ГІСТОРЫЯ ФІЛАСОФСКАЙ І ГРАМАДСКАЙ ДУМКІ

Філасофская і грамадска-паліт. думка Беларусі ўзнікла ў 10—11 ст. у выніку прыняцця хрысціянства і ўсталявання культ. сувязей з Візантыяй і заходнееўрап. краінамі, што дало імпульс распаўсюджванню разнастайных перакладных твораў — тэалагічных, тэолага-філас., шматлікіх хронік і зборнікаў, гіст. і павучальна-дыдактычных аповесцей і інш. рукапісных кніг. У той час філасофія была арганічна звязана з тэалогіяй, сцвярджала хрысц. маральную дактрыну, пабудаваную на прынцыпе духоўнай самакаштоўнасці чалавека. У славянскіх землях сталі вядомы творы візантыйскіх аўтараў, у прыватнасці, філас. раздзелы «Вытоку ведаў» Іаана Дамаскіна, які імкнуўся да выкарыстання ў хрысц. тэалогіі ідэй антычнай філасофіі. Гэтую тэндэнцыю ўспрыняў мысліцель і пісьменнік 12 ст. Клімент Смаляціч Пафасам асветніцкай працы, сцвярджэння ідэалаў дабра і справядлівасці, высокіх маральных якасцей і духоўнасці прасякнута дзейнасць Ефрасінні Полацкай. У творах Кірылы Тураўскага знайшло ўвасабленне хрысц. разуменне свету і прызначэння чалавека, яго духоўна-маральнай сутнасці. З канца 14 ст. ў філас. і грамадска-паліт. думцы Беларусі ўзмацніліся рэнесансавыя тэндэнцыі, абумоўленыя ўплывам гуманіст. еўрап. культуры, адносным дэмакратызмам дзярж. ладу, завяршэннем працэсу фарміравання бел. этнасу і старабел. мовы. Ф.​Скарына паклаў пачатак развіццю ў нац. філас. думцы трывалай гуманіст. традыцыі, асновай якой стала сцвярджэнне ідэі маральна ўзвышальнага значэння культуры, ведаў, розуму, пафасу служэння свабодзе, агульнаму нац. дабрабыту. Гэтыя традыцыі развівалі ў сваіх творах М.​Гусоўскі, С.​Будны, В.​Цяпінскі, А.​Волан, браты Л. і С. Зізаніі і інш., погляды якіх адлюстроўвалі імкненні эпохі Адраджэння. Бел. мысліцелі-гуманісты падзялялі нац.-дзярж. дактрыну новага часу, прызнавалі права кожнага народа на самастойнае паліт. і культ. развіццё. Набылі пашырэнне ідэі і тэорыі грамадскага дагавору і натуральнага права, захавання законнасці і развіцця прававой свядомасці людзей. Пра гэта сведчаць унікальныя помнікі тагачаснага права — Статуты Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588, у якіх прапаведавалася ідэя прававой дзяржавы, абвешчаны прынцыпы вяршэнства закона, урадавай абароны правоў і свабод чалавека. З сярэдзіны 16 ст. на Беларусі актывізаваўся рэфармацыйны рух, распаўсюджваўся пратэстантызм, выспявалі матэрыяліст. і атэістычныя ідэі (С.​Лован, К.​Бекеш). Гэты перыяд адметны пашырэннем неакаталіцызму (яго ідэолагі П.​Скарга, І.​Пацей і інш.), узнікненнем шматлікай палемічнай літаратуры (Х.​Філалет, М.​Сматрыцкі, С.​Зізаній, А.​Філіповіч і інш.). Неабходнасць пашырэння ведаў, пазнання ўсей разнастайнасці свету сцвярджаў асветнік 17 ст. Сімяон Полацкі. Супраць пануючых рэліг. уяўленняў з пазіцый адмаўлення бога і рацыяналістычнага пазнання рэчаіснасці выступаў К.​Лышчынскі. Склалася сістэма схаластычнай філасофіі, якая грунтавалася на тэалагічнай інтэрпрэтацыі твораў Арыстоцеля і ўключала шырокі спектр дысцыплін, не пазбаўленых гуманіст. уплываў, асабліва ў галіне эстэтыкі, паэтыкі і рыторыкі (М.​Сарбеўскі, С.​Лаўксмін і інш.). Паступова складвалася эклектычная філасофія — своеасаблівае спалучэнне схаластыкі і новай рацыяналістычнай філасофіі (А.​Скарульскі, Б.​Дабшэвіч, С.​Шадурскі).

У 2-й пал. 18 ст. ўзмацнілася цікавасць да прыродазнаўчых тэорый, на Беларусь пранікалі ідэі філасофіі новага часу. Прадстаўнікі ранняга Асветніцтва (Б.​Дабшэвіч, К.​Нарбут, М.​Пачобут-Адляніцкі і інш.) сцвярджалі гуманіст. ідэі павагі да чалавека, выхавання і адукацыі на аснове свабоды перакананняў, высокай грамадзянскасці і адказнасці. Гісторык-асветнік А.​Нарушэвіч адводзіў розуму гал. ролю ў гіст. працэсе, а прадметам навук. даследавання лічыў не толькі дзеянні кіраўнікоў і военачальнікаў, але і жыццё простага народа. Г. Каніскі прапагандаваў неабходнасць усталявання ў краіне парадку і законнасці, крытыкаваў духоўнае ўбоства тых, хто меў уладу. М.​Матушэвіч у сваіх творах асуджаў самавольства пануючых класаў, абараняў чалавечую годнасць простых людзей. Фізіякраты (Г.​Млоцкі, М.​Страйноўскі, І.​Храптовіч і інш.) разглядалі грамадства як натуральны арганізм, што складае частку прыроды; лічылі, што адыход чалавека ад разумных законаў прыроды непазбежна выкліча няшчасці, бедствы і беспарадкі. На пазіцыях суб’ектыўнага ідэалізму стаяў С.​Майман, які займаўся даследаваннямі ў галіне матэм. логікі, тэорыі і метадалогіі пазнання. Канец 18 — пач. 19 ст. адзначаны фарміраваннем тэндэнцый прыродазнаўчага матэрыялізму, развіццём радыкальных сац. утапічных ідэй антыпрыгонніцкай накіраванасці (П.​Бжастоўскі, М.​Карповіч, І.​Яленскі і інш.). У ідэалогіі тайных рэв. т-ваў 1-й пал. 19 ст. (філаматы, Дэмакратычнае таварыства, Братні саюз літоўскай моладзі і інш.) асветніцкія тэндэнцыі спалучаліся з вызваленчымі памкненнямі. Ішоў працэс радыкалізацыі грамадскай думкі, накіраванай на неабходнасць ліквідацыі прыгонніцкай сістэмы і знішчэння самадзяржаўя. Для пашырэння ідэй Асветніцтва на Беларусі шмат зрабіла Камісія нар. адукацыі Рэчы Паспалітай (Адукацыйная камісія), якая па сутнасці была першым у Еўропе мін-вам асветы, а таксама выкладчыкі Віленскага ун-та, нар. вучылішчаў.

З сярэдзіны 19 ст. вылучаецца рэв.-дэмакр. перыяд у развіцці філас. і грамадска-паліт. думкі Беларусі, звязаны з пошукам шляхоў сац. і нац. вызвалення, стварэння справядлівых і гарманічных асноў жыццядзейнасці бел. грамадства. Тэндэнцыі нар. самавызначэння і развіцця набывалі выразныя формы ў публіцыст. і рэв. дзейнасці К.​Каліноўскага. Выражэнне патрэбнасці самаст. грамадска-паліт. і культ. развіцця Беларусі знайшло адлюстраванне ў творчасці аднаго з ідэолагаў нац.-вызваленчага дэмакр. руху, заснавальніка новай бел. л-ры Ф.​Багушэвіча. У гэтым рэчышчы разгортвалася творчасць Я.​Лучыны, А.​Гурыновіча, бел. народнікаў-гоманаўцаў 1880-х г., якія ўпершыню зрабілі канкрэтны аналіз праблемы нац. самавызначэння бел. народа. Спалучэнне ідэй нац. і сац.-паліт. вызвалення склала аснову праграм і творчасці прадстаўнікоў нац. адраджэння пач. 20 ст. Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, З.​Бядулі, А.​Луцкевіча, В.​Ластоўскага, публікацый штотыднёвікаў «Наша ніва» і інш. легальных бел. выданняў. З канца 19 ст. ў Беларусі пачалі распаўсюджвацца марксісцкія ідэі, а пасля абвяшчэння БССР марксізм ператварыўся ў пануючую грамадскую ідэалогію, стаў афіц. філас. тэорыяй. 1920-я г., якія неслі адбітак папярэдняга нац. гіст. аптымізму, былі адзначаны ўздымам патрыятычнай свядомасці, асэнсаваннем грамадскіх ідэй, спецыфічна-нац. пункту гледжання (І.​Канчэўскі, У.​Самойла, Ф.​Шантыр) і інш. Плённымі былі спробы асобных прадстаўнікоў філас. навукі распрацоўваць тэарэтыка-метадалагічныя праблемы тэорыі пазнання, гісторыі бел. філас. і грамадскай думкі (У.​Пічэта, Б.​Быхоўскі, А.​Цвікевіч і інш.). У наступны перыяд прадметам даследавання бел. вучоных сталі светапоглядныя аспекты арыгінальнай стараж.-бел. л-ры 10—13 ст., рэнесансава-гуманіст. думка Беларусі 14—16 ст. і перыяду рэфармацыйнага руху. Усебакова вывучаліся жыццёвы шлях і творчасць Клімента Смаляціча, Кірылы Тураўскага, М.​Гусоўскага, Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, А.​Волана, К.​Нарбута, А.​Філіповіча, Сімяона Полацкага, К.​Лышчынскага і інш.

Перыяд канца 1950—80-х г. характарызаваўся паглыбленым даследаваннем прыватных праблем жыцця і творчасці асобных персаналій, стварэннем абагульняльных прац па гісторыі рэв.-дэмакр. і вызваленчых ідэй, філас. думкі эпохі Адраджэння і Асветніцтва, перыяду ўвядзення Брэсцкай царк. уніі, сцвярджэння схаластыкі і ўзнікнення эклектычнай філасофіі: «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» М.​А.​Алексютовіча (1958), «Мялецій Сматрыцкі» К.​С.​Пракошынай (1961), «Рэфармацыя і грамадская думка Беларусі і Літвы» С.​А.​Падокшына (1970), «Ад Асветніцтва да рэвалюцыйнага дэмакратызму» Н.​М.​Махнач (1976), «Казімір Нарбут» У.​В.​Дуброўскага (1979) і інш. Узнік новы кірунак у даследчай дзейнасці бел. філосафаў — вывучэнне гісторыі эстэт. думкі (працы Э.​К.​Дарашэвіча, У.​М.​Конана, А.​С.​Майхровіча), рэліг. філасофіі (Т.​П.​Кароткая). Апублікаваны фундаментальныя працы па гісторыка-філас. тэматыцы: «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962), «Нарысы гісторыі марксісцка-ленінскай філасофіі ў Беларусі (1919—68)» (1968), «Нарысы гісторыі філасофскай і сацыялагічнай думкі Беларусі (да 1917)» (1973), «Ідэі матэрыялізму і дыялектыкі ў Беларусі (дакастрычніцкі перыяд)» (1980), «З гісторыі вальнадумства і атэізму ў Беларусі» (1978) і інш. У 1980-я г. распрацоўваліся пытанні фарміравання ў Беларусі этычнай думкі, станаўлення форм маральнай свядомасці ў эпоху сярэдневякоўя, Рэнесансу, Асветніцтва, нац. адраджэння. Новымі падыходамі да раскрыцця нац. светапогляднага зместу філасофіі розных гіст. эпох адрозніваліся працы «Філасофская думка Кіеўскай Русі» У.​Б.​Евароўскага (1996), «Унія. Дзяржаўнасць. Культура» С.​А.​Падокшына (1998), «Нацыя, рэлігія і дзяржаўнасць у палемічнай літаратуры Беларусі канца XVI — першай паловы XVII ст.» (1998) і інш. Тэндэнцыі развіцця сучаснай філас. і грамадскай думкі Беларусі звязаны з пошукам новых падыходаў, светапоглядных арыентацый і праграм у розных сферах жыццядзейнасці людзей, з асэнсаваннем праблем суверэнітэту, пабудовы прававой дзяржавы, шляхоў умацавання ін-таў і механізмаў грамадз. супольнасці, міжнар. і міжнац. адносін, маральнага і эстэт. выхавання людзей.

Літ.:

Лушчыцкі І.М. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палове XIX ст. Мн., 1958;

Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Купчин Н.С. Идеи материализма и диалектики в трудах естествоиспытателей Белоруссии (вторая половина XIX — нач. XX в.). Мн., 1972;

Мохнач Н.Н. От Просвещения к революционному демократизму. Мн., 1976;

Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII вв. Мн., 1991;

Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992;

Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;

Яго ж. Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры. Мн., 2003;

Асветнікі зямлі Беларускай. Мн., 2001.

А.​С.​Майхровіч, С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 18, кн. 2, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З ГІСТОРЫІ ЭКАНАМІЧНАЙ ДУМКІ БЕЛАРУСІ

Першапачаткова эканамічныя погляды на Беларусі фіксаваліся ў юрыд. актах і дакументах: гандл. дагаворах паміж гарадамі і дзяржавамі, у статутах і ўставах ВКЛ. Яны адлюстроўвалі спецыфіку мясц. эканам. умоў і агульныя тэндэнцыі ў развіцці эканам. думкі Еўропы. З сярэдзіны 16 ст., асабліва ў часы Рэфармацыі, распаўсюджваўся вопыт Захаду: прапаганда меркантылісцкіх ідэй, моцнай цэнтралізаванай улады, развіццё земляробства. Напр., М.​Літвін абгрунтоўваў неабходнасць аднолькавага падатку з усіх грамадзян ВКЛ; С.​Будны выступаў за недатыкальнасць прыватнай уласнасці, але прапаноўваў абмежаваць крайнасці прыгоннага права; Ф.​Скарына, поруч з патрабаваннем роўнасці для ўсіх, выказваўся за захаванне існуючай эканам. мадэлі грамадства. Тэолаг, філосаф і эканаміст канца 16 — пач. 17 ст. М.​Сміглецкі эканам. катэгорыі (пазыковы працэнт, прыбытак, цана, зямельная рэнта) разглядаў у цеснай узаемасувязі з развіццём таварна-грашовых адносін і фактарамі рыначнай кан’юнктуры, крыніцу рэнты ён бачыў у працы сялян (працоўная тэорыя вартасці). Прадстаўнікі левага крыла арыян (М.​Чаховіц і Якуб з Калінаўкі) выступалі з патрабаваннем поўнай ліквідацыі прыгоннага права; вышэйшым выяўленнем іх утапічнага сацыялізму можна лічыць спробу стварыць сваё «ідэальнае грамадства» — Ракаўскую камуну. Развіццё прадукцыйных сіл стварыла ўмовы для фарміравання самастойнай эканам. навукі, найперш палітэканоміі і эканомікі сельскай гаспадаркі. Найбольшы ўплыў мела вучэнне фізіякратаў (І.​Масальскага, П.​К.​Бжастоўскага, М.​Карповіча і інш.), якое перанесла эканам. даследаванні са сферы абарачэння ў вытворчасць; земляробства яны лічылі адзінай крыніцай дабрабыту. Ідэі, падобныя на погляды франц. камуністаў-утапістаў, прапагандавалі ў сваіх працах І.​Быкоўскі, С.​Зяловіч, І.​Яленскі і інш. Праблемы палітэканоміі на базе вучэння А.​Цюрго ў канцэнтраваным выглядзе знайшлі адлюстраванне ў даследаваннях І.​Храптовіча, а практычную рэалізацыю — у дзейнасці гродзенскага старасты А.​Тызенгаўза (арганізацыя мануфактур і Гандлёвай канторы, правядзенне агр. рэформы і інш.). Прафесары Віленскага ун-та І.​Страйноўскі, Я.​Зноска, С.​Малеўскі, Я.​Вашкевіч у канцы 18 — пач. 19 ст. сталі выкладаць эканам. дысцыпліны, абапіраючыся на вучэнне А.​Сміта, з моцным уплывам фізіякратычных ідэй. У падручніках па палітэканоміі яны разглядалі асноўныя палітэканамічныя катэгорыі: вартасць, цана, прыбытак, рэнта, канкурэнцыя і інш. Я.​Вашкевіч у шэрагу сваіх публікацый развіваў такія эканам. дысцыпліны, як эканоміка гандлю, фінансы і крэдыт. Сувязь бел. эканам. думкі з рускай выявілася ў працах удзельнікаў руху дзекабрыстаў і петрашэўцаў (І.​Ястржэмбскі, І.​Гарбачэўскі).

У сярэдзіне 19 ст. цэнтрам фарміравання эканам. навукі на Беларусі стаў Горы-Горацкі земляробчы ін-т, у якім працавалі прафесары-эканамісты Б.​Міхельсон, Б.​Цалінскі, А.​Гінцаль, А.​М.​Бажанаў і інш. Міхельсон абгрунтаваў мэтазгоднасць паступовага пераводу сялян з паншчыны на аброк з наступным іх выкарыстаннем у якасці наёмных рабочых, бесперашкоднае развіццё прамысловасці і гандлю; Цалінскі прапанаваў браць падаткі не з капіталу, а з даходаў; скласці зямельны кадастр і ўвесці пазямельны падатак; Бажанаў, распрацаваў методыку эфектыўнага выкарыстання тэхнікі ў сельскай гаспадарцы, даследаваў праблемы статыстыкі, страхавання і крэдытавання ў сельскай гаспадарцы. І.​Корвін-Мілеўскі тэарэтычна абгрунтаваў нежыццяздольнасць дробных сялянскіх гаспадарак і неэфектыўнасць грамадскай уласнасці, быў прыхільнікам надання асабістай свабоды сялянам і абараняў буйную зямельную ўласнасць. Пасля скасавання прыгоннага права з пазіцый лібералізму і свабоднай канкурэнцыі выступаў Ю.​Янсан, які тэарэтычна падзяляў ідэю гармоніі інтарэсаў Ф.​Бастыі і крытыкаваў кааператыўную тэорыю сацыялізму Ф.​Лісала і Ф.​Шульцэ-Дэліча, а таксама тэорыю абшчыннага сацыялізму М.​Ф.​Чарнышэўскага. Значныя эканам. даследаванні ў 1860-я г. праведзены па асобных бел. губернях. П.​В.​Баброўскі апісаў эканам. становішча Гродзенскай губ. Гал. крытэрыямі магутнасці дзяржавы і яе насельніцтва ён лічыў шляхі зносін, рост прамысловасці і гандлю, раўнамернае падаткаабкладанне; у сельскай гаспадарцы ён абгрунтоўваў ідэю перавагі дробных сялянскіх самастойных гаспадарак. І.​Зяленскі ўпершыню паспрабаваў ажыццявіць эканам. раянаванне Мінскай губ. на падставе прадукцыйнасці зямлі, падкрэсліваў важнасць вывучэння гарадской эканомікі і ўдасканалення статыстыкі. М.​Дубенскі на прыкладзе Магілёўскай губ. спрабаваў вырашыць пытанне ацэнкі нерухомасці. Кошт зямлі ён вызначаў попытам і прапановамі, якія залежаць ад населенасці і багацця краіны. З пазіцый рэв. дэмакратаў з крытыкай рэформы 1861 выступаў К.​Каліноўскі, які патрабаваў перадачы зямлі сялянам без усялякіх выкупаў.

У канцы 19 ст. па меры станаўлення рыначных адносін у эканам. даследаваннях глыбей сталі адлюстроўвацца інтарэсы розных пластоў насельніцтва, аналізавацца пазіцыі розных эканам. школ. Прафесар А.​П.​Людагоўскі выдаў першы ў Расіі падручнік па эканоміцы сельскай гаспадаркі. А.​Ельскі прааналізаваў гісторыю развіцця нар. гаспадаркі Беларусі і яе эканам. думкі ў кантэксце эвалюцыі звычаяў бел. народа. Сталі з’яўляцца эканам. працы з выкарыстаннем матэматычных метадаў. Так, А.​Раўкоўскі ўпершыню ў Расіі выкарыстаў матэм. метады пры аналізе эфектыўнасці дзейнасці камерцыйных банкаў, а І.​Жылінскі даказаў эканам. эфектыўнасць укладанняў у асушэнне Палескіх балот. Марксісцкі кірунак палітэканоміі ў той перыяд прадстаўлялі Б.​Белаблоцкі і І.​Гурвіч. Супярэчлівымі былі даследаванні моцных с.-г. таварыстваў. Большасць іх даследчыкаў адстойвалі прынцыпы пераходу на рыначныя адносіны, развіццё на Беларусі перапрацоўчай вытворчасці, перавод сялян на ўчасткова-падворную форму землекарыстання, развіццё фінансава-крэдытных устаноў, удасканальванне падатковай сістэмы і інш. Народніцкія погляды прапагандавалі Ф.​Багушэвіч, А.​Гарагляд, А.​Гурыновіч, рэдакцыя газеты «Минский листок» і часопіс «Гомон». На бел. мову былі перакладзены працы рас. эканаміста В.​Варзара «Хітрая механіка» («Дзядзька Антон») і ўкраінскага эканаміста С.​Падалінскага «Пра беднасць» («Пра багацтва ды беднасць»).

У пач. 20 ст. даследаваліся праблемы эканомікі сельскай гаспадаркі, развіцця прамысловасці і фін.-крэдытных устаноў. Марксісцкага падыходу ў сваіх працах прытрымліваліся А.​Анекштэйн (у газ. «Северо-Западный край» ён апублікаваў цыкл артыкулаў, у якіх разглядаў асноўныя эканам. катэгорыі, прадмет і метад палітэканоміі), С.​С.​Трусевіч абгрунтаваў мэтазгоднасць перадачы зямлі ва ўласнасць сялян. Прадстаўнікі бурж.-памешчыцкай эканам. думкі (А.​Осіпаў, Д.​Радзевіч, Г.​Свянціцкі і інш.) шукалі шляхі развіцця хутарской гаспадаркі пры захаванні і інтэнсіфікацыі памешчыцкай. Ф.​Ястрэмскі падрабязна прааналізаваў эканам. стан Мінскай губ. і зрабіў ацэнку нерухомасці для больш дакладнага падаткаабкладання, а С.​Любіч выдаў шэраг прац па палітэканоміі, эканам. геаграфіі, сельскай гаспадарцы. Інтарэсы бел. сялянства адстойвала Бел. сацыялістычная грамада (БСГ) і яе друкаваны орган «Наша ніва», у якой асвятляліся праблемы кааперацыі, аграрныя пытанні, хутарызацыя, даваўся аналіз эканам. развіцця асобных бел. губерняў і інш.

У 1917—21 ішоў пошук шляхоў далейшага эканам. развіцця Беларусі. Бальшавіцкі падыход адлюстраваны ў эканам. даследаваннях А.​Ф.​Мяснікова, Р.​В.​Пікеля, І.​А.​Мяніцкага, С.​Л.​Гельтмана, В.​С.​Міцкевіча-Капсукаса, якія абгрунтоўвалі мэтазгоднасць ліквідацыі прыватнай уласнасці і таварна-грашовых адносін, пераход да абагуленай вытворчасці і цэнтралізаванай сістэмы кіравання. Да сацыял-дэмакр. поглядаў схіляліся ідэолагі бел. нац.-культурнага адраджэння. Упершыню цэласная ацэнка эканам. развіцця і стану Беларусі як самастойнага гасп. механізму дадзена А.​А.​Смолічам, А.​Л.​Бурбісам, А.​М.​Уласавым, А.​Цвікевічам. Прадстаўнікі земскага руху (Д.​Д.​Бохан, П.​У.​Злобін) адстойвалі неабходнасць эканам. развіцця Беларусі па шляху Захаду, крытыкавалі палітыку бальшавікоў як неэфектыўную, якая прывядзе да эканамічнага краху.

У 1920—30-я г. эканам. думка Беларусі развівалася ў 2 кірунках: у БССР (як часткі СССР) шукалі альтэрнатыву капіталіст. шляху развіцця, а ў Зах. Беларусі (у складзе Польшчы) распрацоўваліся пытанні паляпшэння эканам. стану. У Зах. Беларусі выйшлі прыкметныя даследаванні па эканоміцы сельскай гаспадаркі А.​Клімовіча, па ацэнцы вучэння К.​Маркса — Т.​Грыба, па кааперацыі — С.​Чыжэўскага, Ф.​Акінчыца, А.​Клімовіча; аграрныя пытанні даследавалі З.​Людкевіч і рэктар Віленскага ун-та А.​Станкевіч. У 1926 упершыню на бел. мове выйшаў падручнік па палітэканоміі А.​Більдзюкевіча, у якім прадстаўлены ўсе існуючыя на той час эканам. школы, а таксама гісторыя развіцця сусветнай эканам. думкі. Эканамічным пытанням аддавалася належнае ў праграмах бел. нац. партый і рухаў: Бел. сялянска-рабочай грамады (Б.​С.​Тарашкевіч), эсэраў (Грыб), хрысціянскіх дэмакратаў (Станкевіч, В.​І.​Гадлеўскі) і інш. У БССР да гал. дасягненняў эканам. думкі можна аднесці: распрацоўку мадэлі далейшага сац.-эканам. развіцця Беларусі ва ўмовах спалучэння камандных і рыначных метадаў кіравання (у перыяд нэпа), падлік нац. даходу (Г.​І.​Гарэцкі), правядзенне эканам. раянавання (Смоліч, Р.​В.​Бонч-Асмалоўскі), распрацоўка першага 5-гадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР. З’явіліся даследаванні па пытаннях расійскага імперыялізму і агульнага крызісу капіталізму (М.​Б.​Гольман), па сусветнай гаспадарцы і эканам. думцы Захаду (І.​Герцыка), па гісторыі развіцця эканомікі Беларусі (М.​Доўнар-Запольскі, Смоліч, І.​А.​Пятровіч, У.​І.​Ігнатоўскі), па эканоміцы лясной гаспадаркі (Б.​Ганжы), па эканоміцы меліярацыі (А.​Фралова). У 1930-я г. асноўная ўвага бел. эканамістаў была сканцэнтравана на даследаваннях праблем індустрыялізацыі і калектывізацыі, размяшчэння прадукцыйных сіл, арганізацыі працы, эканам. раянавання і інш.

У 1950—60-я г. эканам. даследаванні ў БССР значна пашырыліся. Акрамя Ін-та эканомікі Нац. АН Беларусі эканам. даследаванні сталі праводзіцца ў НДІ эканомікі і арганізацыі с.-г. вытворчасці, НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. У гэты перыяд даследаваліся праблемы палітэканоміі (Г.​Т.​Кавалеўскі, З.​З.​Дудзіч), эфектыўнасці капітальных укладанняў і кібернетыкі (М.​І.​Вядута), размяшчэння прадукцыйных сіл (В.​Ф.​Мядзведзеў), эканомікі сельскай гаспадаркі (І.​М.​Качура, Ф.​С.​Марцінкевіч), эфектыўнасці нар. гаспадаркі (С.​М.​Малінін), эканам. геаграфіі (Кавалеўскі, Я.​Г.​Ракаў), эканам. гісторыі Беларусі (Малінін, М.​Р.​Матусевіч, В.​І.​Дрыц, З.​І.​Гіяргідзе), уліку і аналізу гасп. дзейнасці прадпрыемстваў (М.​У.​Дэмбінскі), гасп. рэформы 1965. У 1970—80-я г. бел. эканамісты працягвалі даследаваць тэарэтычныя пытанні палітэканоміі сацыялізму, крытыкі сучасных бурж. тэорый. Больш увагі сталі аддаваць эканоміцы навукі (І.​І.​Сяржынскі, В.​С.​Серада), комплексным праграмам (С.​Р.​Галуза, Ф.​А.​Дронаў), эканам. гісторыі (Дрыц), павышэнню эфектыўнасці грамадскай вытворчасці (Марцінкевіч, П.​А.​Капітула, І.​А.​Міхайлаў-Станюта), эканоміцы меліярацыі (Г.​М.​Лыч), гісторыі эканам. вучэнняў (М.​В.​Навучыцель), рэгіянальнаму гаспразліку (П.Г. і М.​У.​Нікіценкі) і інш. Плённа працавалі выкладчыкі ВНУ па стварэнні падручнікаў па розных эканам. дысцыплінах. Так, А.​Г.​Заўялкаў упершыню ў СССР падрыхтаваў і выдаў падручнік па цэнаўтварэнні.

З набыццём дзярж. суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь кардынальна змянілася праблематыка эканам. даследаванняў — пачалася распрацоўка канкрэтных прапаноў па эфектыўным пераходзе эканомікі Беларусі на рыначныя адносіны і яе ўдзел у міжнар. падзеле працы. Практычна ўсе даследаванні пачынаючы з 1990-х г. мелі пошукавы характар або абагульнялі вопыт краін Захаду.

З канца 1990-х г. распрацоўваюцца больш канкрэтныя эканам. праблемы з фарміраваннем розных кірункаў даследаванняў. У іх ліку распрацоўка мадэлі сацыяльна-эканам. развіцця Беларусі (П.​Г.​Нікіценка), эфектыўнасці знешняга гандлю і ўваходу Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (Мядзведзеў), комплексных прагнозаў НТП і сацыяльна-эканам. развіцця краіны (У.​М.​Шымаў, Л.​М.​Крукаў), эканам. бяспекі (В.​Н.​Ермашкевіч, У.​В.​Пузікаў), дзярж. рэгуляванне (І.​В.​Новікава), цэнаўтварэнне (У.​І.​Тарасаў), сацыяльныя пытанні (А.​П.​Морава), гісторыя эканам. думкі (В.​М.​Бусько). Новымі кірункамі даследаванняў эканам. навукі, звязаных з пераходам да рыначных адносін, сталі маркетынг (І.​Л.​Акуліч, А.​П.​Дуровіч), тэарэтычныя аспекты рыначных пераўтварэнняў у АПК (У.​Л.​Клюня, А.​В.​Вараб’ёў), рэгіянальная эканоміка (П.​Лямешчанка), прадпрымальніцтва (А.​І.​Лучанок), падаткаабкладанне (Г.​А.​Шмарлоўская), дэманапалізацыя (Г.​Р.​Санько), фінансы і крэдыт (М.​М.​Кавалёў, С.​А.​Багданкевіч) і інш. Ураджэнцы Беларусі адыгралі важную ролю ў развіцці эканам. думкі асобных краін. Так, у Расіі вызначыліся Дз.​І.​Жураўскі (вывучаў статыстыку) і В.​Сямеўскі (вывучаў гісторыю нар. гаспадаркі Расіі), у ЗША — С.​Кузнец (вывучаў праблемы эканам. росту, лаўрэат Нобелеўскай прэміі).

Літ.:

Бусько В.Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX вв. Мн., 1990;

Яго ж. Экономическая мысль Белоруссии в период НЭПа (20-е годы). Мн., 2000;

Бусько В.Н., Якимченко С.И. Экономическая мысль Белоруссии (февраль 1917 г. — март 1921 г.). Мн., 2001;

Никитенко П.Г., Бусько В.Н. Они были первыми академиками-экономистами Беларуси. Мн., 2001;

Вклад ученых БГУ в развитие экономического образования и экономической мысли Беларуси. Мн., 2002.

В.​М.​Бусько.

т. 18, кн. 2, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬФ (Wolff) Крысціян (24.1.1679, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 9.4.1754),

нямецкі філосаф, ідэолаг ранняга Асветніцтва. Праф. філасофіі і матэматыкі ў Гале (1706—23 і з 1740) і Марбургу (1723—40). Вучань Т.В.Лейбніца. Абараняў зыходныя палажэнні тэорыі натуральнага права, адстойваў абстрактныя гуманіст. ідэалы, сваю філасофію разглядаў як сродак для дасягнення «ўсеагульнага шчасця людзей» («Логіка, ці Разумныя думкі пра сілы чалавечага розуму», 1712). Бога лічыў істотай, якая валодае абсалютнай сілай і розумам, з’яўляецца творцам прыроды («Разумныя думкі пра Бога, свет і душу чалавека, а таксама пра ўсе рэчы ўвогуле», 1720). У творах «Палітыка, ці Разумныя думкі пра грамадскае жыццё людзей» (1721), «Разумныя думкі пра дзеянні прыроды» (1723), «Філасофія маралі, ці Этыка» (1750—53) імкнуўся распрацаваць усёабдымную сістэму ведаў.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ХВІЦ Фларыян (4.5.1799, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 9.8.1856),

бел. філосаф. Прадстаўнік хрысціянскага кірунку філас. думкі. Вучыўся ў Нясвіжы, вывучаў права ва ун-тах Кіева і Вільні. Быў чл. Навагрудскай карпарацыі адвакатаў. У 1838 адмовіўся ад дзейнасці адваката і заняўся навук.-літ. працай. Аўтар прац (на польск. мове) «Сутнасць маёй думкі...» (ч. 1—3, 1838—41), «Асновы маіх думак і пачуццяў» (1842), «Думкі пра выхаванне чалавека» (1847). Імкнуўся прымірыць рэліг. ідэі з навукай. Гал. мэтай выхавання лічыў удасканаленне розуму і пачуццяў, выказваўся за неабходнасць такой сістэмы выхавання, якая б рыхтавала людзей, карысных для грамадства.

т. 3, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЭ́ЛАПА ІНСТЫТУ́Т, Амерыканскі інстытут грамадскай думкі,

установа па вывучэнні грамадскай думкі ў ЗША. Засн. ў 1935 у г. Прынстан (штат Нью-Джэрсі) сацыёлагам Дж.​Гэлапам. Штотыднёва фіксуе грамадскую думку ў ЗША па паліт., сац. і эканам. праблемах. Адыграў значную ролю ў развіцці методыкі і тэхнікі масавых апытанняў насельніцтва і іх практ. выкарыстанні.

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТА́ТА (ад лац. citatum ад citare заклікаць, прыводзіць),

даслоўная вытрымка з якога-н. тэксту, прамовы. Выкарыстоўваецца для падмацавання пэўнай думкі аўтарытэтным выказваннем, як найб. дакладная паводле сэнсу яе фармулёўка, як фактычны ілюстрацыйны матэрыял, для крытыкі цытуемай думкі. У пісьмовай, пераважна навук. і афіц.-дзелавой, мове Ц. бяруць у двукоссі ці вылучаюць шрыфтам і даюць спасылку на крыніцу. Прапушчаныя словы ці сказы ў Ц. абазначаюць шматкроп’ем.

т. 17, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЯ ДУ́МКА,

стан масавай свядомасці, які адлюстроўвае адносіны грамадства або яго часткі да з’яў і працэсаў сац.-паліт. і сац.-культ. рэчаіснасці, да дзейнасці пэўных асоб, груповак, арг-цый і г.д. Можа выступаць у экспрэсіўнай, кансультатыўнай і рэгулятыўнай функцыях; у залежнасці ад зместу выказванняў у ацэначных, аналітычных і канструктыўных меркаваннях. Грамадская думка рэгулюе паводзіны індывідаў, сац. груп, суполак, сац. ін-таў у грамадстве, выпрацоўвае пэўныя нормы грамадскіх паводзін; выяўленні нар. характару. Носьбітам (суб’ектам) грамадскай думкі можа выступаць грамадства ў цэлым, а таксама розныя сац. і паліт. групоўкі. Найб. актыўнымі каналамі фарміравання і выяўлення грамадскай думкі ў дэмакр. грамадстве з’яўляюцца сродкі масавай інфармацыі, сходы, мітынгі, маніфестацыі грамадзян, а таксама рэферэндумы, выбары органаў улады, сацыялагічныя апытанні насельніцтва. Навук. распрацоўка праблем грамадскай думкі пачалася ў 2-й пал. 19 ст. франц. сацыёлагам Г.​Тардам, у 20 ст. — амер. сацыёлагамі А.​Хоўэлам, У.​Ліпманам і інш. У Беларусі тэндэнцыя развіцця грамадскай думкі даследуецца Ін-там сацыялогіі АН Беларусі, недзярж. арг-цыяй «Грамадская думка», інш. сацыяльнымі групамі.

Літ.:

Тард Г. Общественное мнение и толпа: Пер. с фр. М., 1902;

Тернер Дж. Структура социологической теории: Пер. с англ. М., 1985;

Горшков М.К. Общественное мнение: История и современность. М., 1988.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВЯНАФІ́ЛЬСТВА,

адзін з кірункаў рус. філас. і грамадскай думкі сярэдзіны 19 ст. Гл. Славянафілы.

т. 14, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НАН Уладзімір Міхайлавіч (н. 23.4.1934, в. Вераскава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. філосаф, гісторык, літ. крытык. Д-р філас. н. (1982). Скончыў БДУ (1959). З 1962 у ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1991 заг. аддзела Нац. навук.-асв. цэнтра імя Ф.​Скарыны. Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы філасофіі і культуралогіі, гісторыю эстэт. думкі, пытанні фалькларыстыкі і літ.-знаўства Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за цыкл работ па гісторыі філас. і грамадскай думкі Беларусі (апубл. ў 1973—80).

Тв.:

Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гт.). Мн., 1968;

Демократическая эстетика Белоруссии (1905—1917 гг.). Мн., 1971;

Адам Бабарэка: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1976;

От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;

Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989;

Боская і людская мудрасць: (Францішак Скарына: жыццё, творчасць, светапогляд). Мн., 1990;

Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча. Мн., 1991.

У.М.Конан.

т. 8, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАБО́ЧНЫЯ СЛО́ВЫ,

словы і спалучэнні слоў, якія граматычна не звязаны з членамі сказа і выражаюць адносіны асобы, што гаворыць, да выказанай думкі. Выражаюцца мадальнымі словамі і інш. часцінамі мовы («сапраўды», «праўда», «галоўнае», «між іншым», «па-мойму», «аднак»). Могуць выкарыстоўвацца для выражэння верагоднасці выказанай думкі («вядома»), звычайнасці — незвычайнасці фактаў («бывае»), спосабу перадачы думкі («дакладней», «іншымі словамі»), эмацыянальнай ацэнкі («на шчасце»), звароту да субяседніка («бачыш»), крыніц паведамлення («па чутках», «на мой погляд»), адносін паміж часткамі выказвання («затым»), Не з’яўляюцца членамі сказа, не дапасуюцца, не кіруюцца і не прымыкаюць да членаў сказа, а ўводзяцца ў сказ суадноснай (пераважна бяззлучнікавай) сувяззю. Вызначаюцца спецыфічнай інтанацыяй (паўзамі, нізкім тонам, хуткім тэмпам маўлення), на пісьме выдзяляюцца коскамі або працяжнікамі.

Літ.:

Базыленка А.М. Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1964;

Аўласевіч М. Пабочныя кампаненты сказа ў беларускай літаратурнай мове. Мн., 1970;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​І.​Наркевіч.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)