Дысперсныя сістэмы 2/29; 4/331—332, 593; 5/271; 8/375; 9/465; 11/455
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПЕ́РСНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,
нерастваральныя ў вадзе арган. фарбавальнікі, якія выкарыстоўваюць у выглядзе высокадысперсных водных суспензій (памер часцінак 1—2 мкм). Па хім. будове пераважна азафарбавальнікі і антрахінонавыя фарбавальнікі. Выпускаюць у выглядзе тонкадысперсных парашкоў, гранул ці ў вадкай форме (у т. л. паст). Выкарыстоўваюць для афарбоўкі поліэфірных, поліамідных, ацэтатных валокнаў.
т. 6, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПЕ́РСНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
мікрагетэрагенныя сістэмы з 2 (ці больш) фаз з вельмі развітай паверхняй падзелу паміж імі. Маюць лішак свабоднай энергіі, павышаную хім., часам біял. актыўнасць, і, як правіла, тэрмадынамічна няўстойлівыя. Уласцівасці Д.с. вывучае калоідная хімія. Д.с. вельмі пашыраны ў прыродзе (горныя пароды, глебы, грунты, туманы, воблакі, атм. ападкі, раслінныя і жывёльныя тканкі).
У Д.с. адна з фаз утварае неперарыўнае дысперсійнае асяроддзе (ДА), у яго аб’ёме размеркавана дысперсная фаза (ДФ) у выглядзе дробных крышталікаў, кропель ці бурбалачак. Паводле дысперснасці (памеру часцінак ДФ) адрозніваюць грубадысперсныя (1 мкм і больш) і тонкадысперсныя ці калоідныя сістэмы (ад 1 нм да 1 мкм); паводле агрэгатнага стану ДА — аэрадысперсныя сістэмы (аэразолі), вадкадысперсныя (золі, суспензіі, пены, эмульсіі), цвёрдадысперсныя (шклопадобныя ці крышт. целы, напр., рубінавае шкло, мінералы тыпу апалу, пенаматэрыялы). Па інтэнсіўнасці малекулярнага ўзаемадзеяння паміж фазамі адрозніваюць ліяфільныя і ліяфобныя Д.с. (гл. Ліяфільнасць і ліяфобнасць). Ліяфільныя Д.с. тэрмадынамічна ўстойлівыя, утвараюцца самаадвольна ў выглядзе высокадысперсных сістэм (калоідных раствораў). Ліяфобныя сістэмы маюць тэндэнцыю да самаадвольнага ўзбуйнення часцінак ДФ (гл. Каагуляцыя, Каалесцэнцыя), таму яны існуюць толькі са стабілізатарамі — рэчывамі, якія адсарбіруюцца на паверхні падзелу фаз і ўтвараюць ахоўныя слаі, што перашкаджае збліжэнню часцінак. Д.с. бываюць бесструктурныя і структураваныя (напр., гелі). Утвараюцца ў выніку кандэнсацыі, калі зародкі, што ўзніклі ў гамагенным асяроддзі (перанасычаны раствор, пара, расплаў), не могуць расці неабмежавана, ці пры дыспергаванні.
Літ.:
Урьев Н.Б. Высококонцентрированные дисперсные системы. М., 1980;
Коагуляционные контакты в дисперсных системах. М., 1982.
У.С.Камароў.
т. 6, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ІДНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
гл. ў арт. Дысперсныя сістэмы.
т. 7, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛІ, калоідныя растворы,
высокадысперсныя калоідныя сістэмы з вадкім дысперсійным асяроддзем. Часцінкі дысперснай фазы маюць памер 10−7—10−5 см. Разам з малекуламі (іонамі) дысперсійнага асяроддзя, што акружаюць іх, яны ўтвараюць міцэлы, якія свабодна ўдзельнічаюць у броўнаўскім руху З. з водным дысперсійным асяроддзем наз. гідразолямі, з арган. асяроддзем — арганазолямі. У адпаведнасці з агульнай класіфікацыяй дысперсных сістэм падзяляюць на ліяфільныя і ліяфобныя (гл. Ліяфільнасць і ліяфобнасць). Ліяфільныя (напр., З. мыла, фарбавальнікаў, водныя растворы біяпалімераў) агрэгатыўна ўстойлівыя і тэрмадынамічна раўнаважныя. Ліяфобныя (напр., гідразолі плаціны, золата і інш. металаў) агрэгатыўна няўстойлівыя і нязначныя дабаўкі электралітаў прыводзяць да іх каагуляцыі. Пры каагуляцыі ліяфобныя З. ператвараюцца ў гелі. Цвёрдымі З. наз. дысперсныя сістэмы з размеркаванымі ў цвёрдай фазе найдрабнейшымі часцінкамі інш. цвёрдай фазы. Да іх адносяць некат. мінералы, у т. л. каштоўныя і паўкаштоўныя камяні, каляровае шкло (напр., рубінавае), эмалі.
Літ.:
Гл. пры арт. Дысперсныя сістэмы, Калоідная хімія.
У.С.Камароў.
т. 7, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НКА,
радовішча тугаплаўкіх глін у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., за 1,8 км на ПдУ ад в. Глінка. Пластавы паклад утвораны азёрнымі адкладамі неагенавага ўзросту. Гліны шэрыя і цёмна-шэрыя, дысперсныя, пластычныя, тугаплаўкія, з лінзамі вогнетрывалых глін. Разведаныя запасы 4,8 млн. т, перспектыўныя 443 тыс. т. Карысная тоўшча магутнасцю 0,8—9,8, ускрыша 0,2—4,2 м.
А.Шчураў.
т. 5, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́К,
радовішча тугаплаўкіх глін на ўскраіне пас. Гарадок Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. Пластавы паклад, утвораны стракатымі азёрнымі глінамі алігацэну і міяцэну. Разведаныя запасы каля 33 млн. м³. Карысная тоўшча 6—15 м, ускрыша 2,5—7,8 м. Гліны дысперсныя пластычныя і высокапластычныя, вогнетрывалыя. Прыдатныя на выраб каналізацыйных і дрэнажных труб і цэглы, як фармовачны матэрыял. Сыравінная база Рэчыцкага камбіната будматэрыялаў.
А.П.Шчураў.
т. 5, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНА́Я,
радовішча тугаплаўкіх глін каля в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Паклад азёрных глін палеаген-неагенавага ўзросту. Гліны шэрыя і чорныя, дысперсныя, высокапластычныя, тугаплаўкія. Разведаныя запасы больш за 9 млн. м³, перспектыўныя 2,2 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—10,6 м, ускрышы 0,2—5,7 м. Гліны прыдатныя на выраб сценавых і абліцовачных блокаў, каналізацыйных труб, цэглы, як фармовачны матэрыял. Распрацоўваецца з 1979. Сыравінная база з-да абліцовачнай керамікі «Гарынь».
А.П.Шчураў.
т. 5, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЯМЕ́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН.
У Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Падзяменне. Пластавы паклад звязаны з азёрна-алювіяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны буравата- і жаўтавата-шэрыя, шчыльныя, пластычныя, дысперсныя. Радовішча складзена з 3 асобных участкаў: Паўн., Цэнтр. і Паўднёвага. Агульныя разведаныя запасы 15,2 млн. м³, перспектыўныя 0,26 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,5—15,4 м, ускрышы (пяскі, супескі, торф) 0,4—6,5 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы, чарапіцы, керамзітавага жвіру і дрэнажных труб.
А.П.Шчураў.
т. 11, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУКАВА́ННЕ ТКАНІ́Н,
нанясенне на тканіны ўзорыстых адна- або шматфарбавых малюнкаў. Робіцца цыліндрычнымі друкарскімі машынамі, сеткаватымі шаблонамі, спосабам аэраграфіі (распыленне сціснутым паветрам) і ўручную.
Перад друкаваннем тканіну прамываюць, адварваюць, адбельваюць, хларыруюць і інш. Пасля нанясення фарбы яе сушаць і апрацоўваюць у вільготным асяроддзі пры высокай т-ры, паўторна прамываюць. Для Д.т. выкарыстоўваюць актыўныя, кубавыя, кіслотныя, дысперсныя і інш. фарбавальнікі, а таксама розныя згушчальнікі фарбаў. Ручным або аэраграфічным спосабамі друкуюць паштучныя або індывідуальныя высокамаст. вырабы, друкарскімі машынамі і сеткаватымі шаблонамі — тканіны масавага асартыменту.
т. 6, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)