ДЗЮК ((Duke) Чарлз) (н. 3.10.1935, г. Шарлат, штат Паўн. Караліна, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Марскую акадэмію ЗША (1957), Масачусецкі тэхнал. ін-т (1964), школу па падрыхтоўцы пілотаў для аэракасм. даследаванняў (1965). У 1966—76 у групе касманаўтаў НАСА. 16—27.4.1972 з Дж.Янгам і Т.Матынглі здзейсніў палёт на Месяц як пілот месяцовай кабіны касм. карабля «Апалон-16». На Месяцы прабыў 71 гадз (3 выхады на яго паверхню агульнай працягласцю 20 гадз). Для перамяшчэння па месяцовай паверхні Дз. і Янг карысталіся месяцаходам. У космасе правёў 11 сут. Залаты медаль НАСА «За выдатныя заслугі».

Ч.Дзюк.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЯЛЕ́-ЛЕ-ДЗЮК ((Violett-le-Duk) Эжэн Эмануэль) (27.1.1814, Парыж — 17.9.1879),

французскі архітэктар, гісторык і тэарэтык архітэктуры; адзін з заснавальнікаў тэорыі і практыкі рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Рэстаўрыраваў шэраг франц. гатычных сабораў і замкаў (сабор Нотр-Дам у Парыжы, з 1845, разам з Ж.​Б.​Ласю; умацаванні Каркасона, замак П’ерфон і інш.). У гістарычна-тэарэт. працах імкнуўся выявіць агульныя заканамернасці архітэктуры, своеасаблівасць нац. школ, прыроду сярэдневяковага мастацтва («Тлумачальны слоўнік французскай архітэктуры», т. 1—10, 1854—68; «Гутаркі аб архітэктуры», т. 1—2, 1858—72, рус. пер. 1937—38; «Рускае мастацтва», 1877, рус. пер. 1879).

Літ.:

Pevsner N. Ruskin and Violett-le-Duk... London, 1969.

т. 4, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУАНКАРЭ́ ((Poincaré) Раймон) (20.8.1860, г. Бар-ле-Дзюк, Францыя — 15.10.1934),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адвакат. Вучыўся ў Парыжскім ун-це. У 1887—1903 дэп. парламента, у 1903—13 і з 1920 сенатар. З 1893 неаднаразова займаў міністэрскія пасады. У 1912—13, 1922—24 і 1926—29 прэм’ер-міністр, у 1913—20 прэзідэнт Францыі. Праводзіў мілітарысцкую палітыку (празванне «П.-вайна»), Мацуючы франка-рас. саюз супраць Германіі, у 1912 і 1914 наведаў Пецярбург. У 1918—20 адзін з арганізатараў антысав. інтэрвенцыі, стваральнікаў Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Дамагаўся ваен. і эканам. гегемоніі Францыі ў Еўропе. З 2-й пал. 1920-х г. стаў на шлях збліжэння з Германіяй, каб выкарыстаць яе ў барацьбе супраць СССР. Аўтар мемуараў.

т. 13, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЙ БО́ЖАЙ МА́ЦІ САБО́Р Нотр-Дам дэ Пары

(Notre-Dame de Paris),

помнік ранняй франц. готыкі ў Парыжы. Пабудаваны ў 1163—1257 на в-ве Сітэ. 5-нефавая базіліка (даўж. 130 м, шыр. 108 м, выш. інтэр’ера 35 м) з кароткім трансептам, хорам з двайным абыходам і вянком капэл, 2 вежамі (выш. 69 м), што фланкіруюць зах. фасад. Для архітэктуры сабора характэрна спалучэнне рыс раманскага стылю (гарыз. чляненні фасадаў, часткова неапрацаваныя паверхні сцен, прастата арх. дэкору) з новым, гатычным разуменнем прасторы будынка і выкарыстаннем новых канструкцый (стральчатая арка, аркбутаны). Фрагментарна захаваліся вітражы (ружы зах., паўд. і паўн. фасадаў, 13 ст.) і скульптура (на фасадах, каля 1165—1225; у хоры, 13—14 ст.). Інтэр’ер і фасады перабудаваны ў 17—18 ст. Сабор значна падноўлены рэстаўрацыяй 19 ст. (арх. Ж.​Б.​Ласю, Э.​Э.​Віяле-ле-Дзюк). На ўзор П.Б.М.с. пабудавана многа храмаў у Францыі і інш. краінах. Іл. гл. да арт. Готыка.

т. 12, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)