ДЫАКСА́Н, дыэтылендыаксід цыклічны просты эфір, O(CH2)4O. Бясколерная вадкасць з эфірным пахам, tпл 11,3 °C, tкіп 101,32 °C, шчыльн. 1033, 61 кг/м³ (30 °C). Змешваецца з вадой, спіртам, эфірам. Хім. ўласцівасцямі падобны да аліфатычных простых эфіраў. Выкарыстоўваюць як растваральнік ацэтылцэлюлозы, мінер. масел, алеяў, фарбаў, воскаў і інш. Таксічны, ГДК 10 мг/м³.

т. 6, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЭТЫЛЕНДЫАКСІ́Д,

гл. Дыаксан.

т. 6, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІКО́ЛІ, дыолы, двухатамныя спірты,

арганічныя злучэнні, якія маюць 2 гідраксільныя групы (OH), звязаныя з насычанымі атамамі вугляроду. У залежнасці ад узаемнага размяшчэння груп OH у малекуле адрозніваюць 1,2-гліколі (напр., 1,2-прапілен-гліколь HOC​1H2C​2H(OH)C​3H3), 1,3-гліколі і г.д. Гліколі, у якіх абедзве групы OH размешчаны пры адным атаме вугляроду, звычайна няўстойлівыя гідратныя формы альдэгідаў і кетонаў.

Найпрасцейшы гліколі — этыленгліколь і інш. ніжэйшыя гліколі (з 2—7 атамамі вугляроду ў малекуле) — вязкія бясколерныя вадкасці, якія лёгка змешваюцца з вадой і не змешваюцца з эфірам, вуглевадародамі гліколі маюць усе хім. ўласцівасці спіртоў (утвараюць алкагаляты, простыя і складаныя эфіры і г.д.; групы OH могуць рэагаваць незалежна адна ад адной і адначасова). Пры дэгідратацыі ў залежнасці ад умоў рэакцыі і будовы гліколі могуць утварацца цыклічныя эфіры (напр., дыаксан). Гліколі з’яўляюцца растваральнікамі лакафарбавых матэрыялаў, палімераў, пластыфікатарамі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці поліэфірных валокнаў, пластыфікатараў, мыйных сродкаў, кляёў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 5, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФІ́РЫ,

арганічныя кіслародныя злучэнні агульнай формулы R-O-R′ ( простыя Э.) ці R-COO-R′ (складаныя), дзе R, R′ — аднолькавыя ці розныя арган. радыкалы.

Найб. важны просты Э. — дыэтылавы эфір. Да простых адносяцца таксама некат. вінілавыя эфіры, дыаксан. Усе простыя Э. — лятучыя вадкасці, дрэнна раствараюцца ў вадзе, добра — у арган. растваральніках, устойлівыя да дзеяння шчолачаў і шчолачных металаў. Простыя Э. выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе. Складаныя Э. — гал. састаўная ч. тлушчаў, воскаў, спермацэту. уваходзяць у састаў многіх эфірных алеяў. Э. складаныя ніжэйшых карбонавых к-т і найпрасцейшых спіртоў — бясколерныя лятучыя вадкасці; вышэйшых карбонавых к-т — цвёрдыя бясколерныя рэчывы; мінер. к-т — масляністыя вадкасці. Растваральнікі (напр., этылацэтат). пластыфікатары. лек. сродкі (напр., нітрагліцэрына). прысадкі для масла і паліва. сыравіна для сінтэзу палімераў і інш. Эфіры фосфарнай к-ты (ДНК, РНК і фосфаліпіды) адыгрываюць важную ролю ў жыццядзейнасці арганізмаў. Гл. таксама Ацэтавоцатны эфір, Вінілацэтат, Гліцэрыды, Метылметакрылат.

Літ.:

Чичибабин А.Е. Основные начала органической химии. Т. 1. 7 изд. М., 1963;

Фримантл М. Химия в действии: Пер. с англ. Ч. 2. 2 изд. М., 1998.

т. 18, кн. 1, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАВО́РСКІ Аляксей Яўграфавіч (3.3.1860, г. Паўлава Ніжагародскай вобл., Расія — 8.8.1945),

расійскі хімік-арганік, заснавальнік хіміі ацэтыленавых злучэнняў, стваральнік навук. школы. Акад. АН СССР (1929, чл.-кар. 1921). Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), дзе і працаваў (з 1896 праф.). Адначасова ў 1897—1908 у Пецярбургскім хіміка-тэхнал. ін-це, з 1919 у Дзярж. ін-це прыкладной хіміі, у 1934—38 у Ін-це арган. хіміі АН СССР (яго заснавальнік і дырэктар). Рэдактар «Журнала Русского физико-химического общества» (з 1900) і «Журнала общей химии» (з 1931). Навук. працы па хіміі вытворных ацэтылену і цыклічных вуглевадародаў. Адкрыў ізамерызацыю ацэтыленавых вуглевадародаў (ацэтылен-аленавую перагрупоўку, 1887) — агульны метад сінтэзу ацэтыленавых і дыенавых вуглевадародаў, новы від ізамерызацыі α-галагенкетонаў у карбонавыя к-ты, іх эфіры або аміды пад уздзеяннем асноў — адпаведна шчолачаў, алкагалятаў або амінаў (рэакцыя, ці перагрупоўка Ф.; 1894) і рэакцыю атрымання трацічных ацэтыленавых спіртоў кандэнсацыяй ацэтыленавых вуглевадародаў з карбанільнымі злучэннямі (ацыклічнымі кетонамі, альдэгідамі) у прысутнасці асноў (рэакцыя Ф.; 1905). Атрымаў дыаксан і распрацаваў спосаб яго сінтэзу. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Избр. тр. М.; Л., 1961.

Літ.:

А.​Е.​Фаворский. М.; Л., 1947;

Фаворская Т.А. А.​Е.​Фаворский. Л., 1968.

А.​І.​Валожын.

А.Я.Фаворскі.

т. 16, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)