ДЫСКРЭ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,

тэхнічная (электронная ці інш.) сістэма, працэс функцыянавання якой характарызуецца канечным (ці бясконцым) дыскрэтным наборам станаў, змены якіх могуць адбывацца ў дыскрэтныя моманты часу (гл. Дыскрэтнасць). Напр., паслядоўнасць выпрабаванняў з некалькімі магчымымі зыходамі. Пры гэтым ролю часу выконвае нумар выпрабавання, ролю стану — нумар зыходу. Існуюць неперарыўныя сістэмы, якія таксама можна разглядаць як дыскрэтныя (напр., лічбавыя вымяральныя прылады): станы ўлічваюцца ў пэўныя (дыскрэтныя) моманты часу і іх лікавыя значэнні акругляюцца. Апісанне і даследаванне Д.с. выконваецца з дапамогай дыскрэтных Маркава ланцугоў, рознасных ураўненняў, стахастычных матрыц і інш. Пашыраны Д.с. аўтам. кіравання (гл. Аўтаматычнага кіравання тэорыя), апрацоўкі інфармацыі на ЭВМ, а таксама лічбавыя элементы выліч. тэхнікі, лічбавыя інтэгральныя схемы і інш. На Беларусі пытанні аналізу, сінтэзу, аўтаматызацыі праектавання Д.с. распрацоўваюць у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, НВА «Інтэграл» і інш.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСКРЭ́ТНАЯ МАТЭМА́ТЫКА,

раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці дыскрэтных структур (гл. Дыскрэтнасць). Частка Д.м., якая вывучае канечныя структуры (напр., канечныя групы, графы, машыны Цюрынга), наз. канечнай матэматыкай. У пашыраным сэнсе Д.м. падзяляецца на тэорыю лікаў, выліч. матэматыку, матэм. логіку, камбінаторны аналіз, а таксама новыя кірункі даследаванняў — тэорыю графаў, тэорыю кадзіравання, цэлалікавае праграмаванне, тэорыю аўтаматаў, раскладаў, ЭВМ, праграмавання і інш., у якіх аб’екты даследаванняў маюць дыскрэтны характар.

Элементы Д.м. ўзніклі ў глыбокай старажытнасці і развіваліся паралельна з інш. раздзеламі матэматыкі. Напр., тагачасныя тыповыя задачы, звязаныя з уласцівасцямі цэлых лікаў (вытокі лікаў тэорыі): адшуканне алгарытмаў складання і множання натуральных лікаў (Егіпет, 2-е тыс. да н.э.), задачы падсумавання і падзельнасці натуральных лікаў у піфагарэйскай школе (6 ст. да н.э.). На практыцы найчасцей адначасова прысутнічаюць уласцівасці неперарыўнасці і дыскрэтнасці, канечнасці і бясконцасці; пры рашэнні канкрэтных задач шырока выкарыстоўваецца прыём замены неперарыўнай мадэлі яе дыскрэтным аналагам. У Д.м. разам з пабудовай алгарытмаў рашэння асобных задач выяўляюцца пытанні алгарытмічнай вырашальнасці, ацэнкі вылічальнай складанасці алгарытмаў, выяўлення цяжкавырашальных задач і інш.

На Беларусі даследаванні па пытаннях Д.м. распачаты ў канцы 1950-х г. па ініцыятыве акад. Дз.А.Супруненкі і вядуцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац. АН і БДУ.

Літ.:

Яблонский С.В. Введение в дискретную математику. М., 1979;

Рейнгольд Э., Нивергельт Ю.;

Део Н. Комбинаторные алгоритмы: Теория и практика: Пер. с англ. М., 1980;

Пападимитриу Х.Х., Стайглиц К. Комбинаторная оптимизация: Алгоритмы и сложность: Пер. с англ. М., 1985.

В.​С.​Танаеў.

т. 6, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСКРЭ́ТНАСЦЬ (ад лац. discretus раздзелены, перарывісты),

раздзеленасць, перарыўнасць у прасторы і часе; процілегласць неперарыўнасці. Напр., сістэма цэлых лікаў (у процілегласць сістэме рэчаісных лікаў) — дыскрэтная. У фізіцы Д. азначае перарыўнасць будовы матэрыі (яе атамістычнасць), а таксама перарыўны квантавы характар працэсаў паглынання і выпрамянення энергіі ў атамах і малекулах. Д. некат. фіз. велічыні — змяненне яе значэнняў, што адбываюцца праз пэўныя прамежкі часу (скачкамі). Гл. таксама Неперарыўнасць і перарыўнасць.

т. 6, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІСТЫРО́Л,

сінтэтычны тэрмапластычны палімер, прадукт полімерызацыі стыролу, [—CH2C(C6H5)H—]n, мал. м. (25—35)∙10​4.

Цвёрдае шклопадобнае рэчыва, шчыльн. 1050 кг/м³, т-ра шклавання 93 °C. Раствараецца ва ўласным манамеры, араматычных вуглевадародах, ацэтоне. Устойлівы да ўздзеяння шчолачаў і кіслот (акрамя канцэнтраванай азотнай і ледзяной воцатнай), радыеактыўных выпрамяненняў. Лёгка перапрацоўваецца, добра афарбоўваецца ў масе, выдатны дыэлектрык, крохкі, мае нізкую цеплаўстойлівасць. Больш цеплаўстойлівыя і менш крохкія супалімеры стыролу; у прам-сці найб. пашыраны П. ударатрывалы — тэрмапластычны матэрыял з 2-фазнай структурай (бесперапынная фаза — П., дыскрэтная фаза — каўчук) і АБС-пластык. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пенапластаў, карпусоў радыё- і тэлеапаратуры, дэталей для аўтамабіляў, для вырабу тавараў шырокага ўжытку (цацкі, посуд разавага выкарыстання і інш.).

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ЯННЕ,

дыскрэтная або безупынная праява якой-н. прадметна-матэрыяльнай ці разумовай актыўнасці; і як адзінка дзейнасці. Адрозніваюць Дз. фіз., біял., псіхічнае, лагічнае, дзеянне сацыяльнае. У якасці філас. катэгорыі Дз. суадносіцца з перажываннем ці пакутамі (Платон, Арыстоцель); разглядаецца як момант руху разам з супрацьдзеяннем (І.​Ньютан, Ф.​Энгельс); трактуецца як прычына, вынік (Б.​Спіноза, І.​Кант, Г.​Гегель); у супастаўленні з інертным матэрыяльным быццём тлумачыцца як праява творча-дзейнага духу ці самасвядомасці суб’екта (Аўгусцін, Г.​Лейбніц, І.​Фіхтэ, М.​А.​Бярдзяеў). Паняццем «Дз.» выяўляецца наяўная актыўнасць (сапраўднасць) якой-н. сілы ў адрозненне ад магчымасці (патэнцыяльнасці) яе праяўлення.

Літ.:

Григорьев В., Мякишев Г. Силы в природе. 7 изд. М., 1988. Петровский А.В., Ярошевский М.Г. История и теория психологии. Т. 2. Ростов н/Д, 1996.

А.​Ю.​Харын.

т. 6, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУТАЦЫ́ЙНАЯ ТЭО́РЫЯ, тэорыя зменлівасці і эвалюцыі,

сцвярджае, што існуе 2 катэгорыі зменлівасці — бесперапынная і перарывістая (дыскрэтная). Распрацаваў Г.Дэ Фрыз. Паводле гэтай тэорыі толькі перарывістая зменлівасць з’яўляецца спадчыннай. Для яе абазначэння ўведзены тэрмін «мутацыя». М.т. сцвярджае, што мутацыі могуць быць прагрэсіўныя (з’яўленне новых спадчынных уласцівасцей, што раўназначна ўзнікненню новых элементарных відаў) або рэгрэсіўныя (страта якіх-н. існуючых уласцівасцей, якія прыводзяць да ўзнікнення разнавіднасцей). Новыя жарданоны ўзнікаюць шляхам прагрэсіўных мутацый раптоўна, без пераходаў і звычайна адразу спадчынна пастаянныя. Масавыя мутацыі прымеркаваны да асобых рэдкіх мутацыйных перыядаў, што ў жыцці кожнага віду чаргуюцца з працяглымі перыядамі спакою. Развіццё генетыкі абвергла асн. палажэнні М.т. Падобную сістэму прадстаўленняў пра зменлівасць і эвалюцыю распрацаваў С.І.Каржынскі (1899). Сучасныя прадстаўленні аб спадчыннасці і іх сінтэзе з эвалюцыйным вучэннем сфармуляваў С.С.Чацверыкоў (1926). Гл. таксама Дарвінізм, Мендэлізм.

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІНАТО́РНЫ АНА́ЛІЗ,

камбінаторыка, раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці сукупнасцей элементаў некаторага канечнага мноства ў адпаведнасці з зададзенымі правіламі. Кожнае правіла вызначае спосаб пабудовы некаторай канструкцыі (камбінаторнай канфігурацыі — перастаноўкі, размяшчэння, спалучэння ці інш.) з элементаў зыходнага мноства. Метады К.а. выкарыстоўваюцца ў тэорыі імавернасцей, тэорыі лікаў і інш. Мэта К.а. — вывучэнне камбінаторных канфігурацый, пытанняў іх існавання, алгарытмаў пабудавання, рашэнне задач на пералічэнне.

Задачы К.а. вядомы з глыбокай старажытнасці (у прыватнасці, вывучаліся магічныя квадраты). Матэматыкам Стараж. Усходу была вядома формула, якая выражае лік спалучэнняў праз бінаміяльныя каэфіцыенты, і формула Ньютана бінома з натуральным паказчыкам ступені. Станаўленне К.а. як навукі звязана з працамі Я.Бернулі, Г.Лейбніца, Б.Паскаля, П.Ферма, Л.Эйлера. У 1950-я г. на развіццё К.а. значны ўплыў зрабілі кібернетыка, дыскрэтная матэматыка, тэорыі планавання і інфармацыі.

Літ.:

Рыбников К.А. Введение в комбинаторный анализ. 2 изд. М., 1985.

С.​У.​Доўнар.

т. 7, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФАРМА́ТЫКА,

навука, якая вывучае структуру і агульныя ўласцівасці інфармацыі, а таксама заканамернасці яе стварэння, пераўтварэння, перадачы і выкарыстання ў розных галінах дзейнасці чалавека з дапамогай ЭВМ. Даследуе карыстальніцкія аспекты апрацоўкі інфармацыі, уплыў інфарм. працэсаў на эканоміку, навуку, сац. развіццё грамадства; аналізуе інфармацыю ў выглядзе ведаў, а таксама яе семантычныя аспекты (сэнс, каштоўнасць і інш.) і сістэмы забеспячэння інтэлектуальнага ўзаемадзеяння людзей.

Узнікла на мяжы бібліятэказнаўства, кібернетыкі, лінгвістыкі, матэм. логікі, навуказнаўства і інш. Уключае тэарэт. І. (прадмет і метады, змест, структура і ўласцівасці навук. інфармацыі), навук. камунікацыі, інфарм. пошук, распаўсюджванне і выкарыстанне навук. інфармацыі, а таксама групу дысцыплін, якія вывучаюць розныя аспекты распрацоўкі і выкарыстання ЭВМ (прыкладная матэматыка, праграмаванне, праграмнае забеспячэнне, дыскрэтная матэматыка, архітэктура ЭВМ і інш.). З 1970-х г. пачала фарміравацца як навук. база распрацоўкі, стварэння і выкарыстання ЭВМ у кіраванні, планаванні і праектаванні, навук. даследаваннях, адукацыі і інш. і азначала пераход ад аўтаматызацыі дапаможных аперацый да выкарыстання ЭВМ у якасці інтэлектуальных памочнікаў людзей. Гл. таксама Інтэлект штучны, Інфармацыйна-вылічальны цэнтр.

М.​П.​Савік.

т. 7, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІШЭ́НІ ТЭО́РЫЯ ў радыебіялогіі, мішэні прынцып,

адна з тэорый уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў на біял. аб’екты. Сфармулявана ў 1920—30-я г. Паводле М.т. ў біял. аб’ектах ёсць асабліва адчувальныя аб’ёмы — «мішэні», пашкоджанне якіх вядзе да пашкоджання ўсяго аб’екта. Дыскрэтная прырода выпрамяненняў і іх узаемадзеянняў з рэчывам дазваляе, асабліва ў выпадку іанізавальных выпрамяненняў, зыходзіць з уяўленняў аб «абстрэле» рэчыва часціцамі розных энергій (фатоны, хуткія электроны і інш.), а ў сувязі з гэтым — з прынцыпу пападання і «мішэні». У выніку нават рэдкіх пападанняў у такую «мішэнь» невял. дозы іанізавальных выпрамяненняў могуць выклікаць гібель клеткі або якія-н. рэдкія спецыфічныя рэакцыі ў ёй (напр., мутацыі асобных генаў), частата якіх павялічваецца з дозай выпрамянення. У М.т. распрацаваны матэм. падыходы, якія тлумачаць характар залежнасці радыебіял. эфектаў ад дозы выпрамянення і інш. фактараў. М.т. не з’яўляецца універсальнай і не растлумачвае ўсе біял. эфекты, што ўзнікаюць пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў.

Літ.:

Тимофеев-Ресовский Н.В., Иванов В.И., Корогодин В.И. Применение принципа попадания в радиобиологии. М., 1968;

Ярмоненко С.П. Радиобиология человека и животных. 3 изд. М., 1988.

т. 10, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАРО́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

уздзеянне вынікаў функцыянавання якой-небудзь сістэмы (аб’екта) на характар гэтага функцыянавання. Характарызуе сістэмы рэгулявання і кіравання ў жывой прыродзе, грамадстве і тэхніцы, выяўляе накіраванасць узаемадзеяння пры пераносе рэчыва, энергіі, інфармацыі. Адно з паняццяў, што выкарыстоўваецца ў замкнутых сістэмах кіравання рознай фіз. прыроды (біял., тэхн., эканам., сац.), у якіх адхіленні сістэмы ад пэўнага стану служаць для фарміравання кіроўных уздзеянняў на працэс далейшага функцыянавання сістэмы. Адмоўная адваротная сувязь змяншае вынікі адхілення сістэмы ад першапачатковага стану, напр. павышае стабільнасць каэфіцыента ўзмацнення і памяншае нелінейныя скажэнні электроннага ўзмацняльніка. Дадатная адваротная сувязь звычайна прыводзіць да няўстойлівай работы сістэмы ў цэлым, выклікае лавінны працэс; выкарыстоўваецца, напр., у радыётэхніцы для стварэння аўтавагальных сістэм генератараў гарманічных і рэлаксацыйных ваганняў. У залежнасці ад характару сувязі паміж сістэмай і органам кіравання бывае бесперапынная, дыскрэтная (эпізадычная); статычная (жорсткая), дынамічная (гнуткая); лінейная або нелінейная адваротная сувязь. У складаных сістэмах (напр., у сац., біялагічных) вызначыць тып адваротнай сувязі вельмі цяжка, а то і немагчыма. Часам адваротную сувязь у такіх сістэмах разглядаюць як перадачу інфармацыі аб працяканні працэсу, на аснове якой выпрацоўваецца тое ці інш. ўздзеянне. У гэтым выпадку адваротную сувязь называюць інфармацыйнай. Прынцып адваротнай сувязі найбольш распрацаваны ў кібернетыцы, аўтаматычнага кіравання тэорыі, радыёэлектроніцы. У біял. сістэмах адваротная сувязь ажыццяўляецца ад клеткі да цэласнага арганізма. Звычайна накіравана на падтрымліванне пастаянства асн. параметраў жыццядзейнасці, рэчыўных і энергет. затрат пры ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем.

т. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)