Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДУКО́РА,
вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Свіслач, на аўтадарозе Мінск—Гомель. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнЗ ад г. Мар’іна Горка, 38 км ад Мінска, 13 км ад чыг. ст. Рудзенск. 1429 ж., 596 двароў (1997).
У 16 ст. ў складзе маёнтка Бакшты ў Мінскім пав., належала Кезгайлам, Служкам, Агінскім і інш. З 1793 у Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1800 складалася з мястэчка і сяла, мела царкву, яўр. школу, будаваўся мураваны касцёл (у 1864 ператвораны ў правасл. царкву), праводзіліся 4 кірмашы ў год. З 1-й пал. 19 ст. існавала Дукорская сядзіба. З 1861 цэнтр воласці, у 1881 мястэчка злілося з сялом, 842 ж. У 1919—20 непадалёку ад Д. дзейнічаў партыз. атрад (гл.Дукорскія партызаны). У 1924—60 цэнтр сельсавета ў Смілавіцкім, Пухавіцкім, Рудзенскім, з 1960 у Пухавіцкім р-нах. У 1970 у Д. 2258 ж., 797 двароў.
Філіял Мінскага матацыклетнага і веласіпеднага з-да, дрэваапр. цэх, пякарня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік дукорскім партызанам, якія загінулі ў 1920. Радзіма дзярж. дзеяча А.Р.Чарвякова. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАЖКО́ (Андрэй Агеевіч) (1895, в. Харавічы, цяпер у межах в.Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.5.1920),
арганізатар і кіраўнік дукорскіх партызанаў. З 1915 матрос Балт. флоту. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917, камуніст. У час польск. інтэрвенцыі ў 1919 на радзіме разам з М.І.Рудовічам стварыў і ўзначаліў партыз. атрад. У доме Блажко размяшчаўся штаб атрада. 3.5.1920 арыштаваны польск. акупантамі, расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУКО́РСКІЯ ПАРТЫЗА́НЫ,
удзельнікі барацьбы супраць польскіх акупантаў на тэр. Ігуменскага і Мінскага пав. у 1919—20. У кастр. 1919 — крас. 1920 пад кіраўніцтвам Мінскага падп.к-та КП(б)ЛіБ у Дукорскай, Пярэжырскай, Самахвалавіцкай, Сенніцкай і інш. валасцях створаны партыз. групы і атрады (каля 600 чал., кіраўнікі А.А.Блажко, С.Р.Камлюк, Г.Ф.Катлянік, А.А.Крывашчокі і інш.). Партызаны вялі агітработу сярод сялян, псавалі лініі сувязі, выконвалі заданні камандавання Чырв. Арміі. Падпольны к-т сіламі партызан і падпольшчыкаў рыхтаваў у маі 1920 адначасовы ўдар па ворагу ў некалькіх месцах, але гэтаму перашкодзілі праведзеныя дэфензівай 27—28 крас. і ў ноч на 3 мая арышты ў вёсках Козырава, Калядзічы, Гатава, Дукора, Харавічы і інш. Пасля катаванняў паводле прыгавору ваен.-палявога суда 17.5.1920 ва ўрочышчы Пушча (каля в.Дукора) расстраляны 11 Д.п.: А.К.Ахрамовіч, Блажко, П.К.Буры, І.І.Камлюк, І.Р.Камлюк, С.Р.Камлюк, Катлянік, Крывашчокі, М.Ф.Маліноўскі, П.С.Пазняк, М.І.Рудовіч. 30 партызан сасланы ў польскія турмы на тэрмін ад 1 да 10 гадоў, дзе 5 з іх загінулі. У в. Пярэжыр і на месцы расстрэлу партызан пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫДО́ВІЧ (Марыя Андрэеўна) (19.10.1906, в.Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.11.1977),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1958), праф. (1959). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыла Мінскі пед.ін-т (1938). Працавала ў Ін-це мовазнаўства АН Беларусі (1946—59), БДУ (1943—46, 1959—77). Даследавала гісторыю бел. мовы і бел. гаворак. Аўтар працы «Назоўнік у беларускай мове» (ч. 1, 1969), адзін з аўтараў кніг «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія», «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (абедзве 1957), бібліягр. паказальніка «Беларускае мовазнаўства (1825—1965)» (1967), рэдактар «Матэрыялаў для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» (вып. 1—3, 1970—77).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДА́РЧЫК (Таццяна Андрэеўна) (12.11.1902, в.Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 24.7.1974),
бел. актрыса. Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). У 1920 на настаўніцкіх курсах у Бабруйску арганізавала драм. гурток «Крыніца», дзе паставіла п’есу Я.Купалы «Паўлінка» і выканала гал. ролю. Працавала ў т-рах: Бел.дзярж. (цяпер імя Я.Купалы, да 1921), Бел. імя Я.Коласа (1926—48), драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе (1949—56), Бабруйскім вандроўным (1956—67). Майстар эпізоду. Яе мастацтву былі ўласцівыя яркая характарнасць, акрэсленасць малюнка. Найб. каларытныя характары стварыла ў бел. драматургіі: Паланея («Прымакі» Я.Купалы), бабка Наста («Вайна вайне» Я.Коласа), Сцепаніда («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Маці («Ірынка» К.Чорнага), Жабрачка («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Аўдоцця Захараўна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Аўдоцця, Акуліна («Любоў, Надзея, Вера» і «Дзіўны дом» П.Васілеўскага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУКО́РСКАЯ СЯДЗІ́БА.
Існавала ў 19 — пач. 20 ст. ў в.Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Належала Оштарпам, з 1874 — Гартынгам. У сядзібны комплекс у стылі класіцызму ўваходзілі палац, касцёл, гасп. пабудовы, парк.
Палац — 2-павярховы мураваны прамавугольны ў плане будынак (пабудаваны ў 19 ст. Л.Оштарпам). Гал. фасад быў аформлены 4-калонным порцікам з трохвугольным франтонам. Да тарцоў былі прыбудаваны 1-павярховыя прамавугольныя ў плане аранжарэі. Палац меў шмат жылых і парадных пакояў, б-ку на некалькі тысяч тамоў, архіў і інш. памяшканні. Была калекцыя твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва (у т. л. карціны Ф.Смуглевіча, Я.Дамеля), існаваў аркестр. Каля палаца стаяў касцёл 18 ст. Зруйнаваны ў гады Вял.Айч. вайны. Захаваліся флігель, уязная брама, фрагменты пейзажнага парку.
Ю.А.Якімовіч.
Дукорская сядзіба. Палац. З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЦЭ́ВІЧ (Васіль Савіч) (19.4.1893, в.Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.9.1985),
бел. драматург. Засл. настаўнік Беларусі (1947). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1913), Мінскі настаўніцкі (1918) і вышэйшы пед. (1933) ін-ты. Працаваў настаўнікам на Сенненшчыне (1913—15), у Дукорскай школе (1918—24, 1933—57), выкладаў бел. мову ў Магілёўскім педтэхнікуме (1924—29). Арганізатар і кіраўнік Магілёўскай філіі «Маладняк». Друкаваўся з 1923. Аўтар п’ес «Вяселле» (нап. на аснове бел. вясельнага абраду, паст. БДТ 1921), «Чырвоныя кветкі Беларусі» (апубл. 1923) пра подзвіг дукорскіх партызан у барацьбе супраць польскіх акупантаў, «Пад вішнёвымі садкамі» (1927) і «Песні нашых дзён» (1930, прысвечана калектывізацыі) і інш. Напісаў успаміны пра сустрэчы з М.Багдановічам у Яраслаўлі.
Тв.:
Чырвоныя кветкі Беларусі: П’есы. Мн., 1983;
у кн.: Шлях паэта. Мн., 1975.
Літ.:
Казека Я. Прызванне // Казека Я. Голас часу. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЗГА́ЙЛЫ, Кежгайлы,
магнацкі род герба «Задора». Паходзяць са стараж.літ. баярства, ахрышчанага ў каталіцтва пасля 1385, ад баярына Бушкі (каля 1320 — пасля 1385) і яго сына Валімонта (каля 1350 — пасля 1398). Прозвішча роду К. паходзіць ад імя трэцяга з сыноў Валімонта — Кезгайлы (Міхала, каля 1380 — каля 1450), намесніка вількамірскага (1409—12, старосты жамойцкага ў 1412—32, 1440—41 і з 1442), кашталяна віленскага (з 1445). Найб. вядомыя К.:
Міхаіл (каля 1410—76), сын Кезгайлы, канцлер ВКЛ (1444), адначасова ваявода віленскі (з 1459). Ад вял.кн. Казіміра атрымаў у 1451 частку Лукомскай вол., Дварэц і Ельну ў Новагародскім пав., воласць Бакшты (пазнейшыя Дукора і Смілавічы) у Менскім пав., у 1465 — Любчу на Нёмане і Ракаў. Я н (каля 1415—85), сын Кезгайлы, атрымаў у 1451 ад вял.кн. Казіміра Мсцібогаў у Ваўкавыскім пав., у спадчыну пасля бацькі — частку Дзевялтова, Крожаў і інш. маёнткаў у Літве і Жамойці. Староста жамойцкі (з 1465) і адначасова кашталян віленскі (з 1478). Станіслаў (мянушка Рэкуць, каля 1450—1527), сын Яна, атрымаў частку Дзевялтова, Крожаў, Мсцібогаў, Ракаў, частку Бакштаў, Налібак і Дзераўную ў Менскім пав. і інш. Староста жамойцкі (1485), часова гетман найвышэйшы (1501—02), кашталян віленскі (з 1522). Трэці сын Станіслаў (каля 1500—1532), староста жамойцкі (з 1527), адначасова кашталян трокскі (з 1528). Мікалай (1461? — 1512), малодшы сын Яна, атрымаў частку Крожаў, Налібак, Дзевялтова, Ельну. Яго ўнук Станіслаў Мікалаевіч (каля 1520—54) паступіў у світу вял.кн. Жыгімонта Аўгуста. У 1545 кухмістр, потым стольнік ВКЛ. У 1549 атрымаў тытул графа «Свяшчэннай Рымскай імперыі». З 1551 падчашы ВКЛ. Пасля яго смерці род К. згас, уладанні падзялілі родзічы па жаночай лініі.