КВАНТАВА́ННЕ СІГНА́ЛУ,
пераўтварэнне неперарыўнага сігналу ў паслядоўнасць імпульсаў (К.с. па часе) або ў сігнал са ступеньчатай зменай амплітуды (К.с. па ўзроўні) ці адначасова па часе і па ўзроўні. Атрыманыя ў выніку такіх пераўтварэнняў дыскрэтныя (імпульсныя) або дыскрэтна-неперарыўныя (ступеньчатыя) сігналы ў сваёй сукупнасці адлюстроўваюць зыходны сігнал з загадзя ўстаноўленай памылкай. К.с. выкарыстоўваецца пры пераўтварэнні пэўных значэнняў неперарыўнай велічыні ў код у выліч. прыстасаваннях, лічбавых вымяральных прыладах і інш. Гл. таксама Кадзіраванне.
т. 8, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЛІС (Ігар Міхайлавіч) (н. 16.11.1949, Мінск),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1994). Скончыў БДУ (1972). З 1977 у БДУ. Навук. працы па фотафізічных працэсах у растворах і ізаляваных комплексах складаных малекул, метадах і апаратуры для лазерна-спектраскапічных даследаванняў. Распрацаваў метады атрымання звышкароткіх імпульсаў святла, якія перастройваюцца па частаце дыскрэтна ці неперарыўна. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Тв.:
Спектральные сдвиги при формировании ван-дер-ваальсовских комплексов ароматических молекул с атомами инертных газов // Журн. прикладной спектроскопии. 1996. Т. 63. № 1.
т. 5, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭА́ЛЬНЫХ ТЫ́ПАЎ ТЭО́РЫЯ,
сістэма паняццяў, якая ўвасабляе пэўны аспект сац. рэальнасці ў лагічна несупярэчлівай, рацыянальнай, індывідуалізаванай форме. Распрацавана ням. сацыёлагам М.Веберам, які лічыў, што І.т.т. не з’яўляецца адэкватным узнаўленнем рэчаіснасці, але выражае яе істотныя ўзаемасувязі і тэндэнцыі развіцця. Лагічная пабудова тэорыі ажыццяўляецца шляхам мысленнага давядзення пэўных элементаў сац. рэальнасці да іх «поўнага выражэння» пры дапамозе інтэгравання дыскрэтна існуючых з’яў у «адзіным вобразе». Такімі, напр., з’яўляюцца сканструяваныя Веберам ідэальна-тыповыя мадэлі сац. дзеяння: мэтарацыянальнае, каштоўнасна-рацыянальнае, афектыўнае, традыцыйнае, а таксама тры мадэлі ўлады: традыцыйная, легальная (дэмакратычная), харызматычная. І.т.т. стварае логіка-тэарэт. і метадалагічныя перадумовы для навук., перш за ўсё сацыялагічнага пранікнення ў сутнасць сац. працэсаў і з’яў.
Я.М.Бабосаў.
т. 7, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)