«АРХІ́Ў ДО́МУ САПЕ́ГАЎ»
(«Archiwum domu Sapiehów»),
зборнік дакументаў з радавога архіва Сапегаў у Красічыне (каля Перамышля) за 1575—1606. Выдадзены ў 1892 у Львове. Змешчана 625 лістоў (на польск. мове), з іх 279 належалі канцлеру ВКЛ Л.Сапегу. Уключаны таксама эпісталярныя помнікі з нясвіжскага архіва Радзівілаў, бібліятэк Варшавы, Кракава, Пецярбурга. Лісты прысвечаны дзярж.-паліт., адм., гасп. і сямейна-бытавым справам. Ёсць звесткі пра адносіны ВКЛ з Маск. дзяржавай, крымскімі татарамі, запарожскімі казакамі, Польшчай, Англіяй, рымскімі папамі, пра Брэсцкую унію 1596, правасл. брацтвы, палемічнае кнігадрукаванне, паўстанне С.Налівайкі 1595—96 і інш.
Г.Я.Галенчанка.
т. 1, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ДО́МУ РАДЗІВІ́ЛАЎ»
(«Archiwum domu Radziwiłłów»),
зборнік гістарычных дакументаў, што захоўваліся ў канцы 19 ст. ў нясвіжскім архіве Радзівілаў. Выдадзены ў 1885 у Кракаве. Складаецца з 3 комплексаў перапіскі за 1571—1633 на лац. і польскай мовах: сямейная і прыватная карэспандэнцыя М.К.Радзівіла Сіроткі; перапіска канцлера ВКЛ, гетмана вял. кароннага Я.Замойскага і канцлера ВКЛ, гетмана вял. літ. Л.Сапегі з Радзівіламі. Зборнік асвятляе ўнутр. і знешнюю палітыку кіруючых колаў ВКЛ, дае звесткі пра Люблінскую унію 1569, Інфлянцкую вайну 1558—82, рокаш Зебжыдоўскага, Брэсцкую унію 1596, рэфармацыю на Беларусі і ў Літве, падрыхтоўку Статута ВКЛ 1588, паўстанне С.Налівайкі 1595—96. Змешчаны «Адманіторыум» (1603) — маральна-павучальнае і гасп.-дзелавое настаўленне спадкаемцам Радзівіла Сіроткі.
Г.Я.Галенчанка.
т. 1, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНА́ТЫ,
у старажытнарымскай міфалогіі багі-захавальнікі і апекуны хатняга ачага, пазней — усяго рым. народа. Разам з ларамі (з якімі іх часам атаясамлівалі) П. былі сімваламі роднага дому. Кожная сям’я мела звычайна двух П., іх выявы змяшчалі каля ачага. Месцам знаходжання агульнадзярж. П. лічыўся храм Весты ў Рыме, дзе вярх. жрэц прыносіў ім ахвяры. У пераносным сэнсе П. — хатні ачаг, родны дом (адсюль выраз «вярнуцца да сваіх пенатаў»).
т. 12, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГА́Ч,
1) старадаўняе земляробчае свята беларусаў, што спраўлялася пасля заканчэння жніва. З пашырэннем хрысціянства багач быў прымеркаваны да свята нараджэння Божай Маці (8 верасня с. ст.), якая лічылася заступніцай ураджаю.
2) Сімвал свята багач — сявенька з жытам ці пшаніцай і васковай свечкай (збожжа вымалочвалі з 1-га зажыначнага снапа і зносілі па жменьцы з кожнага двара). З багачом абходзілі ўсе двары ў вёсцы, а потым ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва. Паводле нар. павер’яў, багач забяспечваў дому багацце і шчасце.
М.Ф.Піпіпенка.
т. 2, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ХАРАЎ (Уладзімір Васілевіч) (н. 26.4.1945, г. Цюкалінск Омскай вобл., Расія),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1976, кл. Я.Глебава). З 1981 выкладчык у муз. навуч. установах Мінска. Працуе ў розных жанрах. Сярод твораў: сімф. паэма «Пунсовыя ветразі» (1983); араторыі «Казка пра папа і работніка яго Балду» (1975), «Мір дому твайму» (1984); харавы цыкл «Поле беларускае» (1986); кантаты «Сонечны горад» (1997), «На Раство Хрыстова» (1999); вак. цыкл «Цёпла ў доме маім» (1999); паэма-фантазія для скрыпкі і сімф. арк. (1998) і інш.; музыка да спектакляў драм. і лялечных т-раў, радыёспектакляў, для дзяцей.
Т.Б.Варфаламеева.
т. 13, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІЧ (А.) (сапр. Ціхановіч ці Цэхановіч),
бел. пісьменнік пач. 20 ст. Па адукацыі ўрач. Працаваў у г. Новачаркаск (Расія). Аўтар апавяданняў «У дому лепей» (1911) пра цягу селяніна да роднай зямлі і «Амерыканец» (1912), герой якога вярнуўся з Амерыкі і хоча перайначыць жыццё бел. мужыка на лепшы лад. Гэтыя творы высока ацэнены Я.Купалам (арт. «Агляд кніг», 1913), які падкрэсліваў іх прастату і шчырасць, уменне «нязначным спосабам падсунуць чытачу маральную навучку, паказаць добрую незавілую сцежку к лепшаму жыццю», і М.Багдановічам, які ў арт. «За тры гады» (1913) адзначыў, што «асабліва вызначаецца Новіч, каторы першы паспрабаваў напісаць вялікую рэч прозай па-беларуску».
І.У.Саламевіч.
т. 11, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛЕ́НКА (Міхась) (Міхаіл Пятровіч: н. 28.10.1922, в. Ястрабка Лоеўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1952). Настаўнічаў. У 1953—82 у рэдакцыі «Гомельскай праўды». Друкуецца з 1940. Большасць апавяданняў прысвяціў падзеям вайны, жыццю вёскі і школы, працы настаўнікаў. Героі яго твораў — людзі высакародныя, верныя свайму дому, зямлі, непрымірымыя да праяў несумленнасці і фальшу (аповесці «Наш дом», 1971, «Апанаска Лугавы», 1972, і інш.). Для дзяцей выдаў кнігі «Вернасць слову» (1956), «Зачараваны гарлачык» (1961), «На вуліцы Сонечнай» (1963), «Ключы бабулі Зімы» (1986). Піша вершы, нарысы.
Тв.:
Мая песня. Мн., 1952;
Майская навальніца. Мн., 1959;
Наваселле. Мн., 1964;
Запаветны акіян. Мн., 1972;
Маці Мар’я. Мн., 1976;
Журлівіца. Мн., 1980;
Родная зямля. Мн., 1982.
т. 6, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАВА́ННЕ ў мовазнаўстве,
від залежнай сінтакс. сувязі паміж членамі словазлучэння, пры якой гал. слова патрабуе ад залежнага (назоўніка ці яго эквіваленту) формы пэўнага ўскоснага склону. Кіруючым можа быць любое самаст. слова. Вылучаюць К.: прыдзеяслоўнае (кіруючае слова — дзеяслоў, «спяваць песні»), прысубстантыўнае (назоўнік кіруе назоўнікам, «любоў да радзімы»), ад’ектыўнае (кіруючае слова — прыметнік, «поўны радасці»), адвербіяльнае (кіруючае слова — прыслоўе, «далёка ад дому»).
К. бывае непасрэднае, або беспрыназоўнікавае («люблю дзяцей»), і пасрэднае, або прыназоўнікавае («клапачуся пра дзяцей»). Адрозніваюць моцнае К. — гал. слова патрабуе ад залежнага пэўнай склонавай формы («апяваць гераізм», «адмовіцца ад сваіх слоў»), і слабае — сувязь паміж гал. і залежным словамі неабавязковая для рэалізацыі значэння гал. слова (параўн.: «вербы шумяць над ракой» і «вербы шумяць»).
Г.У.Арашонкава.
т. 8, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫНЦ (ням. Prinz, франц. prince ад лац. princeps першы, галоўны),
тытул няцарствуючай асобы каралеўскага ці інш. ўладарнага дому ў Зах. Еўропе. У П. — наследнікаў прастола, якія атрымлівалі ва ўдзел родавую правінцыю, яе назва ўключалася ў тытул: напр., П. Уэльскі (з 1301), П.Астурыйскі (з 1388), П. Неапалітанскі (з 1735). У герм. манархіях 19 ст. старэйшы сын правячага герцага ці князя наз. наследны П. Пры Напалеоне ПІ у Францыі наследнік прастола наз. імперскім П. У герм. імперыі П. кароны (кронпрынц) тое, што франц. дафін ці рас. царэвіч. У некат. еўрап. краінах асобы, якія часова кіравалі каралеўствам, наз. П.-рэгентамі. Тытул П. носяць наследнікі прастола ў Кувейце, Саудаўскай Аравіі, Тайландзе і некат. інш. краінах Усходу.
т. 13, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАХА́СКА ((Prochaska) Антоні) (13.3.1852, в. Малыя Залешчыкі Бучацкага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 23.9.1930),
польскі гісторык. Чл. Польск. АН у Кракаве (1927), д-р філасофіі (1874). Вучыўся ў Львоўскім (1871—73) і Венскім (1873—74) ун-тах. У 1878—1929 працаваў у Краёвым архіве гродскіх і земскіх актаў (Земскі архіў) у Львове. Даследаваў гісторыю Польшчы, ВКЛ, Рэчы Паспалітай 14—17 ст. Аўтар манаграфій пра жыццё і дзейнасць вял. кн. ВКЛ Вітаўта, Ягайлы, гетмана С.Жулкеўскага, праблемы уніі Польшчы і ВКЛ, адносіны з Нямецкім і Інфлянцкім ордэнамі. Выдаў «Эпісталярны кодэкс Вітаўта» (1882), «Архіўныя матэрыялы, узятыя галоўным чынам з Літоўскай метрыкі, з 1348 да 1607 г» (1890), «Архіў дому Сапегаў» (1892), «Гродскія і земскія акты» (т. 16—24, 1894—1931).
А.Ф.Літвіновіч.
т. 13, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)