БЕРАНДЗЕ́ЙКА,

абцягнутая скурай драўляная трубка з вечкам для захоўвання і пераносу парахавых зарадаў для зброі, што зараджалася з дула; прататып патранташа. Некалькі (8—12) берандзеек мацаваліся да партупеі або рэменя стралка. У войсках ВКЛ і ў казакоў наз. парахаўніца.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКЕБУ́ЗА (франц. arquebuse),

адзін з першапачатковых узораў зах.-еўрап. ручной агнястрэльнай зброі. З’явілася ў 1-й трэці 15 ст. Зараджалася з дула каменнымі і свінцовымі кулямі. Парахавы зарад падпальваўся ад рукі праз запальную адтуліну ў ствале, пазней — пры дапамозе кнотавага замка. У 16 ст. аркебуза заменена мушкетам.

Аркебуза.

т. 1, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ДФА, мадфа,

адзін з першых узораў ручной агнястрэльнай зброі, выкарыстоўвалася арабамі ў 12—13 ст. Складалася з кароткага метал. ствала (трубкі) з дном, які прымацоўваўся да доўгага дрэўка (для зручнасці ўтрымання зброі ў руках). Страляла з сошкі круглым метал. снарадам (мех. сумесь салетры, серы і вугалю). Запальванне зарада адбывалася з дула або праз запальную адтуліну з дапамогай распаленага жал. прута ці тлеючага кнота. Паводле прынцыпу М. пазней зроблены першыя артыл. гарматы — бамбарды.

Модфа.

т. 10, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖЖО́,

ручная агнястрэльная і пнеўматычная зброя з доўгім ненаразным ствалом; разнавіднасць стрэльбы. Агнястрэльныя Р. бываюць баявыя, паляўнічыя і спартыўныя; прызначаны для стральбы шротам, карцеччу і спец. свінцовымі кулямі. Пнеўматычныя (духавыя) Р. — спартыўныя, спружынныя або газабалонныя, дзейнічаюць ад сціснутага паветра ці інш. газу (гл. Пнеўматычная зброя).

Баявыя Р. (аркебуза, куляўрына, пішчаль, петрыналь) з’явіліся ў 14—15 ст., з 16 ст. пашырыліся кнотавыя Р. — мушкеты. Са стварэннем ударна-крамянёвага замка (16 ст.) і штыка з трубкай (17 ст.) усталяваўся тып баявога дульназараднага Р., якое стала асн. зброяй пяхоты да 1840-х г. (гл. Крамянёвая зброя), калі было заменена капсульным. У 2-й пал. 19 ст. гладкаствольныя Р. заменены наразнымі вінтоўкамі (гладкаствольныя Р. захаваліся як паляўнічыя). Паляўнічыя Р. больш лёгкія за баявыя; аднаствольныя з’явіліся ў 17 ст. (гл. Паляўнічая зброя). Яны былі шомпальныя (зараджаліся з дула з дапамогай шомпала), у пач. 20 ст. выцеснены казназараднымі Р. (зараджаліся унітарным патронам з задняй — т.зв. казённай — часткі ствала). Сучасныя паляўнічыя Р. прызначаны для прамысл. і спарт. (аматарскага) палявання, для спарт. стральбы на стэндзе (дакладная класіфікацыя Р. і тэрміналогія пакуль не ўсталяваліся). У 2-ю сусв. вайну шырока выкарыстоўвалася процітанкавая наразная стрэльба (усталяваная назва — процітанкавае ружжо).

В.​І.​Вараб’ёў.

Ружжо: а—г — кнотавы, калясцовы, крамянёвы і капсульны замкі (1 — курок, 2 — капсуль, 3 — запальны стрыжань, 4 — запал, 5 — зарад); д — ружжо аўтаматычнае магазіннае; е — двухствольнае з двума куркамі; ж — з ручным «помпавым» перазараджэннем.

т. 13, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)