СТАБІЛІЗА́ТАР (ад лац. stabilis устойлівы, пастаянны) у тэхніцы, 1) устройства для аўтам. падтрымання зададзенага значэння рэгулюемай велічыні з пэўнай дакладнасцю пры зменных узбуральных уздзеяннях. Бываюць С. эл. току і напружання, магн. патоку, т-ры, вуглавой скорасці і інш.
Найб. пашыраны электрычныя С., якія паводле спосабу стабілізацыі падзяляюцца на параметрычныя, кампенсацыйныя і камбінаваныя; па рэжыме работы — на С. неперарыўнага дзеяння і дыскрэтныя (рэлейныя і імпульсныя); паводле тыпу сілавых прылад (стабілізуючых элементаў) — на электронныя (паўправадніковыя, мікраэлектронныя, вакуумныя, газаразрадныя) і ферамагнітныя, у т. л. ферарэзанансныя.
2) Частка гарыз. апярэння самалёта і інш. лятальных апаратаў. Нерухомы С. прызначаны для забеспячэння падоўжнай устойлівасці, рухомыя (цалкам кіравальны, дыскрэтна-перастаўны, трымеруемы, дыферэнцыяльны) служаць, акрамя таго, для забеспячэння балансіроўкі і ажыццяўлення манеўраў.
3) С. у фатаграфіі — рэчыва, якое ўводзіцца ў галагенасярэбраную эмульсію для папярэджання ўтварэння вуалі і для запавольвання старэння фотаматэрыялаў.
т. 15, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)