Дзіда 4/200

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ДА,

старажытная колючая зброя; род лёгкага кап’я або пікі з металічным наканечнікам, насаджаным на доўгае цаўё. Падобную паляўнічую прыладу наз. таксама дзідка, рагаціна.

т. 6, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЗМ,

слова, што абазначае прадмет, з’яву ці паняцце, якія выйшлі з ужытку (напр.: «аршын», «гарнец», «грыўня», «дзіда», «кальчуга», «магнат», «піка», «саха», «соцкі», «стралец» і інш.). Асобную групу гістарызмаў складаюць словы, якія хоць і ўзніклі ў наш час, але не належаць да актыўнай лексікі, бо паняцці, што яны абазначаюць, сталі гісторыяй (напр.: «валвыканком», «камбед», «лікбез», «нарком», «нэп», «рэўком», «БелАПП» і інш.). У адрозненне ад архаізмаў гістарызмы не маюць сінонімаў у сучаснай бел. мове; выкарыстоўваюцца для стварэння каларыту пэўнай эпохі, узнаўлення рэальных гіст. абставін і мовы герояў у творах навук. і маст. л-ры.

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 5, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́КА (польск. pika ад франц. pique),

дзіда, колючая халодная зброя, якая з часоў старажытнасці была на ўзбраенні пяхоты і кавалерыі; разнавіднасць доўгага кап’я. Складалася з трох- або чатырохграннага стальнога ляза (наканечніка) і дрэўка; даўж. 3,3 м (даўж. наканечніка 12 см) і маса 3—4 кг. У пяхоце выкарыстоўваліся да 2-й пал. 18 ст., у некат. кав. часцях большасці краін — да 1-й сусв. вайны, у шэрагу краін — да 1930-х г. У кавалерыі Чырв. Арміі П. была на ўзбраенні да 1931.

Да арт. Піка: 1 — еўрапейская, каля 1700; 2 — шылападобная чатырохгранная, Швейцарыя або Германія, 15 ст.; 3 — абардажная, Іспанія, 19 ст.

т. 12, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)