«Дзіркі» (фіз.) 4/595

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́РАЧНАЯ ЭЛЕКТРАПРАВО́ДНАСЦЬ,

праводнасць паўправадніка, у якім асн. носьбітамі зараду з’яўляюцца дзіркі. Існуе, калі канцэнтрацыя акцэптараў перавышае канцэнтрацыю донараў. Наз. таксама праводнасцю р-тыпу. Гл. таксама Паўправаднікі.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́СЬБІТЫ ЗАРА́ДУ, носьбіты току,

агульная назва зараджаных рухомых часціц (ці квазічасціц), якія забяспечваюць праходжанне эл. току праз рэчыва. Тэрмін найчасцей выкарыстоўваецца ў фізіцы цвёрдага цела, дзе аб’ядноўвае электроны праводнасці і дзіркі (гл. Металы, Паўправаднікі).

т. 11, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРО́Н,

састаўная квазічасціца, якая рухаецца ў крышталі; адно з асн. паняццяў электроннай тэорыі праводнасці паўправаднікоў і дыэлектрыкаў з іоннай рашоткай. Складаецца з электрона праводнасці (ці дзіркі), што рухаецца разам з выкліканай ім дэфармацыяй крышт. рашоткі (фанонам). Дае магчымасць апісаць многія эл., фотаэл. і аптычныя з’явы ў рэчывах.

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛ-А́НЯ (літаральна — маці ветру),

у венгерскай міфалогіі гаспадыня ветру. Паводле аднаго з варыянтаў міфа, вецер дзьме з дзіркі, што знаходзіцца ў вял. гары недзе за сямю гарамі, а С.-А. сцеражэ гэтую дзірку. Паводле інш. уяўленняў, жытло С.-А. знаходзіцца сярод галін сусв. дрэва, ад руху якіх і ўсчынаецца вецер.

т. 14, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́НТНАЯ ЗО́НА,

энергетычная вобласць дазволеных электронных станаў у цвёрдым целе. Пры т-ры абсалютнага нуля цалкам запоўнена валентнымі электронамі (гл. Зонная тэорыя). Пад уплывам цеплавога руху, знешніх уздзеянняў (асвятленне, апрамяненне, увядзенне прымесяў і інш.) невял. частка электронаў пераходзіць з валентнай зоны ў зону праводнасці ці на прымесныя ўзроўні ў забароненай зоне. У выніку ў валентнай зоне з’яўляюцца незапоўненыя электронныя станы (дзіркі) і электроны валентнай зоны могуць удзельнічаць у электраправоднасці.

т. 3, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКАМБІНА́ЦЫЯ ў фізіцы,

звязванне свабодных носьбітаў зараду процілеглага знака; працэс, адваротны іанізацыі. Напр., у выніку Р. электронаў і дадатна зараджаных іонаў (катыёнаў) у газавай плазме ўтвараюцца нейтральныя атамы ў асноўным ці ўзбуджаным стане (гл. Узроўні энергіі). У крышт. паўправадніках Р. дэлакалізаваных электрона і дзіркі (электроннай вакансіі) адбываецца ў выніку пераходу электрона з зоны праводнасці ў валентную зону (гл. Зонная тэорыя). Пры гэтым лішак энергіі можа вылучацца ў выглядзе выпрамянення фатонаў (выпрамяняльная Р.; вызначае механізм дзеяння паўправадніковых лазераў і святловыпраменьвальных дыёдаў) ці безвыпрамяняльна перадавацца ваганням крышт. рашоткі, дамешкавым атамам і інш.

М.​А.​Паклонскі.

т. 13, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПРАВАДНІКО́ВЫ ДЭТЭ́КТАР у ядзернай фізіцы,

прылада для рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў, асн. элемент якой — крышталь паўправадніка.

Адчувальны слой П.д. — вобласць паўправадніка паблізу p-n-пераходу, якая абеднена носьбітамі току і мае высокае эл. супраціўленне. Іанізавальная часціца, што пранікла ў крышталь, генерыруе дадатковыя (нераўнаважныя) носьбіты току (электроны і дзіркі), у выніку чаго ў знешнім ланцугу ўзнікае імпульс току, які ўзмацняецца і рэгіструецца. Зарад, сабраны на электродах П.д., прапарцыянальны энергіі, выдзеленай часціцай пры праходжанні праз адчувальны слой. Можа працаваць як спектрометр, калі часціца поўнасцю тармозіцца ў ім. Выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, а таксама ў хіміі, геалогіі, медыцыне і прам-сці.

т. 12, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРО́З у раслін,

амярцвенне ўчасткаў тканак, органаў ці частак раслін. Адбываецца пад уплывам фітапатагенных арганізмаў (інфекц. Н.) або інш. патагенных фактараў (неінфекц. Н., гл. Неінфекцыйныя хваробы раслін), у выніку лакальнага (мясц. Н.) ці агульнага (сістэмнага) іх уздзеяння. Як правіла, з’яўляецца вынікам ахоўнай рэакцыі расліны (затрымлівае пашырэнне патагену). Праяўляецца ў выглядзе плям розных форм і памераў і анамальнага колеру, цэнтр. ч. якіх потым можа разбурацца (на лістах утвараюцца дзіркі) ці загніваць, пры апёках — таксама сеткаватасцю і трэшчынамі на пладах, пабурэннем (пачарненнем) і засыханнем цэлых лістоў, кветак (суквеццяў), завязей, маладых парасткаў; пры Н. сасудзіста-валакністых пучкоў назіраецца завяданне, скручванне, кучаравасць лісця. У клетках адбываецца каагуляцыя або разрэджванне калоідаў цытаплазмы, разбурэнне арганоідаў. Н. ствалоў і галін дрэў, парэнхімных тканак часта суправаджаецца камедзе- і слізецячэннем.

С.​І.​Бельская.

т. 11, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТ ((Mott) Невіл Фрэнсіс) (30.9.1905, г. Лідс, Вялікабрытанія —8.8.1996),

англійскі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў фізікі паўправаднікоў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1936), чл.-кар. Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1954). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1927), дзе працаваў у 1930—33 і з 1954 (у 1954—71 дырэктар Кавендышскай лабараторыі). У 1933—54 праф. Брыстольскага ун-та. Навук. працы па квантавай механіцы, ядз. фізіцы, фізіцы цвёрдага цела. Вывеў ф-лу для дыферэнцыяльнага сячэння рассеяння атама (ф-ла М., 1930). Даў уяўленне аб звязаным стане электрона з зоны праводнасці і дзіркі з валентнай зоны (эксітон Ванье—М., 1937). Пабудаваў тэорыю фатагр. працэсу (мадэль М. — Гёрні; 1938) і тэорыю пераходных металаў і іх сплаваў. Адзін са стваральнікаў тэорыі неўпарадкаваных сістэм. Нобелеўская прэмія 1977 (разам з Ф.​Андэрсанам, Дж.​Х.​Ван Флекам).

Тв.:

Рус. пер. — Теория атомных столкновений. 3 изд. М., 1969 (разам з Г.​Месі);

Электронные процессы в некристаллических веществах. Т. 1—2. 2 изд. М., 1982 (разам з Э.​А.​Дэвісам).

М.​М.​Касцюковіч.

Н.Мот.

т. 10, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)