Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАВЕ́ЦКА-ГРЫЧО́ВА ((Kawecka-Gryczowa) Алодзія) (11.8.1903, Варшава — 16.6.1990),
польскі бібліёграф, бібліятэказнавец. Праф. (1954). Скончыла Ягелонскі ун-т. У 1928—74 працавала ў Нац. б-цы ў Варшаве, б-цы Ін-та літ.знаўства Польскай АН. Асн. працы па гісторыі польскага кнігадрукавання 15—16 ст. Гал. рэдактар выданняў «Польскае друкарства 16 ст.», «Энцыклапедыя навукі пра кнігу» (1971). Адна са складальнікаў шматтомнай працы «Друкары старой Польшчы». Аўтар артыкулаў пра друкароў, што працавалі на Беларусі. Даследавала пратэстанцкія канцыяналы ў Беларусі і Літве.
Т.І.Рошчына.
т. 7, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́ЛА (Пётр) (10.1.1597, Малдова — 11.1.1647),
праваслаўны царкоўны і культурны дзеяч Рэчы Паспалітай. Сын гаспадара (князя) Валахіі і Малдавіі Сімяона. З 1627 кіева-пячэрскі архімандрыт. Дамогся ад каралеўскай улады дазволу на аднаўленне легальнай дзейнасці правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. У 1632—47 мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі. Заснаваў Кіева-Магілянскі калегіум (1632, названы ў яго гонар), Магілёўскую правасл. епархію (1632). Як выразнік інтарэсаў вярхоў правасл. духавенства і шляхты Украіны і Беларусі выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. Садзейнічаў пашырэнню асветы і друкарства на Украіне, Беларусі, у Малдавіі. Непасрэдна кіраваў Віленскім, Слуцкім, Магілёўскім і Аршанскім брацтвамі з манастырамі. У 1635 наведаў Вільню, Мінск і інш. бел. гарады. Аўтар кніг, якія выкарыстоўваліся як падручнікі ў духоўных навуч. установах да пач. 20 ст. («Евангелле вучыцельнае», 1616, «Анфалагіён», 1636, «Еўхалагіён», 1646), шматлікіх палемічных пропаведзяў і інш. Складальнік «Праваслаўнага спавядання веры» (1640), якое ў 1672 на сінодзе ў Іерусаліме было адобрана як гал. дактрына ўсіх правасл. цэркваў. У 1996 кананізаваны Украінскай праваслаўнай царквой.
т. 9, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЛУ́ДАЎСКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Існавала ў 1568—70 у мяст. Заблудава Гродзенскага пав. (цяпер тэр. Польшчы). Засн. ў маёнтку гетмана ВКЛ Р.Хадкевіча першадрукарамі І.Фёдаравым і Т.І.Мсціслаўцам, якія ў канцы 1560-х г. перасяліліся з Масквы на Беларусь. У друкарні, верагодна, працавалі вучань Фёдарава Грынь Івановіч (вядомы пазней як майстар па вырабе шрыфтоў) і друкар В.Гарабурда. Разам з маскоўскімі друкарскімі матэрыяламі тут шырока выкарыстоўвалася новая арнаментыка (застаўкі, канцоўкі, ініцыялы) і буйныя фігурныя дрэварыты. Выдадзены «Евангелле вучыцельнае» (1569, якое ўключала творы візант., балг. і старажытнарускай пісьменнасці, у т. л. «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага) і «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570). З.д. спыніла сваю дзейнасць у сувязі з ускладненнем грамадска-паліт. умоў пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай, а таксама з-за хваробы гетмана Хадкевіча. Заблудаўскія выданні неаднаразова перавыдаваліся Гарабурдам, Мамонічамі, друкарамі Святадухаўскага брацтва ў Вільні.
Літ.:
Зернова А.С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец // Книга: Исслед. и материалы. М., 1964. Сб. 9;
Ісаевич Я.Д. Першодрукар Іван Федоров і виникнення друкарства на Україні. Львів, 1975. С. 42—47;
Немировский Е.Л. Иван Федоров в Белоруссии. М., 1979;
Голенченко Г.Я. Идейные и культурные связи восточнославянских народов в XVI — середине XVII в. Мн., 1989.
Г.Я.Галенчанка.
т. 6, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬЯШЭ́ВІЧ (Хведар) (17.3.1910, Вільня — 7.11.1948),
бел. паэт, празаік, гісторык. Магістр філасофіі (1936). Брат М.Ільяшэвіча. Скончыў Віленскую бел. гімназію, Віленскі ун-т. Выкладаў бел. мову ў Віленскай бел. гімназіі, удзельнічаў у рабоце Бел. навук. т-ва. За грамадскую дзейнасць арыштоўваўся польск. ўладамі, у 1927 зняволены ў Віленскую турму на Лукішках. У час ням.-фаш. акупацыі кіраваў «Беларускім аб’яднаннем» у Беластоку, рэдагаваў беластоцкую газ. «Новая дарога». З 1944 на эміграцыі. Жыў у Зах. Германіі. У 1946 у Рэгенсбургу стварыў літаб’яднанне «Шыпшына». Рэдагаваў час. «Шляхам жыцця» (1946—48), бюлетэнь «Апошнія весткі». Друкаваўся з 1925. Аўтар зб. вершаў «Веснапесні» (1929), «Зорным шляхам» (1932), «Захварбаваныя вершы» (1936), літ.-знаўчай працы «Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі): Жыццё і літаратурная творчасць» (1933). Даследаваў гісторыю друкарства на Беларусі («Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1572—1622)», 1938]. Выйшлі яго «Апавяданні» (Ватэнштат, 1948, пад. псеўд. Святаслаў Залужны), «Недапетая песня» (1982, 2-е выд. Ляймен, 1987). Выступаў як крытык («Максім Багдановіч як пясняр места», 1930). Перакладаў на бел. мову творы Г.Гейнэ. Рукапісы І. захоўваюцца ў Бел. музеі г. Ляймена (Германія), б-цы АН Літвы (Вільнюс).
Літ.:
Сачанка Б. Беларуская эміграцыя. 2 выд. Мн., 1991;
Ліс А. Паэзія Хведара Ільяшэвіча // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 2.
І.У.Саламевіч.
т. 7, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙНЦ (Mainz),
горад на З Германіі. Адм. ц. зямлі Рэйнланд-Пфальц. 185,5 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Рэйн. Прам-сць: трансп. машынабудаванне (вагона-, аўта- і суднабудаванне), радыёэлектронная, хім., інструментальная, буд. матэрыялаў, паліграфічная, тэкст., абутковая, гарбарная, харчасмакавая, у т. л. вінаробства. Акадэмія навук і л-ры. Ун-т. Рымска-германскі цэнтр. Музей сусв. друкарства. Арх. помнікі 11—18 ст., у т. л. раманскі сабор Санкт-Марцін-унд-Саніст-Штэфан, капэла, гатычныя цэрквы, барочныя цэйхгаўз і палац курфюрстаў.
У старажытнасці на месцы М. існавала паселішча кельтаў, з канца 1 ст. да н.э. — умацаваны лагер рымлян, з канца 1 ст. н.э. цэнтр пагран. рымскай прав. Верхняя Германія. У 297 упершыню згадваецца як горад. У 8 ст. — 1798 рэзідэнцыя архіепіскапаў, у 13 — пач. 19 ст. цэнтр Майнцкага курфюрства. У 1244—1462 самакіравальны горад, у 1254—57 узначальваў Рэйнскі саюз гарадоў. Каля 1450 тут пачаў друкаваць кнігі І.Гутэнберг. У 1477 засн. ун-т. У аўстра-пруска-франц. вайну 1792—95 акупіраваны франц. войскамі (1792—93 і з 1794), цэнтр Майнцкай камуны. У 1797 далучаны да Францыі, у 1801—14 адм. ц. франц. дэпартамента Донерсберг. З 1816 у складзе ням. Вял. герцагства Гесен-Дармштат (гл. Гесен), крэпасць Герм. саюза, з 1866 у Прусіі. Пасля 1-й сусв. вайны акупіраваны франц. войскамі (1918—30), пасля 2-й сусв. вайны ў складзе франц. акупац. зоны. З 1949 у складзе ФРГ, з 1950 адм. ц. зямлі Рэйнланд-Пфальц.
У.Я.Калаткоў (гісторыя).
т. 9, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)