ДЫГРА́Ф (ад ды... + ...граф),

спалучэнне 2 літар, што ўжываецца для абазначэння на пісьме пэўнага гуку. Уласцівы кірыліцы (Д. «оу» абазначаў просты гук «у»). У помніках старабел. мовы 14—17 ст. ужываліся Д. «кг» на месцы «г» (кгузикъ), «іо» — «ё» (ліонъ), «хв» — «ф» (Тимохвѣй), «дж» (дроджи), «дз» (дзедзіч). Сучаснай бел. мове ўласцівы Д. «дз» і «дж». Спалучэннямі з 2 і больш літар перадаюцца ў некат. зах.-еўрап. сістэмах пісьма зычныя гукі, блізкія да ўсх.-слав. «х», «ч», «ш», «щ» (ням. ch, tsch, sch, schtsch; польск. ch, cz, sz, czcz).

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 6, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГАТУ́РА (ад позналац. ligatura сувязь, злучэнне),

1) знак любой сістэмы пісьменнасці ці фанет. транскрыпцыі, утвораны шляхам спалучэння элементаў двух графем ці транскрыпцыйных знакаў. Напр., дацкае, ісланд., нарв. æ, ням. β. Такога тыпу Л. часта выкарыстоўваліся ў скорапісе, для ўпрыгожання, арнаменталізацыі тэкстаў (гл. Вязь).

2) Спалучанае напісанне двух (гл. Дыграф) і большай колькасці літар, якія перадаюць адзін гук; напр., бел. дж, дз., польск. sz, cz, ням. sch.

3) Злітнае напісанне двух ці некалькіх пісьмовых знакаў. Трапляецца ў слав. азбуцы, у замежных шрыфтах (напр., Æ — злітны абрыс A і E).

т. 9, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗ,

графема ў бел. алфавіце для абазначэння асобнага складанага гука. Дыграф, утвораны з літар «д» і «з», перадае афрыкату «дз». У помніках старабел. пісьменства адзначаецца з 16 ст. («дедзичъ», «жаръдзье», «медзь»). Як сродак паказу дзекання выступаў спарадычна, пераважна ў запазычаных словах. Асобнае вымаўленне «д» і «з» («д-зякуй», «д-зень»), а таксама вымаўленне «дз» як мяккага «д» з’яўляецца парушэннем нормы бел. літ. вымаўлення. У якасці 2 асобных гукаў спалучэнне «дз» вымаўляецца толькі ў словах тыпу «падзагаловак», «падзямелле», дзе «д» — канцавы гук прыстаўкі, а «з» — пачатковы гук кораня («пад-земны»).

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖ,

графема ў бел. алфавіце для абазначэння асобнага складанага гука. Дыграф, утвораны з літар «д» і «ж», перадае афрыкату «дж». У пісьмовых помніках выкарыстоўваецца з 16 ст., аднак старабел. аўтарамі гук «дж» часцей перадаваўся літарамі «ч», «ж», спалучэннямі «д» і «ч», «ж» і «ч» («ѣздживаль», «розъежчалъ», «приеждчий»). У сучаснай бел. літ. мове спалучэнне «дж» вымаўляецца па-рознаму: у словах тыпу «аджыць», «паджылкі», дзе «д» — частка прыстаўкі, а «ж» — пачатковы гук кораня, «дж» чытаецца як спалучэнне 2 гукаў «д» і «ж» («ад-жыць»); у выпадку, калі «д» і «ж» не стаяць на стыку 2 марфем, яны вымаўляюцца як адзін непадзельны гук («джунглі», «загароджаны», «ураджай»).

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)