ДЭКАПІ́РАВАННЕ (ад франц. décaper ачышчаць метал),

выдаленне хім. або электрахім. спосабам найтанчэйшых плёнак аксідаў з паверхні метал. вырабаў. Пры Д. адбываецца лёгкае пратраўліванне слоя металу, што садзейнічае добраму счапленню яго з гальванічным пакрыццём. Робіцца з дапамогай слабых раствораў сернай, салянай або азотнай кіслот, а таксама цыянідаў калію або натрыю перад аксідаваннем, пасівіраваннем, нанясеннем гальванічных пакрыццяў. Выкарыстоўваюцца таксама перад халоднай штампоўкай стальных вырабаў, каб зняць акаліну з паверхні і павялічыць выцяжку.

т. 6, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТЧЫНА,

1) грамадская трапеза членаў правасл. брацтваў, якія існавалі на Беларусі ў 16—18 ст. Наладжвалася ў складчыну членамі брацтва (братчыкамі) у асобныя святочныя дні.

2) Калектыўнае частаванне ў складчыну ў час святкавання сялянамі грамадскай свечкі, якую рабілі з воску, сабранага ўсімі абшчыннікамі. Свечку ставілі ў кадушку з жытам, спявалі песні з пажаданнем добрага ўраджаю, дастатку ў гаспадарцы. Хрысціянства прымеркавала братчыну да дня зімовага Міколы (6 снежня ст. ст.), які нібыта садзейнічаў добраму ўраджаю. Звычай братчыны ў бел. вёсцы бытаваў да канца 19 ст.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКМЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1331.

Адбылася паміж літ.-бел. войскам ВКЛ і рыцарамі Тэўтонскага ордэна на р. Акмяна (Паўн. Літва). Ням. рыцары, уварваўшыся ў Жамойць, рабавалі і знішчалі насельніцтва. Жмудзіны папрасілі дапамогі ў ВКЛ. Вял. кн. Гедзімін сабраў войска з літ., полацкіх і новагародскіх дружын і даў бой рыцарам на чале з Генрыхам фон Плокам. Дзякуючы добраму размяшчэнню войскаў (наперадзе татарская конніца, пасярэдзіне літ. воіны, на флангах і ў рэзерве бел. дружыны) Гедзімін разбіў ворагаў і прымусіў іх уцякаць. Мясц. насельніцтва, гвалтоўна ўключанае ў тэўтонскае войска, у час бою перайшло на бок Гедзіміна. Акмянская бітва на пэўны час прыпыніла ням. агрэсію на землі ВКЛ.

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФІЛЬТРА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + фільтрацыя),

прасочванне, пранікненне атм. і паверхневай вады ў глебу, горныя пароды і рух яе па капілярных і субкапілярных порах, шчылінах і пустотах да ўзроўню грунтавых вод. Залежыць ад магутнасці зоны аэрацыі, літалагічнага складу парод, водапранікальнасці глебы і горных парод, рэльефу, расліннасці, с.-г. асваення зямель і інш. Пачатковая форма І. — усмоктванне, калі вільгаць ідзе толькі на папаўненне водазапасаў глебы і на выпарэнне з паверхні. Далейшы рух вільгаці ў глыбіню (фільтрацыя) адбываецца толькі ў перыяды значнага і працяглага ўвільгатнення (пры моцных ліўнях, снегараставанні), калі ідзе папаўненне падземных вод. Адносіны колькасці інфільтраванай вады да сумы ападкаў (у %), што выпалі, наз. каэфіцыентам І. Яго велічыня мяняецца ад 1—3% да 25—30%. На тэр. Беларусі перавышэнне колькасці атм. ападкаў над сумарным выпарэннем спрыяе добраму інфільтрацыйнаму жыўленню падземных вод. Сярэдняя велічыня каэфіцыента І. складае 13%, найб. (да 30%) адзначаецца на Прыпяцкім Палессі пры глыбіні залягання падземных вод 1—2 м.

т. 7, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)