ПАДЭКАЛЕ́ (франц. Pas de Calais),

Дуўрскі праліў, праліў паміж в-вам Вялікабрытанія і ўзбярэжжам Францыі. З’яўляецца ўваходам у праліў Ла-Манш з боку Паўночнага м. Даўж. 37 км, найменшая шыр. (паміж Дуўрам і Кале) 32 км, глыб. 21—64 м. Парты: Дуўр (Вялікабрытанія), Кале і Дзюнкерк (Францыя). Паромная сувязь Дуўр—Кале, Дуўр—Дзюнкерк, Дуўр—Булонь. Пад пралівам чыг. тунэль.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРСА́ЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1783.

Падпісаны 3.9.1783 у Версалі паміж Вялікабрытаніяй з аднаго боку і Францыяй, Іспаніяй, Нідэрландамі — з другога. Разам з мірным пагадненнем паміж Вялікабрытаніяй і ЗША (гл. Парыжскі мір 1783) завяршыў Вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, у якой Францыя, Іспанія і Нідэрланды ўдзельнічалі на баку Злучаных Штатаў. Замацаваў папярэднія пагадненні аб міры паміж бакамі. Паводле Версальскага мірнага дагавору Вялікабрытанія ўступіла Францыі в-аў Табага ў Вест-Індыі і Сенегал у Афрыцы, Іспаніі — Фларыду і в-аў Менорка, але атрымала ад Нідэрландаў порт Нагапатынам на Пд Індыі. Акрамя таго, былі пашыраны правы Францыі на рыбалоўства каля берагоў Ньюфаўндленда, скасавана забарона французам будаваць умацаванні ў г. Дзюнкерк.

т. 4, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮНКЕ́РКСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1940 (кодавая назва «Дынама»),

марская эвакуацыя саюзных (брыт. экспедыцыйных, часткі франц. і бельг.) войск з раёна г. Дзюнкерк (Францыя) у Вялікабрытанію 26.5—4.6.1940 у 2-ю сусв. вайну. Праведзена пасля прарыву ням.-фаш. танк. злучэнняў да ўзбярэжжа Ла-Манша каля г. Абвіль (20 мая), у выніку чаго ў Паўн. Францыі і Бельгіі пад пагрозай знішчэння апынуліся 18 франц., 12 бельг., 10 брыт. дывізій, якія не здолелі злучыцца з асн. сіламі франц. арміі (знаходзіліся на Пд ад р. Сома). Пад націскам 43 герм. дывізій саюзныя войскі адышлі да Дзюнкерка і стварылі вакол яго абарончы плацдарм. 26 мая пачалася эвакуацыя брыт. экспедыцыйных сіл, а 28 мая (пасля капітуляцыі Бельгіі) — саюзных франц. і бельг. войск. Эвакуацыю прыкрывалі брыт. ВПС і саюзная зенітная артылерыя. Усяго 26 мая — 4 чэрв. на 860 розных (пераважна брыт.) суднах вывезена 278,8 тыс. чал. (з іх 139,8 тыс. англічан, 139 тыс. французаў і бельгійцаў), а з улікам вывезеных перад аперацыяй 59,3 тыс. англічан — больш за 338 тыс. чал. У Дз. а. англічане страцілі 68 тыс. чал., 302 самалёты, 224 караблі, французы — каля 60 суднаў, 40 тыс. чал. палоннымі і інш.; на беразе засталася баявая тэхніка саюзнікаў.

Літ.:

Черчилль У. Вторая мировая война: Пер. с англ. М., 1991. Кн. 1, т. 2 С 333—357.

Да арт. Дзюнкеркская аперацыя 1940. Набярэжная ў Дзюнкерку пасля эвакуацыі брытанскіх, французскіх і бельгійскіх войск.

т. 6, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)