ДРАЗДО́ВІЧ (Вікенцій Іосіфавіч) (15.8.1911, в. Навасёлкі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 3.12.1942),
удзельнік партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). З жн. 1941 ствараў падп. арг-цыі на радзіме. З ліп. 1942 камандзір узвода ў атрадзе імя Катоўскага партыз. брыгады імя К.Я.Варашылава Мінскай вобл. У час карнай экспедыцыі гітлераўцаў супраць партызан у Капыльскім р-не Д. узначаліў партыз. засаду каля в. Клецішча. 18 партызан на працягу 4 гадзін адбілі 8 атак фаш. батальёна, сарвалі намер ворага нанесці раптоўны ўдар па партыз. брыгадзе, аднак былі акружаны і ўсе загінулі ў баі (гл.Лаўскі бой 1942). У в. Навасёлкі Д. пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ВІЧ (Язэп Нарцызавіч) (13.10.1888, б. засценак Пунькі, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 15.8.1954),
бел. мастак, скульптар, этнограф, фалькларыст, археолаг, пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў нац.гіст. жывапісу. Скончыў Віленскую школу рысавання (1908). Выкладаў маляванне ў бел. школах. Заснавальнік маст. студыі пры Віленскай бел. гімназіі (1927). Прадстаўнік рамант. кірунку ў бел. мастацтве. У пейзажах (графічная серыя «Старажытная будоўля на Беларусі», 1910 — пач. 20-х г.), «Вёска Стадолішча», 1919), тэматычных кампазіцыях «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя» (1923), «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй», «Песня Баяна» (1940-я г.), партрэтах Ф.Багушэвіча, Я.Пачопкі, полацкіх і смаленскіх князёў асн. ўвагу аддае адлюстраванню праз паэтызаваныя, сімвалічныя вобразы стараж.бел. гісторыі. Шэраг работ прысвечаны Ф.Скарыне («Францыск Скарына. Развітанне з родным Полацкам, або У свет па навуку», «Са свету з навукай», «Друкарня Францішка Скарыны ў Вільні ў 1525 годзе» (1927—1-я пал. 40-х г.). У 2-й пал. 1920-х г. стварыў графічныя серыі, прысвечаныя стараж. замкавай архітэктуры Беларусі і Літвы («Мір», «Крэва», «Ліда» і інш.). Этнаграфічнае і гіст.-краязнаўчае значэнне маюць замалёўкі сял. тыпажоў, узораў нар. дойлідства, прылад працы і прадметаў побыту, адзення. Асобную групу складаюць творы з сімволіка-алегарычнымі вобразамі («Мужык з панам цягаецца», 1935, «Пагоня», 1927, «Дух цемры», 1932, і інш.). Касмічная тэма прадстаўлена серыямі «Жыццё на Марсе» (1931), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (абедзве 1932), творамі «Пейзаж» (1930-я, г.), «Трывень» (1932—33), «Космас» (1940), «Артаполіс» (1934—35) і інш., у якіх спалучаецца гуманіст. зямны пачатак з наіўным бачаннем ірэальнага. Прымаў удзел у афармленні час. «Саха» (1912—15), «Рунь» (1920) і інш., кніг «Беларускі каляндар на 1910 год», «Курганная кветка» К.Буйло (1914), «Школьны спеўнік» А.Грыневіча (1920), «Лемантар» (1919), уласнай кнігі «Вар’ят без вар’яцтва, або Вялікая шышка» (1923, псеўд. Я.Нарцызаў), брашуры «Нябесныя бегі» (1931). Маляваў насценныя дываны. У аснову іх кампазіцыі паклаў раслінныя, зааморфныя, арх.-сюжэтныя матывы. Стварыў партрэты-барэльефы А.Грыневіча, Я.Пачопкі, М.Машары, маці (пач. 1930-х г.), бюст Ф.Скарыны, «Плач Гарыславы» (1920-я г.). Працаваў у галіне плаката. Запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў нар. лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны. Праводзіў археал. даследаванні, вёў археал. дзённікі «Дзісенская дагістарычная старына». У Мінску помнік Д., яго імем названы Германовіцкі музей мастацтва і этнаграфіі (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.).
Тв.:
Дзённік // Маладосць. 1991. № 5—12.
Літ.:
Ліс А.С. Вечны вандроўнік. Мн., 1984;
Язэп Драздовіч: [Фотаальбом] // Аўтар тэксту Т.В.Габрусь. Мн., 1993;
Язэп Дроздович: «Меня еще поищут...» // Нёман. 1997. № 1.
М.Л.Цыбульскі.
Я.Н.Драздовіч.Я.Драздовіч. Пейзаж. 1930-я г.Я.Драздовіч. Космас. 1940.Я.Драздовіч. Вёска Стадолішча. 1919. Пяро, туш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Драздовіч Н. 12/179 (іл.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Драздовіч В. І. 2/265; 4/267; 6/279; 8/178
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Драздовіч Я. Н. 1/57; 3/88; 4/267; 5/70; 6/568; 12/610
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЮ́К (Тамара Іванаўна) (н. 6.7.1952, в. Хутаранка Гомельскага р-на),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Беларускі тэатр.-маст.ін-т (1977). Выкладае ў Беларускім ун-це культуры (з 1992). Працуе ў галіне керамікі. Сярод работ: медалі «Гусоўскі», «Драздовіч» (абодва 1975), дэкар. кампазіцыі «Белая» (1981) і «Дзяды» (1982), дэкар. маскі «Пінская шляхта» (1983), скульптуры «Чаканне», «Вандроўнік», «Дабрыня», «Лесавік», «Вадзянік», «Дамавік» (усе 1984—86), «Барбара Радзівіл» (1992), «Радзівіл Чорны» (1993) і інш., дэкар. пластыка «Вечнасць» (1987) і «Канстанцін і Алена» (1990), дэкар. вазы «Свянцянскае зелле», «Ахвярнік», «Вечар», «Краявід» (усе 1988—90).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЭ́ЦА (Ляіля Ахцямаўна) (н. 13.1.1951, г. Харкаў, Украіна),
бел. мастак. Скончыла Харкаўскі маст.ін-т (1974). Працуе ў тэхніцы каляровай літаграфіі, кніжнай графікі, акварэлі. Асн. работы: графічныя серыі «Украінскія матывы» (1977), «Зямля ў квецені» (1979), «Чарнобыльскі след» і «Праява» (1989), «Гістарычныя асобы Беларусі» (1993—96, разам з В.Варэцам) і інш.; іл. да кніг «Мая рэспубліка», «Намеснік бабулі» П.Кавалёва (абедзве 1988), «Буду настаўнікам» Э.Агняцвет (1990), «Беларуска-італьянская кухня» (1995), «Паміж Масквой і Варшавай» В.Іпатавай (1996, у сааўт.) і інш. Стварыла серыі паштовых марак «Мастакі Беларусі», «Гістарычныя асобы Беларусі», «Беларускія спартсмены да алімпіяды ў Атланце».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЬЦЮКО́Ў (Сяргей Пятровіч) (н. 26.11.1956, пас. Балбасава Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1980, клас фп. Р.Шаршэўскага; 1987, клас кампазіцыі Я.Глебава). У 1982—89 заг.муз. часткі Бел.т-ра юнага гледача. Працуе ў розных муз. жанрах і стылявых кірунках (ад класіка-рамантычных да сучасна-авангардных). Сярод твораў: кантаты «Начны матылёк», «Святло сонца», для хору а капэла «Вандроўнікі», «Забыты Богам край» (1987—95); «Усяночная», містэрыя «Благаславі нас, Божа» (1995, з А.Залётневым); З сімфоніі: 1-я «Гравюры» (1990), 2-я «Са званамі» (1994), 3-я (1995); Канцэрт для габоя і камернага арк.; «Капрычыо» для флейты і камернага арк.; «Сумнае прынашэнне Моцарту» для флейты, фп. і струннага арк.; камерна-інстр. творы («Стронцый-90», «Музыка для габоя і магнітнай стужкі»); рамансы на вершы М.Багдановіча і Б.Ахмадулінай; музыка да кінафільмаў «Францыск Скарына», «Тутэйшыя», «Язэп Драздовіч», «Полацкая жамчужына» і інш. і драм. спектакляў (больш за 30).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́КА,
назва народнага скрыпача, пашыраная на тэр. Беларускага Паазер’я. У інш. этнакульт. рэгіёнах сінонімы М. — «скамарох» (Магілёўшчына), «іграч» (Міншчына). М. спрадвеку адыгрываў значную грамадскую ролю ў жыцці бел. вёскі, выконваў сакральна-магічную функцыю ў розных каляндарна-земляробчых (калядных, валачобных, купальскіх і інш. абходах) і сямейна-родавых (асабліва вясельных) абрадах, а таксама эмац.-псіхал. функцыю стваральніка і носьбіта радаснага настрою ў час усіх сямейных і агульнавясковых урачыстасцей (бяседы, ігрышчы, танцы). М звычайна тураваў спевам, разам з інш. інструменталістамі іграў песні, танцы, маршы. Ігру на скрыпцы спасцігаў самавукам («сам па сабе»), у сям’і або ў славутага мясц. выканаўцы. Паводле нар. уяўленняў, сапраўдны М. — чараўнік, які валодае звышнатуральнай сілай уздзеяння на ўвесь навакольны свет. Вобраз М. ўвасоблены ў шматлікіх нар. казках і легендах, выслоўях і песнях, творах бел. л-ры («Сымон-музыка» Я.Коласа, «Музыка» М.Багдановіча, «Страшная музыкава песня» М.Гарэцкага) і выяўл. мастацтва (М.Шагал, Я.Драздовіч). У наш час назву «М.» часам пераносяць і на гарманіста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУНЬ»,
ілюстраваны літ.-мастацкі часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выходзіў з 2.5 да 4.7.1920 у Мінску на бел. мове штотыднёва. Рэдактар Янка Луцэвіч (Я.Купала), выдавец В.Іваноўскі. Выступаў за нац. дзяржаўнасць бел. народа, развіццё яго эканомікі, пашырэнне культуры і асветы на роднай мове. Актыўны ўдзел у выданні часопіса прымалі З.Бядуля, Л.Родзевіч, М.Чарот, мастак Я.Драздовіч. Упершыню апублікаваў цыкл вершаў Я.Купалы «Песні на ваяцкі лад», «Брат і сястра», сцэнічны жарт «Прымакі», арт. «Справа беларускага нацыянальнага гімну», апавяд. М.Багдановіча «Апокрыф», апавяданні, артыкулы, нарысы З.Бядулі, арт. Ф.Аляхновіча «Першае таварыства беларускай драмы і камедыі», сцэнічны абразок «Лес шуміць», нарыс «Тэатр на вёсцы», вершы А.Гаруна, Чарота, К.Буйло, А.Петрашкевіча, І.Піліпава, У.Жылкі. Змясціў даследаванні Я.Карскага («Духоўныя вершы і канты, штучна створаныя», «Беларускі пісьменнік-народнік А.Р.Пшчолка», «Арцём Вярыга-Дарэўскі»), У.Ігнатоўскага («Кароткі гістарычны нарыс Гродзеншчыны»), І.Гердэра («Штукарства мовы і красамоўства», пер. з ням.). Надрукаваў рэцэнзіі на творы М.Гарэцкага, даведкі пра бел. пісьменнікаў, фатаграфіі і малюнкі бел. краявідаў, помнікаў гісторыі і культуры.