АДНАКЛЕ́ТАЧНЫЯ,

арганізмы, целы якіх складаюцца з адной клеткі. Існуюць 2 узроўні арганізацыі аднаклетачных: пракарыётны (бактэрыі і сіне-зялёныя водарасці) і эўкарыётны (зялёныя і інш. водарасці, прасцейшыя). У пракарыётаў няма дыферэнцыраванага клетачнага ядра, у эўкарыётаў яно ёсць і можа дзяліцца. Аднаклетачныя спалучаюць уласцівасці клеткі і самаст. арганізма. Маюць простую будову (хларэлы, амёбы) і складаную (ацэтабулярыі, інфузорыі). Многія ўтвараюць калоніі. Ад аднаклетачных узніклі шматклетачныя.

т. 1, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКЦЫДЫЁЗ,

адна з інвазійных хвароб чалавека і жывёл, што выклікаецца паразітычнымі прасцейшымі — какцыдыямі. Узбуджальнікі развіваюцца ў клетках кішэчнага эпітэлію, праз сасуды гематагенным шляхам заносяцца ў печань, ныркі і інш. органы, дзе пачынаюць дзяліцца. Перадаюцца праз ежу, ваду, прадметы. Праяўляецца ліхаманкай з т-рай да 39 °C, слабасцю, дрэнным апетытам, паносам. Лячэнне тэрапеўтычнае. Вельмі пашыраны К. свойскіх жывёл. Ён прыносіць значныя эканам. страты, асабліва ў птушка- і трусагадоўлі. Найчасцей бывае ў веснавы і летні перыяды.

т. 7, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць аднаго ліку (ці алг. выразу) дзяліцца на другі (гл. Дзяленне). Напр., адзін цэлы лік кратны другому, калі ў выніку дзялення першага (дзеліва) на другі (дзельнік) атрымліваецца таксама цэлы лік.

Уласцівасці П. залежаць ад таго, якія сукупнасці лікаў разглядаюцца. Лік наз. простым, калі ў яго няма дзельнікаў, адрозных ад яго самога і адзінкі (напр., лікі 2, 3, 5, 7), і састаўным у процілеглым выпадку. Любы цэлы састаўны лік можна адназначна раскласці ў здабытак простых лікаў, напр., 72 = 2∙2∙2∙3∙3. Існуюць прыкметы, па якіх лёгка вызначыць, ці дзеліцца зададзены лік на просты. Напр., лік дзеліцца на 2, калі яго апошняя лічба цотная; лік дзеліцца на 3 (ці 9), калі сума яго лічбаў дзеліцца на 3 (ці 9).

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)