СО́БАЛЬ Спірыдон (? — каля 1645),

бел. друкар. З сям’і бургамістра г. Магілёва. У пач. 17 ст. настаўнік, потым рэктар Магілёўскай брацкай школы. З 1624 настаўнік Кіеўскай брацкай школы і Кіева-Магілянскай акадэміі. У 1628 у Кіеве адкрыў друкарню і выдаў некалькі кніг маральна-павучальнага і рэліг. зместу. Вярнуўся на Беларусь і ў 1630 прыняў удзел у заснаванні Куцеінскай друкарні, узначальваў яе да 1632. Выдаў там кірыліцай «Брашна духоўнае», «Малітвы паўсядзённыя», «Буквар» («Бꙋкварь сирѣчь, начало ꙋченіѧ дѣтем начинающим чтенію извыкати», 1631) і «Часаслоў» (1632). С. упершыню ўжыў назву «буквар», а яго кніга па навучанні першапачатковай грамаце наз. «Азбука». У адкрытай ім друкарні ў Буйнічах (пад Магілёвам) выдаў «Псалтыр» (1635), у Магілёўскай брацкай друкарні — «Буквар» («Бꙋкварь ѩзыка славеньска», 1636), «Псалтыр» (1637), «Тастамент» (1638). Падтрымліваў цесныя сувязі з рус., укр., польскімі друкарамі, У 1637 маскоўскі друкар В.​Бурцаў набыў у С. друкарскія прылады.

Літ.:

Зернова А.С. Белорусский печатник Спиридон Соболь // Книга: Исслед. и материалы. М., 1965. Сб. 10;

Мацюк О.Я. Новые документы о типографе Спиридоне Соболе // Федоровские чтения, 1973. М., 1976;

Исаевич Я.Д. Преемники первопечатника. М., 1981;

Голенченко Г.Я. Новые материалы по истории культурных связей Белоруссии с Украиной и Россией в конце XVI — первой половине XVII в. // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1983;

Ботвинник М.Б. Откуда есть пошел букварь. Мн., 1983.

М.​Б.​Батвіннік.

т. 15, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)