НАСТО́ЙКА,

адзін з алкагольных напіткаў. Паводле рэцэптуры і віду сыравіны падзяляюць на салодкія, паўсалодкія і горкія, паводле колькасці спірту — на моцныя і малаалкагольныя. Салодкія Н. падобныя на наліўкі, але больш моцныя (маюць 16—25 аб’ёмных працэнтаў спірту) і ў іх меншая колькасць экстрактыўных рэчываў і цукру. Н. моцныя паўсалодкія маюць 30—40% спірту і 9—10% цукру, горкія — 40—45% спірту. Салодкія Н вырабляюць са спіртаваных сокаў, морсу, настояў, горкія — з купажу (сумесі) спіртаваных настояў розных траў, каранёў, лісця, насення і інш. эфіраалейнай сыравіны, рэктыфікаванага спірту, змякчанай вады. Пасля вытрымкі купажу (не больш за 1 сут) Н. фільтруюць і разліваюць у бутэлькі. Найб. вядомыя бел. Н. «Белавежская горкая» (з настояў травы дуброўкі, лаўровага лісту, кропавага семя) і «Зуброўка» (з настояў траў зуброўкі і душыцы).

К.В.Фамічэнка.

т. 11, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)