Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМЕНЕ́Й,
у грэчаскай і рымскай міфалогіі бог шлюбу, сын Дыяніса і Афрадыты (ці Апалона і адной з муз). Яго ўяўлялі прыгожым юнаком з гірляндамі кветак і факелам у руцэ. Гіменей — спявак і музыкант, раптоўна памёр (ці страціў голас) на вяселлі Дыяніса. Каб увекавечыць Гіменея, яго імя абвяшчалі на вяселлях, а ўрачыстую песню ў гонар маладых наз. гіменей. У пераносным сэнсе вузы Гіменея — шлюб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКХАНА́ЛІІ,
у Старажытным Рыме святкаванні, містэрыі ў гонар Дыяніса (Вакха). Першапачаткова да ўдзелу ў вакханаліях дапускаліся толькі жанчыны, пазней і мужчыны. З 2 ст. да н.э. набылі характар оргій. У 186 да н.э. на вакханаліі сенацкім указам накладзены абмежаванні. У пераносным сэнсе вакханаліі — дзікі разгул, оргія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЯ́ДНА,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка крыцкага цара Мінаса і Пасіфаі, унучка бога сонца Геліяса. Дапамагла афінскаму герою Тэсею, які забіў Мінатаўра, выбрацца з лабірынта пры дапамозе клубка нітак («нітка Арыядны»). Пакінутая Тэсеем, стала жонкай Дыяніса; вянок, падораны Дыянісам, пасля смерці Арыядны трапіў на неба і прыняў форму сузор’я (сузор’е Паўночная Карона). Міф пра Арыядну — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, рэльефы рымских саркафагаў, карціны Тыцыяна, Я.Тынтарэта, А.Каўфман), літаратуры (Лопэ дэ Вэга, І.Гундуліч), музыцы (Г.Ф.Гендэль, І.Гайдн, І.К.Бах) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЎС,
у грэч. міфалогіі вярхоўны бог, уладар багоў і людзей. Месцам знаходжання З. лічыўся Алімп. Яго атрыбутамі былі эгіда (шчыт), скіпетр і арол. Першапачаткова З. — бог маланкі, грому і дажджу, пазней аб’яднаў рысы інш. багоў. Паводле міфаў, З., малодшы сын Кронаса і Рэі, брат і муж Геры, пасля перамогі над бацькам, тытанамі і гігантамі пачаў правіць светам разам з братамі Пасейдонам і Аідам. З. — бацька многіх багоў і багінь, у т.л. Апалона, Арэса, Дыяніса, Афіны, Афрадыты, герояў Геракла, Персея і інш. У Рыме культ З. зліўся з культам Юпітэра.
Зеўс (Зеўс Атрыколі). Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НСКІ АКРО́ПАЛЬ,
архітэктурны ансамбль Стараж. Грэцыі; гіст. ядро і культавы цэнтр Афін Старажытных. Створаны пераважна ў эпоху Перыкла (444/443—429 да нашай эры) пад агульным кіраўніцтвам Фідыя. Акропаль — адно з найб. велічных дасягненняў ант. дойлідства, гарманічны па маштабе збудаванняў, прасторавай арганізацыі, арганічна звязаны з натуральным асяроддзем. Ансамбль акропаля складаюць: парадны ўваход Прапілеі (437—432 да нашай эры, арх. Мнесікл), храм Ніке Аптэрас на выступе крапасной сцяны (449—420 да нашай эры, арх. Калікрат), гал. храм — Парфенон (447—438 да нашай эры), храм Афіны і Пасейдона-Эрэхтэя — Эрэхтэён (421—406 да нашай эры). Т.зв. доўгія сцены (каля 455—445) злучалі Афінскі акропаль з портам Пірэй і Фалерскай гаванню. З Пд да акропаля прымыкаюць тэатр Дыяніса (6 ст. — 326 да нашай эры), адэон Перыкла (5 ст. да нашай эры) і інш. Афінскі акропаль уваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМСАХУ́РДЫЯ Канстанцін Сіманавіч
(15.5.1891, г. Абаша, Грузія — 17.7.1975),
грузінскі пісьменнік. Акад.АН Грузіі (1944). Скончыў Берлінскі ун-т (1919). Друкаваўся з 1914. Падарожнічаў па Італіі, Грэцыі, Турцыі, жыў у Парыжы. У зб-ку навел «Краіна, якую я бачу» (1924), рамане «Усмешка Дыяніса» (1925) уплыў дэкадэнцтва. Раманы «Украдзены месяц» (т. 1—3, 1935—36) і «Цвіценне лазы» (1956) пра жыццё груз. вёскі 1920—40-х г., «Дзясніца вялікага майстра» (1939) пра нац. культуру і норавы ў Грузіі ў часы сярэднявечча, «Давід Будаўнік», (т. 1—4, 1946—58; прэмія імя Ш.Руставелі) пра барацьбу груз. народа за нац. незалежнасць у 11 ст. Творы Гамсахурдыя адметныя шырынёй ахопу гіст. падзей, майстэрствам іх адлюстравання, самабытнасцю мовы. Пераклаў на груз. мову «Боскую камедыю» Дантэ. У 1930-я г. падвяргаўся рэпрэсіям.