паверхня, сярэдняя крывізна якой ва ўсіх пунктах роўная нулю. Выяўляецца пры рашэнні варыяцыйнай задачы знаходжання такой прасторавай паверхні, якая мае найменшую (мінімальную, адсюль назва) плошчу сярод блізкіх паверхняў з той жа зададзенай мяжой. Тэорыя М.п. цесна звязана з тэорыяй аналітычных функцый і варыяцыйным злічэннем, развівалася ў працах Ж.Л.Лагранжа, Г.Монжа і інш. Эксперыментальны спосаб адшукання М.п. з дапамогай мыльнай плёнкі, нацягнутай на драцяны каркас, прапанаваў бельгійскі фізік Ж.Плато. Прыклады М.п.: плоскасць, вінтавая паверхня, катэноід.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНУ́ТКІ ВАЛ,
вал, які мае малую жорсткасць на выгін і вялікую на кручэнне. Бываюць драцяныя (найб. пашыраны) і шарнірныя. Драцяныя складаюцца з уласна вала, звітага з некалькіх слаёў дроту і змешчанага ў ахоўную абалонку (браню), і наканечнікаў для далучэння да прывода і рабочага органа. Выкарыстоўваюцца ў ручных механізаваных інструментах і прыладах (напр., у бормашынах). Шарнірныя складаюцца з шарнірна-злучаных кароткіх звёнаў, змешчаных у абалонку. Выкарыстоўваюцца ў многакарпусных паравых турбінах, некаторых станках і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧА́ТНАЯ ПЛА́ТА,
пласцінка з электраізаляцыйнага матэрыялу (гетынаксу, тэксталіту, керамікі і інш.), на паверхню якой фотахімічным ці інш. спосабам нанесены тонкія электраправодныя дарожкі (пячатныя праваднікі) з кантактнымі пляцоўкамі для далучэння навясных электра- і радыёэлементаў, у т. л.мікрамодуляў і інтэгральных схем.
Бываюць адна- і двухбаковыя, адна- і шматслойныя П.п. Прызначаюцца для пячатнага мантажу, пры якім на П.п. ўстанаўліваюцца элементы электроннай апаратуры (транзістары, дыёды, рэзістары і інш.). Для замацавання навясных элементаў на плаце іх вывадныя пляцоўкі сумяшчаюць з кантактнымі пляцоўкамі П.п. (паверхневы мантаж) ці ўстаўляюць вывады гэтых элементаў у спец. адтуліны, якія праходзяць праз кантактныя пляцоўкі (драцяны мантаж), і прыпайваюць да іх. Такі мантаж дазваляе зменшыць габарыты і масу апаратуры, выкарыстоўваць механізаванае і аўтаматызаванае абсталяванне і высокапрадукцыйныя тэхнал. працэсы пры яе масавай вытв-сці. Гл. таксама Пячатная схема.