьячэнка. Яна паставіла балеты «Іспанскія мініяцюры» на нар. музыку (1992), «Новыя Амазонкі» М.​Равеля (1997), «Жызэль» (1998), «Зачараваны прынц» на музыку П.​Чайкоўскага (2002), «Вальпургіева ноч» Ш.​Гуно (2003), а таксама харэаграфію да многіх муз. спектакляў. У рэпертуары балетнай трупы спектаклі з балетнай класікі «Шапэніяна» (паст. 1994), «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса (паст. 1994), «Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына (паст. 1995), «Штраусіяна» (1992), «Шэхеразада» на музыку М.​Рымскага-Корсакава (1993); сучасных аўтараў: балет «Мефіста» на музыку У.​Кандрусевіча (лібрэта Ю.​Чурко, пастаноўка У.​Іванова, паст. 2002), «In pivo veritas» паводле ірландскіх нар. песень і музыкі эпохі Адраджэння (пастаноўка Р.​Паклітару, паст. 2003). Сярод артыстаў балета салісты Ю.​Дзятко, К.​Кузняцоў, Р.​Івакіры, В.​Краснаглазаў, Р.​Крукоўскі. Балетная трупа т-ра вядзе гастрольную дзейнасць.

Літ.:

Барышаў Г.І. Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да кастрычніка 1917 г. Мн., 1983;

Яго ж. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;

Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990;

Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989;

Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;

Яе ж. Гаркавы смак ісціны. Мн., 1993;

Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням. Мн., 1993;

Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;

Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;

Яе ж. Линия, уходящая в бесконечность. Мн., 1999;

Мушинская Т.М. Валентин Елизарьев: Альбом. Мн., 2003.

С.​В.​Гуткоўская.

Сцэна з балета «Балеро» на музыку М.​Равеля.
Сцэна з балета «Страсці» («Рагнеда») А.​Мдывані.

т. 18, кн. 2, с. 674

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)