ДУ́МПЕР (ад англ. dump звальваць),

самазвальная машына для перавозкі сыпкіх грузаў на невял. (да 2 км) адлегласці. Мае кузаў, які пры раз’яднанні счэпнага прыстасавання перакульваецца пад дзеяннем грузу. Вызначаецца прадукцыйнасцю, манеўранасцю, магчымасцю працаваць «чаўнаком» (уперад-назад без разваротаў, для чаго аснашчаецца паваротным сядзеннем і дубліраванымі органамі кіравання). Выкарыстоўваецца таксама для адвозкі грунту з тунэляў. Грузападымальнасць да 13,5 т.

т. 6, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАЗВА́Л,

спецыялізаваны грузавы аўтамабіль, кузаў якога можа перакульвацца назад, убок або назад і ўбок. Найб. пашыраны С. з кузавамі бункернага, каўшовага ці універсальнага тыпу з гідраўлічным механізмам (пад’ёмнікам) перакульвання, які прыводзіцца ў дзеянне ад рухавіка аўтамабіля. Ёсць С. з пнеўматычным, пнеўмагідраўлічным прыводам, з прымусовай разгрузкай матэрыялаў з дапамогай шнэка, самазвальныя аўтапаязды (з цягача і паўпрычэпа з доннай разгрузкай). Грузападымальнасць С. да 180 т і больш. Выкарыстоўваюцца на земляных работах, пры здабычы карысных выкапняў (кар’ерныя С.) і інш. На Беларусі розныя тыпы С. выпускаюць Беларускі аўтамабільны завод (гл. таксама БелАЗ), Магілёўскі аўтамабільны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі завод колавых цягачоў. Гл. таксама Думпер.

Самазвалы 1 — МАЗ-525 (1950); 2 — «Волат» (Мінскага завода колавых цягачоў); 3 — МаАЗ-750516 (Магілёўскага аўтамабільнага завода); 4 — чатырохвосевы з пад’ёмнай сярэдняй воссю «Фрэйтлайнер» (ЗША).

т. 14, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)