Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУТ (Corchorus),
род кветкавых раслін сям. ліпавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічных раёнах Азіі, Афрыкі, Амерыкі і Аўстраліі.
Кусты, паўкусты, шмат- і аднагадовыя травяністыя расліны. Лісце чаргаванае, цэласнае. Кветкі дробныя, двухполыя. Плод — рабрыстая каробачка. Аднагадовыя віды — Дж. караткаплодны (C. capsularis) і даўгаплодны (C. olitorius) — валакністыя раслінывыш. да 3 м; вырошчваюцца ў Індыі, Пакістане, Сярэдняй Азіі. Даюць трывалае валакно, якое ідзе на выраб тэхн. і інш. тканін, дываноў, вяровак і інш. Лісце і маладыя парасткі спажываюцца як агародніна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЗО́НАС (Amazonas),
штат на ПнЗ Бразіліі, у Амазонскай нізіне. Пл. 1564,4 тыс.км². Нас. 2200 тыс.чал. (1990). Адм. цэнтр — г. Манаус. У экватарыяльных лясах збор соку гевеі. На плантацыях вырошчваюць джут і перац.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДЗІ́ЛЬНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
с.-г. расліны, якія вырошчваюць для атрымання валокнаў. Належаць да розных сям., вырошчваюць ва ўмераных, субтрапічных і трапічных зонах. Валокны ўтвараюцца ў сцёблах (лён, каноплі і інш.лубяныя культуры), у лісці (тэкст. агава — сізаль, тэкст. банан — абака), на насенні (бавоўнік), у пладах (какосавая пальма). Колькасць валакна ў П.к.: лён-даўгунец 20—28%, каноплі да 25%, джут 20—25%, бавоўна-сырэц 25—40%. Валокны П.к. — сыравіна для тэкст. і інш. прам-сці, з іх вырабляюць тканіны, трыкатаж, дываны, ніткі, вату, канаты, вяроўкі і інш. Выкарыстоўваюцца пабочныя прадукты вытв-сці валокнаў (алей, макуха, кастрыца і інш.). П.к. вырошчваюць ва ўсіх земляробчых раёнах свету, найб. плошчу займаюць бавоўнік, джут, каноплі, лён. На Беларусі культывуюць лён-даўгунец (у 2000 пасяўная плошча 78,8 тыс.га).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУБЯНЫ́Я ВАЛО́КНЫ,
валокны, якія ёсць у сцёблах наземных насенных раслін. Маюць моцна патоўшчаныя (часта адраўнелыя) сценкі з развітай слаістасцю, простымі порамі і вузкай поласцю. Жывое змесціва Л.в. пасля завяршэння фарміравання адмірае. Асн. функцыя — ахова элементаў мяккага лубу ад дэфармацыі, а таксама апорная сістэма органа. Бываюць гнуткія, мала адраўнелыя (лён, кіт. крапіва), грубыя, моцна адраўнелыя (пянька, джут і інш.). Выкарыстоўваюць у тэкст. прамысловасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАКНІ́СТЫЯ РАСЛІ́НЫ,
група раслін, валокны прыродныя якіх ідуць на розныя вырабы (пражу, тканіны, вяроўкі, канаты, рыбалоўныя снасці і інш.). Да іх належаць некаторыя водарасці, мохападобныя, папарацепадобныя, голанасенныя і асабліва пакрытанасенныя. Каля 2000 відаў, выкарыстоўваюцца і культывуюцца каля 600.
Найб. важныя сямействы: мальвавыя (абутылон, або канатнік, бавоўнік, кенаф), лёнавыя (лён), ліпавыя (джут, ліпа), каноплевыя (каноплі), крапіўныя (крапіва, рамі), агававыя (агава), бананавыя (тэкст. банан). Як валакністы матэрыял выкарыстоўваюцца лубяныя і драўняныя валокны, а таксама валаскі раслін, у залежнасці ад чаго валакністыя расліны падзяляюцца на валасковыя, драўняныя і лубяныя. На Беларусі з валакністых раслін культывуюцца каноплі і лён, таксама трапляюцца дзікарослыя з родаў асака, крапіва, ліпа, пажарніца, рагоз, трыснёг, хацьма і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУТЫЛО́Н, канатнік (Abutilon),
род адна- і шматгадовых раслін сям. мальвавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. Ад Міжземнамор’я да ўсх. ўзбярэжжа Азіі расце абутылон Тэафраста, або кітайскі джут (абутылон theophrasti). З яго валакна вырабляюць пражу, мешкавіну, шпагат, вяроўкі і інш. Алей з насення прыдатны на мылаварэнне, вытв-сць пакосту і інш. Завезены ў Паўн. Амерыку і Аўстралію. На Беларусі трапляецца як рэдкая заносная расліна; у пакоях, аранжарэях вырошчваюць прыгожы квітучы абутылон гібрыдны (абутылон hybridum).
Травы, кусты і зрэдку невял. дрэвы выш. да 4 м. Кветкі буйныя, адзіночныя або ў пазушных суквеццях, многія віды апыляюць калібры. Плод з некалькіх пладовак, якія маюць па некалькі зярнят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́СА,
штат Індыі, на ПнУ паўвострава Індастан, каля Бенгальскага заліва. Плошча 155,8 тысяч км². Насельніцтва 30,06 млн. чалавек. (1988), гарадскога больш за 8,0%. Адм. ц. — горад Бхубанешвар. Найбольшыя гарады Катака, Рауркела, Берхампур. Размешчаны ў далінах рэк Маханады, Брахмані, Байтарані. На рацэ Маханады з найбуйнейшай у свеце земляной дамбай вадасховішча Хіракуд (1957). Горная частка штата — плато Чхота-Нагпур, адгор’і Усходніх Гатаў.
Клімат субэкватарыяльны, мусонны (ападкаў 1500 мм за год). Галоўныя сельска-гаспадарчыя культуры: рыс, пшаніца, проса, кукуруза, джут, батат, цукровы трыснёг. Лесаводства. Рыбалоўства. Развіты горназдабыўная (храміты, графіт, марганцавыя руды, кварцыты, даламіты, жалезныя руды і іншыя), металургічная і металаапрацоўчая (чорныя металы, ферасплавы, алюміній), хімічная (мінеральныя ўгнаенні), папяровая, лесахімічная і тэкстыльная прамысловасць, вытворчасць шкла, цэменту. Рамёствы. Турызм у Залатым Трохвугольніку (Канарак, Пуры, Бхубанешвар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІХА́Р,
штат на ПнУ Індыі. Пл. 173,9 тыс.км². 86,3 млн.чал. (1994), каля 2/3 — біхарцы. Адм. ц. — г. Патна. На Пн — частка Інда-Гангскай раўніны, на Пд — пласкагор’е Чхота-Нагпур (макс.выш. больш за 1000 м). Клімат трапічны мусонны з сухой зімой і вільготным летам. Ападкаў каля 1000 мм за год. На Пд штата — гал. раён Індыі па здабычы каменнага вугалю, жал. і меднай руды, слюды (буйнейшае ў свеце радовішча; гл.Біхарскі слюданосны раён), уранавай сыравіны, баксітаў. Развіты металургічная (Бакара, Ранчы, Джамшэдпур), маш.-буд., цэментная, папяровая, хім., нафтахім., харч.прам-сць. Пад пасевамі каля 50% пл., значная ч. зямель арашаецца. Гал. культура — рыс. Вырошчваюць таксама кукурузу, пшаніцу, ячмень, зернебабовыя, бульбу, на ПнУ — джут, на левабярэжжы Ганга — цукр. трыснёг. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і буйвалаў. Транспарт чыгуначны і рачны.