Дыня 2/188; 3/103; 4/177, 327; 11/124

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́НЯ (Melo),

род аднагадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. Вядома 15 відаў (у культуры 9). Радзіма — Сярэдняя і М. Азія. Вырошчваецца ў краінах з сухім, цёплым кліматам. На Пд Беларусі ў аматарскіх пасевах вырошчваюць Д. звычайную, ці сталовую (M. sativus).

Д. звычайная — расліна з паўзучым сцяблом даўж. да 3—4 м, укрытым цвёрдымі валаскамі. Лісце на доўгіх чаранках, суцэльнае або лопасцевае, апушанае, з вусікамі ў пазухах. Кветкі часцей аднаполыя, ярка-жоўтыя, развіваюцца ў пазухах лісця. Плод — шматнасенная несапраўдная ягада з сакаўной, салодкай, духмянай мякаццю, багатай цукрам (да 18%), вітамінам С (да 60 мг%), карацінам, мінер. солямі. Каштоўная харч., дыетычная культура. З мякаці атрымліваюць мёд (бекмез). Сарты: Калгасніца, Грунтавая грыбаўская, Алтайская.

Дыня: 1 — сорт Босвалды; 2 — сорт Калгасніца.

т. 6, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІГА́МІЯ,

мнагашлюбнасць. У раслін — мнагадомнасць, наяўнасць у аднаго віду адначасова адна- і двухполых кветак на адной ці на розных раслінах у розных камбінацыях (напр., грэчка, дыня, клён, сланечнік, ясень і інш.). У жывёл — адносіны паміж паламі, калі адзін самец апладняе некалькі самак. Уласцівая большасці млекакормячых, некат. птушкам (напр., глушцы, нанду, свойскія куры, цецерукі і інш.), паўзунам (змеі, яшчаркі), некат. беспазваночным (многія насякомыя і інш.). Тэрмін «П.» недакладна ўжываюць для абазначэння мнагажонства і мнагамужжа. Гл. таксама Манагамія.

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХЧАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

група культурных раслін сямейства гарбузовых якія вырошчваюцца на харчовыя, кармавыя і тэхн. мэты. Да іх належаць кавун, дыня, гарбуз. Паходзяць з трапічных і субтрапічных краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Вырошчваюць на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбузы і іх разнавіднасці — кабачкі і патысоны, на Пд у аматарскіх пасевах, часцей у цяпліцах і на ўцепленым грунце, вырошчваюць дыні і кавуны. Найб. высокія ўраджаі бахчавыя культуры даюць на цалінных землях і аблогах, пасля шматгадовых траў. Бахчу размяшчаюць на багатых перагноем лёгкіх урадлівых глебах. Плады дыні і кавуна спажываюць свежыя, з іх гатуюць кавуновы (нардэк) і дынны (бекмес) мёд, вяленую дыню, варэнне, цукаты і інш., гарбузы спажываюць тушаныя, печаныя, кансерваваныя. Кармавыя кавуны і гарбузы — корм для жывёлы. З насення атрымліваюць алей.

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІННЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання агародніны (сакаўных пладоў, лісця, цыбулін, караняплодаў). У сусв. асартыменце агароднінных культур каля 160 відаў, сярод якіх коранеклубняплодныя расліны, шырока вядомыя ў краінах трапічнага і субтрапічнага клімату, — касава (маніёк ядомы), тара, ямс і інш. На Беларусі вырошчваюць больш за 40 відаў асн. агароднінных культур амаль з 13 сямействаў.

Паводле прадукцыйных органаў адрозніваюць агароднінныя культуры пладовыя (памідоры, агурок, кабачок, патысон, гарбуз, баклажан, кавун, дыня, кукуруза), ліставыя (капуста, салата, шпінат, шчаўе, рэвень), цыбулевыя (цыбуля, часнок), бабовыя (гарох, фасоля, боб), караняплоды (морква, бурак, сельдэрэй, пятрушка, радыска, рэдзька, бручка, рэпа). У асобныя групы вылучаюць бульбу і вострапрыпраўныя расліны (аніс, каляндра, крэс-салата, кмен, мята, маяран, агурочнік, эстрагон, хрэн і інш.; пра кожную агароднінную культуру гл. асобны арт.). Асн. крыніца вітамінаў, вугляводаў, мінер. соляў, арган. к-т, мікраэлементаў, гліказідаў, фітанцыдаў, эфірнага алею, а таксама клятчаткі і пекцінавых рэчываў. Вырошчваюцца ў адкрытым (на працягу вегетац. перыяду з вясны да восені) і ахаваным (увесь год) грунце.

Літ.:

Гусев А.М. Целебные овощные растения. М., 1991;

Матвеев В.П., Рубцов М.И. Овощеводство. 3 изд. М., 1985;

Шуин К.А. 70 видов овощей на огороде. Мн., 1978.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)