ЛАША́К,

гібрыд ад скрыжавання асліцы з жарабцом. Знешне бліжэй да каня, чым да асла. Звычайна драбнейшы за мула і не такі дужы. Бясплодны. Гасп. значэння амаль не мае (выключэнне Л., якога гадуюць у Кітаі).

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРСА́К (Vulpes corsae),

млекакормячае роду лісоў сям. сабачых. Пашыраны ў стэпах і пустынях Еўразіі. Жыве ў норах.

Падобны на звычайнага ліса, але драбнейшы. Даўж. цела да 60 см, хваста да 35 см, выш. ў карку каля 30 см. Морда вострая, вушы вялікія. Афарбоўка рыжавата-шэрая, канец хваста цёмны. Манагам. Нараджае ад 2 да 16, звычайна 3—6 лісянят. Драпежнік, корміцца дробнымі грызунамі, птушкамі, паўзунамі, насякомымі. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Карсак.

т. 8, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙСКІ ХРУШЧ, майскі жук (Melolontha),

род жукоў сям. пласцініставусых. 36 відаў, пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 2 віды: М.х. заходні (M. melolontha) і М.х. усходні (M. hippocastani). Жывуць пераважна ў лясной зоне.

Даўж. М.х. заходняга да 32 мм, М.х. усходні драбнейшы. Вонкавым выглядам і спосабам жыцця падобныя. Марфалагічна адрозніваюцца тым, што канец брушка ў М.х. заходняга звужаецца паступова і пераходзіць у доўгі вузкі адростак, а ў М.х. ўсходняга канец брушка звужаецца рэзка і канчаецца тонкім адросткам, патоўшчаным на канцы. Цела пукатае, падоўжана-авальнае, чорнае або чырвона-бурае. Надкрылы чырвона- або жоўта-бурыя. Вусікі 10-членікавыя; у самца вял. выгнутая булава з 7 пласцінак, у самкі — маленькая з 6 пласцінак. Жукі кормяцца лісцем, лічынкі — каранямі раслін, чым шкодзяць дрэвам, кустам, с.-г. культурам. Лічынка даўж. да 60 мм, жаўтавата-белая з тоўстым выгнутым целам.

С.​Л.​Максімава.

Майскія хрушчы: 1 — усходні (самец); 2 — заходні (самец); 3 — лічынка (падобная ў абодвух відаў).

т. 9, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛІ́НЫ (Pavo),

род птушак сям. фазанавых атр. курападобных. 2 віды. П. звычайны, або індыйскі, або чубаты (P. cristatus), пашыраны на п-ве Індастан і в-ве Шры-Ланка. Драбнейшы П. сінякрылы, або яванскі (P. muticus), пашыраны ў Індакітаі і Інданезіі; занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Жывуць у зарасніках, на лясных высечках, па берагах рэк. У Еўропу (Стараж. Грэцыя) завезены ў 4 ст. да н.э. На Беларусі трымаюць як дэкар. птушку.

У самцоў даўж цела да 125 см, хваста да 45 см, падоўжаных, упрыгожаных «вочкамі» пёраў надхвосця да 150 см; маса да 4,3 кг Афарбоўка яркая, пераважна сіне-зял., з метал. адлівам. На галаве чубок. Самкі драбнейшыя, бурага колеру, без доўгага надхвосця. Кормяцца насеннем, зернем, травой, насякомымі. Палігамы. Пры такаванні самец разводзіць пёры надхвосця веерам і падымае іх амаль вертыкальна. Нясуць да 6 яец.

П. называюць таксама пароду галубоў свойскіх (паўлінавыя галубы, трасуны) з веерападобным або трубападобным хвастом (адсюль часам наз. трубачы). Паходзяць з Індыі, у Еўропе — з 17 ст. На Беларусі адна з найб. пашыраных парод. Гл. таксама Дэкаратыўныя птушкі.

А.​М.​Петрыкаў.

Паўлін.

т. 12, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)