Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЦА́Н (Ян) (Joannes Veliconsis; ? — каля 1611),
друкар і кнігавыдавец ВКЛ. Друкарскаму майстэрству вучыўся ў Кракаве. З 1576 друкарЛоскай друкарні (каля Маладзечна). Выдаў 7 (або 8) кніг на польск. і лац. мовах, у т. л. трактаты «Пра найважнейшыя палажэнні хрысціянскай веры» С.Буднага (1576), «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» А.Маджэўскага-Фрыча (1577), творы М.Чаховіца, Я.Палеалога. У 1580—1611 уладальнік друкарні ў Вільні, дзе выдаў больш за 100 кніг на польск., лац. і грэч. мовах, у т. л. свецкія творы Цыцэрона, Іосіфа Флавія, Геліядора, Эразма Ратэрдамскага, «Масковія» А.Пасевіна (1586), «Апафегматы» Б.Буднага (1599), «Арэх валоскі» Я.Казаковіча (1603), навук.-вучэбныя і мед. кнігі, календары і інш. Кнігі вылучаліся высокім узроўнем друкарскага мастацтва. Прадаўжальнікам справы К. стаў яго сын Іосіф, які прыняў каталіцтва і змяніў выдавецкую тэматыку.
Літ.:
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 80—112.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЯВО́ДКА, Ваявудка (Wojewódka) Бярнард (?, Кракаў — 26?.7.1554), польскі матэматык, друкар і перакладчык. Аўтар кн. «Алгарытм — навука лічбы» (Кракаў, 1553). У 1553 пераехаў з Кракава ў Брэст, дзе ўзначаліў адну з Брэсцкіх друкарняў. Першыя кнігі, выдадзеныя Ваяводкам (Вялікі і Малы Катэхізісы, перакладныя тэалагічныя творы Крыштофа Імлера і Урбана Рэгіуса), адпавядалі патрэбам рэфармацыйнага руху. Верагодна, удзельнічаў у падрыхтоўцы да выдання Брэсцкай бібліі (1563).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАБУ́РДА Васіль Міхайлавіч, бел.друкар і кнігавыдавец 16 ст. Пад кіраўніцтвам І.Фёдарава і П.Мсціслаўца прымаў удзел у рабоце Заблудаўскай друкарні. Арганізаваў друкарню ў Вільні, каля 1580 выдаў «Евангелле вучыцельнае» — блізкую копію заблудаўскага выдання 1569, у 1582 — «Актоіх» («Васьмігалоснік») з пасляслоўем, падпісаным ім. Працягваў выдавецкія традыцыі Заблудаўскай друкарні, выдаваў кнігі на царк.-слав. мове вял. фарматам, у 2 колеры. Захавалася каля 35 экз. яго кніг. Друкарня Гарабурды перайшла да Мамонічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́ВІЧ Грынь, беларускі друкар і гравёр 16 ст. Нарадзіўся ў мяст. Заблудаў Гродзенскага пав. Быў вучнем кнігадрукара І.Фёдарава ў Заблудаўскай друкарні. Пазней вучыўся ў майстра Лаўрэнція Філіповіча (1577—79). Пасля навучання рабіў шрыфты і аздобы для выданняў Фёдарава ў Львове і Астрогу. У 1582 зрабіў шрыфт для друкарні Мамонічаў у Вільні. У 1583 вярнуўся ў Львоў, дзе заключыў дагавор з Фёдаравым на выраб новых шрыфтоў. Пасля смерці Фёдарава (1583) звесткі пра І. адсутнічаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЮ́К (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 2.7.1947, пас. Леніна Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1978). Выкладчык Мінскага маст. вучылішча (з 1978), Бел.АМ (з 1987). Працуе ў галіне плаката, кніжнай графікі. Асн. творы: плакаты «М.Гусоўскі» (1980), «Песнярам зямлі беларускай» (1982), «Пётр Мсціславец — першы беларускі друкар» (1990), «Сымон Будны» (1992); графічная серыя «Прывід маёй маленькай радзімы» (1995). Аформіў кнігі «Праваслаўныя святы» і «Праваслаўнае дойлідства Беларусі» (1995). Аўтар афішаў да спектакляў і святаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Існавала ў 16 і 18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобл. 1) Н.д. 16 ст.засн. М.Кавячынскім і Л.Крышкоўскім; ідэйным кіраўніком у першыя гады яе існавання быў С.Будны. Першая на тэр. Беларусі друкарня, якая карысталася кірыліцай. Друкар кірылічных выданняў невядомы. У 1562 выдадзены «Катэхізіс» Буднага — першая на Беларусі кніга на бел. мове, а таксама яго твор «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам» (не збярогся). Друкавала творы на польск. і лац. мовах (друкар Д.Ланчыцкі); усяго ў 1563—71 надрукавала 11 выданняў, у асн. творы палемічнай пратэстанцкай публіцыстыкі. Спыніла дзейнасць паводле загаду М.К.Радзівіла Сіроткі. Апошняе выданне — «Біблія» (пераклад на польск. мову Буднага) дадрукавана ў 1572 у Заслаўі ці ў маёнтку Кавячынскіх ва Уздзе. Большасць кніг Н.д. аформлены проста, без ілюстрацыйных гравюр. У маст. афармленні кніг прытрымлівалася друкарскіх традыцый Ф.Скарыны: выкарыстанне наборнага арнаменту, разнастайных шрыфтоў, ініцыялаў з дэкаратыўна-раслінным фонам. Маёмасць друкарні ў 1572 купіў Я.С.Кішка, які ў 1574 заснаваў Лоскую друкарню. 2) Н.д. 18 ст. (1750—90-я г.) засн. Радзівіламі. У 1751 падаравана мясц. калегіуму езуітаў. Гравёрам быў Г.Ляйбовіч. У ёй надрукавана каля 70 белетрыстычных, рэлігійных, палемічных і вучэбных твораў, панегірыкаў на польск. і лац. мовах, у т. л. «Пра жыццё і справы Аляксандра Вялікага» К.Руфа (1763), «Жыццё і ерасі Вальтэра» Ф.Нано (1781), «Артыкулы вайсковыя» (1754), альбом медзярытаў «Партрэты сям’і Радзівілаў...» (1757, усяго 165 гравюр на медзі).
Літ.:
Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАБУ́РДЫ,
ваенныя і дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, радавы герб «Габданк». Паходзяць, верагодна, з полацкіх баяр. Найб. вядомыя:
Сямён Багданавіч, полацкі баярын, у час Лівонскай вайны 1558—83 трапіў у маскоўскі палон. Валодаў у Полацкім ваяв. Азярцамі, Гарадзеяй, Ушачамі і інш. Лукаш Багданавіч, каралеўскі дваранін, удзельнік пасольстваў у Маскву ў 1537 і 1558. У 1563—66 у маскоўскім палоне. Міхаіл (? — 1586), дыпламат, гл.Гарабурда М. Васіль Міхайлавіч, друкар, гл.Гарабурда В.М. Міхал Кароль (каля 1640—1709), дзярж. і вайсковы дзеяч ВКЛ. У 1666 дэпутат Трыбунала ВКЛ, пасол на сеймы 1688—99, з 1691 маршалак слонімскі. Выступаў супраць групоўкі Сапегаў. Камандаваў слонімскай харугвай у Алькеніцкай бітве 1700, дзе Сапегі былі разбіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́СПШАК ((Kasprzak) Марцін) (2.11.1860, г. Чолаў Срэмскага пав., Польшча — 8.9.1905),
дзеяч польскага рабочага руху. Друкар. Адзін з заснавальнікаў сацыяліст. арг-цыі ў г. Познань (1885—86), польскай рэв. партыі «Пралетарыят» 2-і (1888, кіраваў яе дзейнасцю ў 1888—91). Тройчы быў зняволены. У 1891—93 у эміграцыі ў Лондане. У 1896—97 чл. Польскай сацыяліст. партыі (ПСП) на землях, якія знаходзіліся пад уладай Прусіі; выключаны за адмову асудзіць палітыку Р.Люксембург у адносінах да ПСП па пытанні незалежнасці Польшчы. У 1902—03 рэдактар с.-д. выдання «Gazeta Ludowa» («Народная газета»), У 1904 чл. Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы. Аказаў узбр. супраціўленне пры нападзе жандараў на падпольную с.-д. друкарню ў Варшаве. Зняволены і пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІДО́ (Didot),
сям’я франц. кніга́выдаўцоў і кнігадрукароў. Найб. вядомыя прадстаўнікі: Франсуа (1689—1757 або 1759), заснавальнік кнігавыдавецкай прыватнай фірмы Парыж (з 1713) і друкарскай (з 1754) справы. Франсуа Амбруаз (1730—1804), сын Франсуа. Вынаходнік веленевай паперы, першы выдавец франц. класічнай л-ры; шмат зрабіў для ўдасканалення друкарскага станка. П’ер Франсуа (1732—93), сын Франсуа. Словалітчык, друкар, пераплётчык, уладальнік папяровай ф-кі. Фірмэн (1764—1836), унук Франсуа. Стваральнік друкарскай сістэмы вымярэнняў элементаў шрыфту, наборных формаў (тыпаметрыі), гіпсавай стэрэатыпіі і розных шрыфтоў, якімі карысталіся ўсе краіны Еўропы. Выступаў і як перакладчык вершаў Вергілія і Тэакрыта. За заслугі Фірмэна род Дзідо ў 1887 атрымаў прозвішча Фірмэн-Дзідо. Выдавецкая і кнігагандл. фірма «Фірмэн-Дзідо» існуе ў Францыі і сёння.