Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЛІ́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ І ПРЫСТАСАВА́ННІ.
Дзялільная машына — станок для нанясення дзяленняў (штрыхоў) на лінейках, шкалах прылад, растрах і інш.Найб. пашыраны аўтам. разцовыя машыны для нанясення лінейных і вуглавых шкал на вымяральных інструментах і прыладах. Дзялільная галоўка — прыстасаванне металарэзных (пераважна фрэзерных) станкоў для павароту на пэўны вугал дэталі, якая апрацоўваецца. Бываюць мех. і аптычныя. З іх дапамогай фрэзеруюць упадзіны паміж зубамі зубчастых колаў і рэжучых інструментаў, апрацоўваюць шматграннікі і інш.Дзялільныя прыстасаванні служаць для дакладнага паварочвання або прасоўвання дэталей пры апрацоўцы і вымярэнні паверхняў, наразанні шліцаў, спіральных пазоў і інш. Да іх адносяцца механізмы павароту сталоў разметачна-расточных, зубастругальных і інш. станкоў, а таксама барабанаў, рэвальверных галовак. На універсальных дзялільных прыстасаваннях звычайна апрацоўваюць складаныя дэталі. Для дакладных вымярэнняў яны аснашчаюцца мікраскопам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАКА́РДА МАШЫ́НА,
механізм ткацкага станка, які ўтварае прамежкі (зевы) паміж ніткамі асновы і дазваляе вырабляць тканіну з буйнаўзорыстым (жакардавым) перапляценнем нітак. Створана ў 1804—08 франц. ткачом і вынаходнікам Ж.М.Жакарам.
Складаецца з прыстасавання пад’ёму і апускання нітак і прыстасавання, што стварае ўзор. У адрозненне ад рэмізных зеваўтваральных механізмаў, якія кіруюць вял. групай нітак асновы, Ж.м. кіруе асобна кожнай ніткай асновы ці невялікай іх групай. Гэта дае магчымасць вырабляць тканіны такіх перапляценняў, паўторны элемент якіх мае мноства нітак па аснове і па ўтку. З дапамогай Ж.м. вырабляюць дэкар. тканіны, дываны з выразнымі маляўнічымі, часам вельмі складанымі малюнкамі (пейзажы, партрэты і г.д).