участак у бат. садзе, скверы або парку, створаны для вырошчвання горных (альпійскіх) раслін ва ўмовах, набліжаных да натуральных; дэкар. альпінарый наз. таксама ракарыем. У бат. садах альпінарый ствараюць у навук. мэтах на штучных узгорках, дзе экспануюцца расліны пэўных горных раёнаў. Найбольшы ў рэспубліцы альпінарый у Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі. Альпінарый — адна з формаў дэкар. афармлення паркаў і сквераў. З бел. флоры ў альпінарыі выкарыстоўваюць дуброўкі, кураслепы, чубаткі, мінушкі, бурачок скальны, аўсяніцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЫЧКО́Ў (сапр.Лешанкоў) Сяргей Антонавіч
(6.7.1889, в.Дуброўкі Калязінскага р-на Цвярской вобл., Расія — 8.10.1937),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маск. ун-це (1908—13). Друкаваўся з 1908. Ранняя паэзія прасякнута рамант. светаадчуваннем, у аснове якога непрыняцце «індустрыяльнай» цывілізацыі (зб-кі «Песні», 1911; «Патаемны сад», 1913). Распрацоўваў матывы рус. казкі, пераасэнсоўваў іх у духу сімвалізму. У паэзіі пераважаюць сузіральнасць, мары пра недасяжнае. У празаічных творах сумяшчаў рэальнае з фантаст., што стварала атмасферу казачнага побыту, дзе героі — самотныя летуценнікі, дзівакі, праўдашукальнікі. У творах 1920-х г. непрыняцце сав. рэчаіснасці, імкненне да даўніны, матывы несуцешнасці і песімізму: кн. «Дубраўна» (1918), раманы «Цукровы немец» (1925; уражанні пра 1-ю сусв. вайну), «Чартухінскі балакір» (1926), «Апошні Лель» (1927), «Князь свету» (1928). Перакладаў груз. паэтаў, вагульскі і кірг. эпасы. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТО́ЙКА,
адзін з алкагольных напіткаў. Паводле рэцэптуры і віду сыравіны падзяляюць на салодкія, паўсалодкія і горкія, паводле колькасці спірту — на моцныя і малаалкагольныя. Салодкія Н. падобныя на наліўкі, але больш моцныя (маюць 16—25 аб’ёмных працэнтаў спірту) і ў іх меншая колькасць экстрактыўных рэчываў і цукру. Н. моцныя паўсалодкія маюць 30—40% спірту і 9—10% цукру, горкія — 40—45% спірту. Салодкія Н. вырабляюць са спіртаваных сокаў, морсу, настояў, горкія — з купажу (сумесі) спіртаваных настояў розных траў, каранёў, лісця, насення і інш. эфіраалейнай сыравіны, рэктыфікаванага спірту, змякчанай вады. Пасля вытрымкі купажу (не больш за 1 сут) Н. фільтруюць і разліваюць у бутэлькі. Найб. вядомыя бел. Н. «Белавежская горкая» (з настояў травы дуброўкі, лаўровага лісту, кропавага семя) і «Зуброўка» (з настояў траў зуброўкі і душыцы).