З ГІСТОРЫІ ЭКАНАМІЧНАЙ ДУМКІ БЕЛАРУСІ
Першапачаткова эканамічныя погляды на Беларусі фіксаваліся ў юрыд. актах і дакументах: гандл. дагаворах паміж гарадамі і дзяржавамі, у статутах і ўставах ВКЛ. Яны адлюстроўвалі спецыфіку мясц. эканам. умоў і агульныя тэндэнцыі ў развіцці эканам. думкі Еўропы. З сярэдзіны 16 ст., асабліва ў часы Рэфармацыі, распаўсюджваўся вопыт Захаду: прапаганда меркантылісцкіх ідэй, моцнай цэнтралізаванай улады, развіццё земляробства. Напр., М.Літвін абгрунтоўваў неабходнасць аднолькавага падатку з усіх грамадзян ВКЛ; С.Будны выступаў за недатыкальнасць прыватнай уласнасці, але прапаноўваў абмежаваць крайнасці прыгоннага права; Ф.Скарына, поруч з патрабаваннем роўнасці для ўсіх, выказваўся за захаванне існуючай эканам. мадэлі грамадства. Тэолаг, філосаф і эканаміст канца 16 — пач. 17 ст. М.Сміглецкі эканам. катэгорыі (пазыковы працэнт, прыбытак, цана, зямельная рэнта) разглядаў у цеснай узаемасувязі з развіццём таварна-грашовых адносін і фактарамі рыначнай кан’юнктуры, крыніцу рэнты ён бачыў у працы сялян (працоўная тэорыя вартасці). Прадстаўнікі левага крыла арыян (М.Чаховіц і Якуб з Калінаўкі) выступалі з патрабаваннем поўнай ліквідацыі прыгоннага права; вышэйшым выяўленнем іх утапічнага сацыялізму можна лічыць спробу стварыць сваё «ідэальнае грамадства» — Ракаўскую камуну. Развіццё прадукцыйных сіл стварыла ўмовы для фарміравання самастойнай эканам. навукі, найперш палітэканоміі і эканомікі сельскай гаспадаркі. Найбольшы ўплыў мела вучэнне фізіякратаў (І.Масальскага, П.К.Бжастоўскага, М.Карповіча і інш.), якое перанесла эканам. даследаванні са сферы абарачэння ў вытворчасць; земляробства яны лічылі адзінай крыніцай дабрабыту. Ідэі, падобныя на погляды франц. камуністаў-утапістаў, прапагандавалі ў сваіх працах І.Быкоўскі, С.Зяловіч, І.Яленскі і інш. Праблемы палітэканоміі на базе вучэння А.Цюрго ў канцэнтраваным выглядзе знайшлі адлюстраванне ў даследаваннях І.Храптовіча, а практычную рэалізацыю — у дзейнасці гродзенскага старасты А.Тызенгаўза (арганізацыя мануфактур і Гандлёвай канторы, правядзенне агр. рэформы і інш.). Прафесары Віленскага ун-та І.Страйноўскі, Я.Зноска, С.Малеўскі, Я.Вашкевіч у канцы 18 — пач. 19 ст. сталі выкладаць эканам. дысцыпліны, абапіраючыся на вучэнне А.Сміта, з моцным уплывам фізіякратычных ідэй. У падручніках па палітэканоміі яны разглядалі асноўныя палітэканамічныя катэгорыі: вартасць, цана, прыбытак, рэнта, канкурэнцыя і інш. Я.Вашкевіч у шэрагу сваіх публікацый развіваў такія эканам. дысцыпліны, як эканоміка гандлю, фінансы і крэдыт. Сувязь бел. эканам. думкі з рускай выявілася ў працах удзельнікаў руху дзекабрыстаў і петрашэўцаў (І.Ястржэмбскі, І.Гарбачэўскі).
У сярэдзіне 19 ст. цэнтрам фарміравання эканам. навукі на Беларусі стаў Горы-Горацкі земляробчы ін-т, у якім працавалі прафесары-эканамісты Б.Міхельсон, Б.Цалінскі, А.Гінцаль, А.М.Бажанаў і інш. Міхельсон абгрунтаваў мэтазгоднасць паступовага пераводу сялян з паншчыны на аброк з наступным іх выкарыстаннем у якасці наёмных рабочых, бесперашкоднае развіццё прамысловасці і гандлю; Цалінскі прапанаваў браць падаткі не з капіталу, а з даходаў; скласці зямельны кадастр і ўвесці пазямельны падатак; Бажанаў, распрацаваў методыку эфектыўнага выкарыстання тэхнікі ў сельскай гаспадарцы, даследаваў праблемы статыстыкі, страхавання і крэдытавання ў сельскай гаспадарцы. І.Корвін-Мілеўскі тэарэтычна абгрунтаваў нежыццяздольнасць дробных сялянскіх гаспадарак і неэфектыўнасць грамадскай уласнасці, быў прыхільнікам надання асабістай свабоды сялянам і абараняў буйную зямельную ўласнасць. Пасля скасавання прыгоннага права з пазіцый лібералізму і свабоднай канкурэнцыі выступаў Ю.Янсан, які тэарэтычна падзяляў ідэю гармоніі інтарэсаў Ф.Бастыі і крытыкаваў кааператыўную тэорыю сацыялізму Ф.Лісала і Ф.Шульцэ-Дэліча, а таксама тэорыю абшчыннага сацыялізму М.Ф.Чарнышэўскага. Значныя эканам. даследаванні ў 1860-я г. праведзены па асобных бел. губернях. П.В.Баброўскі апісаў эканам. становішча Гродзенскай губ. Гал. крытэрыямі магутнасці дзяржавы і яе насельніцтва ён лічыў шляхі зносін, рост прамысловасці і гандлю, раўнамернае падаткаабкладанне; у сельскай гаспадарцы ён абгрунтоўваў ідэю перавагі дробных сялянскіх самастойных гаспадарак. І.Зяленскі ўпершыню паспрабаваў ажыццявіць эканам. раянаванне Мінскай губ. на падставе прадукцыйнасці зямлі, падкрэсліваў важнасць вывучэння гарадской эканомікі і ўдасканалення статыстыкі. М.Дубенскі на прыкладзе Магілёўскай губ. спрабаваў вырашыць пытанне ацэнкі нерухомасці. Кошт зямлі ён вызначаў попытам і прапановамі, якія залежаць ад населенасці і багацця краіны. З пазіцый рэв. дэмакратаў з крытыкай рэформы 1861 выступаў К.Каліноўскі, які патрабаваў перадачы зямлі сялянам без усялякіх выкупаў.
У канцы 19 ст. па меры станаўлення рыначных адносін у эканам. даследаваннях глыбей сталі адлюстроўвацца інтарэсы розных пластоў насельніцтва, аналізавацца пазіцыі розных эканам. школ. Прафесар А.П.Людагоўскі выдаў першы ў Расіі падручнік па эканоміцы сельскай гаспадаркі. А.Ельскі прааналізаваў гісторыю развіцця нар. гаспадаркі Беларусі і яе эканам. думкі ў кантэксце эвалюцыі звычаяў бел. народа. Сталі з’яўляцца эканам. працы з выкарыстаннем матэматычных метадаў. Так, А.Раўкоўскі ўпершыню ў Расіі выкарыстаў матэм. метады пры аналізе эфектыўнасці дзейнасці камерцыйных банкаў, а І.Жылінскі даказаў эканам. эфектыўнасць укладанняў у асушэнне Палескіх балот. Марксісцкі кірунак палітэканоміі ў той перыяд прадстаўлялі Б.Белаблоцкі і І.Гурвіч. Супярэчлівымі былі даследаванні моцных с.-г. таварыстваў. Большасць іх даследчыкаў адстойвалі прынцыпы пераходу на рыначныя адносіны, развіццё на Беларусі перапрацоўчай вытворчасці, перавод сялян на ўчасткова-падворную форму землекарыстання, развіццё фінансава-крэдытных устаноў, удасканальванне падатковай сістэмы і інш. Народніцкія погляды прапагандавалі Ф.Багушэвіч, А.Гарагляд, А.Гурыновіч, рэдакцыя газеты «Минский листок» і часопіс «Гомон». На бел. мову былі перакладзены працы рас. эканаміста В.Варзара «Хітрая механіка» («Дзядзька Антон») і ўкраінскага эканаміста С.Падалінскага «Пра беднасць» («Пра багацтва ды беднасць»).
У пач. 20 ст. даследаваліся праблемы эканомікі сельскай гаспадаркі, развіцця прамысловасці і фін.-крэдытных устаноў. Марксісцкага падыходу ў сваіх працах прытрымліваліся А.Анекштэйн (у газ. «Северо-Западный край» ён апублікаваў цыкл артыкулаў, у якіх разглядаў асноўныя эканам. катэгорыі, прадмет і метад палітэканоміі), С.С.Трусевіч абгрунтаваў мэтазгоднасць перадачы зямлі ва ўласнасць сялян. Прадстаўнікі бурж.-памешчыцкай эканам. думкі (А.Осіпаў, Д.Радзевіч, Г.Свянціцкі і інш.) шукалі шляхі развіцця хутарской гаспадаркі пры захаванні і інтэнсіфікацыі памешчыцкай. Ф.Ястрэмскі падрабязна прааналізаваў эканам. стан Мінскай губ. і зрабіў ацэнку нерухомасці для больш дакладнага падаткаабкладання, а С.Любіч выдаў шэраг прац па палітэканоміі, эканам. геаграфіі, сельскай гаспадарцы. Інтарэсы бел. сялянства адстойвала Бел. сацыялістычная грамада (БСГ) і яе друкаваны орган «Наша ніва», у якой асвятляліся праблемы кааперацыі, аграрныя пытанні, хутарызацыя, даваўся аналіз эканам. развіцця асобных бел. губерняў і інш.
У 1917—21 ішоў пошук шляхоў далейшага эканам. развіцця Беларусі. Бальшавіцкі падыход адлюстраваны ў эканам. даследаваннях А.Ф.Мяснікова, Р.В.Пікеля, І.А.Мяніцкага, С.Л.Гельтмана, В.С.Міцкевіча-Капсукаса, якія абгрунтоўвалі мэтазгоднасць ліквідацыі прыватнай уласнасці і таварна-грашовых адносін, пераход да абагуленай вытворчасці і цэнтралізаванай сістэмы кіравання. Да сацыял-дэмакр. поглядаў схіляліся ідэолагі бел. нац.-культурнага адраджэння. Упершыню цэласная ацэнка эканам. развіцця і стану Беларусі як самастойнага гасп. механізму дадзена А.А.Смолічам, А.Л.Бурбісам, А.М.Уласавым, А.Цвікевічам. Прадстаўнікі земскага руху (Д.Д.Бохан, П.У.Злобін) адстойвалі неабходнасць эканам. развіцця Беларусі па шляху Захаду, крытыкавалі палітыку бальшавікоў як неэфектыўную, якая прывядзе да эканамічнага краху.
У 1920—30-я г. эканам. думка Беларусі развівалася ў 2 кірунках: у БССР (як часткі СССР) шукалі альтэрнатыву капіталіст. шляху развіцця, а ў Зах. Беларусі (у складзе Польшчы) распрацоўваліся пытанні паляпшэння эканам. стану. У Зах. Беларусі выйшлі прыкметныя даследаванні па эканоміцы сельскай гаспадаркі А.Клімовіча, па ацэнцы вучэння К.Маркса — Т.Грыба, па кааперацыі — С.Чыжэўскага, Ф.Акінчыца, А.Клімовіча; аграрныя пытанні даследавалі З.Людкевіч і рэктар Віленскага ун-та А.Станкевіч. У 1926 упершыню на бел. мове выйшаў падручнік па палітэканоміі А.Більдзюкевіча, у якім прадстаўлены ўсе існуючыя на той час эканам. школы, а таксама гісторыя развіцця сусветнай эканам. думкі. Эканамічным пытанням аддавалася належнае ў праграмах бел. нац. партый і рухаў: Бел. сялянска-рабочай грамады (Б.С.Тарашкевіч), эсэраў (Грыб), хрысціянскіх дэмакратаў (Станкевіч, В.І.Гадлеўскі) і інш. У БССР да гал. дасягненняў эканам. думкі можна аднесці: распрацоўку мадэлі далейшага сац.-эканам. развіцця Беларусі ва ўмовах спалучэння камандных і рыначных метадаў кіравання (у перыяд нэпа), падлік нац. даходу (Г.І.Гарэцкі), правядзенне эканам. раянавання (Смоліч, Р.В.Бонч-Асмалоўскі), распрацоўка першага 5-гадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР. З’явіліся даследаванні па пытаннях расійскага імперыялізму і агульнага крызісу капіталізму (М.Б.Гольман), па сусветнай гаспадарцы і эканам. думцы Захаду (І.Герцыка), па гісторыі развіцця эканомікі Беларусі (М.Доўнар-Запольскі, Смоліч, І.А.Пятровіч, У.І.Ігнатоўскі), па эканоміцы лясной гаспадаркі (Б.Ганжы), па эканоміцы меліярацыі (А.Фралова). У 1930-я г. асноўная ўвага бел. эканамістаў была сканцэнтравана на даследаваннях праблем індустрыялізацыі і калектывізацыі, размяшчэння прадукцыйных сіл, арганізацыі працы, эканам. раянавання і інш.
У 1950—60-я г. эканам. даследаванні ў БССР значна пашырыліся. Акрамя Ін-та эканомікі Нац. АН Беларусі эканам. даследаванні сталі праводзіцца ў НДІ эканомікі і арганізацыі с.-г. вытворчасці, НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. У гэты перыяд даследаваліся праблемы палітэканоміі (Г.Т.Кавалеўскі, З.З.Дудзіч), эфектыўнасці капітальных укладанняў і кібернетыкі (М.І.Вядута), размяшчэння прадукцыйных сіл (В.Ф.Мядзведзеў), эканомікі сельскай гаспадаркі (І.М.Качура, Ф.С.Марцінкевіч), эфектыўнасці нар. гаспадаркі (С.М.Малінін), эканам. геаграфіі (Кавалеўскі, Я.Г.Ракаў), эканам. гісторыі Беларусі (Малінін, М.Р.Матусевіч, В.І.Дрыц, З.І.Гіяргідзе), уліку і аналізу гасп. дзейнасці прадпрыемстваў (М.У.Дэмбінскі), гасп. рэформы 1965. У 1970—80-я г. бел. эканамісты працягвалі даследаваць тэарэтычныя пытанні палітэканоміі сацыялізму, крытыкі сучасных бурж. тэорый. Больш увагі сталі аддаваць эканоміцы навукі (І.І.Сяржынскі, В.С.Серада), комплексным праграмам (С.Р.Галуза, Ф.А.Дронаў), эканам. гісторыі (Дрыц), павышэнню эфектыўнасці грамадскай вытворчасці (Марцінкевіч, П.А.Капітула, І.А.Міхайлаў-Станюта), эканоміцы меліярацыі (Г.М.Лыч), гісторыі эканам. вучэнняў (М.В.Навучыцель), рэгіянальнаму гаспразліку (П.Г. і М.У.Нікіценкі) і інш. Плённа працавалі выкладчыкі ВНУ па стварэнні падручнікаў па розных эканам. дысцыплінах. Так, А.Г.Заўялкаў упершыню ў СССР падрыхтаваў і выдаў падручнік па цэнаўтварэнні.
З набыццём дзярж. суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь кардынальна змянілася праблематыка эканам. даследаванняў — пачалася распрацоўка канкрэтных прапаноў па эфектыўным пераходзе эканомікі Беларусі на рыначныя адносіны і яе ўдзел у міжнар. падзеле працы. Практычна ўсе даследаванні пачынаючы з 1990-х г. мелі пошукавы характар або абагульнялі вопыт краін Захаду.
З канца 1990-х г. распрацоўваюцца больш канкрэтныя эканам. праблемы з фарміраваннем розных кірункаў даследаванняў. У іх ліку распрацоўка мадэлі сацыяльна-эканам. развіцця Беларусі (П.Г.Нікіценка), эфектыўнасці знешняга гандлю і ўваходу Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (Мядзведзеў), комплексных прагнозаў НТП і сацыяльна-эканам. развіцця краіны (У.М.Шымаў, Л.М.Крукаў), эканам. бяспекі (В.Н.Ермашкевіч, У.В.Пузікаў), дзярж. рэгуляванне (І.В.Новікава), цэнаўтварэнне (У.І.Тарасаў), сацыяльныя пытанні (А.П.Морава), гісторыя эканам. думкі (В.М.Бусько). Новымі кірункамі даследаванняў эканам. навукі, звязаных з пераходам да рыначных адносін, сталі маркетынг (І.Л.Акуліч, А.П.Дуровіч), тэарэтычныя аспекты рыначных пераўтварэнняў у АПК (У.Л.Клюня, А.В.Вараб’ёў), рэгіянальная эканоміка (П.Лямешчанка), прадпрымальніцтва (А.І.Лучанок), падаткаабкладанне (Г.А.Шмарлоўская), дэманапалізацыя (Г.Р.Санько), фінансы і крэдыт (М.М.Кавалёў, С.А.Багданкевіч) і інш. Ураджэнцы Беларусі адыгралі важную ролю ў развіцці эканам. думкі асобных краін. Так, у Расіі вызначыліся Дз.І.Жураўскі (вывучаў статыстыку) і В.Сямеўскі (вывучаў гісторыю нар. гаспадаркі Расіі), у ЗША — С.Кузнец (вывучаў праблемы эканам. росту, лаўрэат Нобелеўскай прэміі).
Літ.:
Бусько В.Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX вв. Мн., 1990;
Яго ж. Экономическая мысль Белоруссии в период НЭПа (20-е годы). Мн., 2000;
Бусько В.Н., Якимченко С.И. Экономическая мысль Белоруссии (февраль 1917 г. — март 1921 г.). Мн., 2001;
Никитенко П.Г., Бусько В.Н. Они были первыми академиками-экономистами Беларуси. Мн., 2001;
Вклад ученых БГУ в развитие экономического образования и экономической мысли Беларуси. Мн., 2002.
В.М.Бусько.
т. 18, кн. 2, с. 475