спецыялізаваны грузавы аўтамабіль, кузаў якога можа перакульвацца назад, убок або назад і ўбок. Найб. пашыраны С. з кузавамі бункернага, каўшовага ці універсальнага тыпу з гідраўлічным механізмам (пад’ёмнікам) перакульвання, які прыводзіцца ў дзеянне ад рухавіка аўтамабіля. Ёсць С. з пнеўматычным, пнеўмагідраўлічным прыводам, з прымусовай разгрузкай матэрыялаў з дапамогай шнэка, самазвальныя аўтапаязды (з цягача і паўпрычэпа з доннай разгрузкай). Грузападымальнасць С. да 180 т і больш. Выкарыстоўваюцца на земляных работах, пры здабычы карысных выкапняў (кар’ерныя С.) і інш. На Беларусі розныя тыпы С. выпускаюць Беларускі аўтамабільны завод (гл. таксама БелАЗ), Магілёўскі аўтамабільны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі завод колавых цягачоў. Гл. таксама Думпер.
Самазвалы 1 — МАЗ-525 (1950); 2 — «Волат» (Мінскага завода колавых цягачоў); 3 — МаАЗ-750516 (Магілёўскага аўтамабільнага завода); 4 — чатырохвосевы з пад’ёмнай сярэдняй воссю «Фрэйтлайнер» (ЗША).