Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКО́ЛІ, дыолы, двухатамныя спірты,
арганічныя злучэнні, якія маюць 2 гідраксільныя групы (OH), звязаныя з насычанымі атамамі вугляроду. У залежнасці ад узаемнага размяшчэння груп OH у малекуле адрозніваюць 1,2-гліколі (напр., 1,2-прапілен-гліколь HOC1H2C2H(OH)C3H3), 1,3-гліколі і г.д. Гліколі, у якіх абедзве групы OH размешчаны пры адным атаме вугляроду, звычайна няўстойлівыя гідратныя формы альдэгідаў і кетонаў.
Найпрасцейшы гліколі — этыленгліколь і інш. ніжэйшыя гліколі (з 2—7 атамамі вугляроду ў малекуле) — вязкія бясколерныя вадкасці, якія лёгка змешваюцца з вадой і не змешваюцца з эфірам, вуглевадародамі гліколі маюць усе хім. ўласцівасці спіртоў (утвараюць алкагаляты, простыя і складаныя эфіры і г.д.; групы OH могуць рэагаваць незалежна адна ад адной і адначасова). Пры дэгідратацыі ў залежнасці ад умоў рэакцыі і будовы гліколі могуць утварацца цыклічныя эфіры (напр., дыаксан). Гліколі з’яўляюцца растваральнікамі лакафарбавых матэрыялаў, палімераў, пластыфікатарамі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці поліэфірных валокнаў, пластыфікатараў, мыйных сродкаў, кляёў.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 5, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛАРО́Д (лац. Oxygenium),
O, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 8, ат. м. 15,9994. Прыродны К. складаецца з 3 стабільных ізатопаў: 16O (99,759% па масе), 17O (0,037%) і 18O (0,204%). Найб. пашыраны на Зямлі элемент. У паветры 23,1% па масе свабоднага К., у вадзе 85,82%, у зямной кары 47% звязанага. Уваходзіць у састаў усіх рэчываў, з якіх пабудаваны жывыя арганізмы (у арганізме чалавека каля 65%К.). У чыстым выглядзе атрыманы швед. вучоным К.Шэеле ў 1771 і незалежна англ. хімікам Дж.Прыстлі ў 1774.
К. — газ без колеру і паху, шчыльн. 1,42897 кг/м³ (0 °C), tпл-218,35 °C, tкіп-182,97 °C. Існуюць 2 алатропныя мадыфікацыі К.: «звычайны» К., малекулы якога двухатамныя O2, і азон O3. Пры т-ры каля 1500 °C малекулы О2 распадаюцца на атамы. Непасрэдна ўзаемадзейнічае амаль з усімі элементамі, утварае аксіды. У рэакцыях з простымі рэчывамі (акрамя фтору) з’яўляецца акісляльнікам. Пры нізкіх т-рах акісленне ідзе павольна, пры павышэнні т-ры яго скорасць узрастае і акісленне можа суправаджацца гарэннем. Узаемадзеянне К. з металамі ў прысутнасці вільгаці выклікае атм. карозію металаў. Змяншэнне К. ў атмасферы ў выніку працэсаў акіслення, у т. л. акіслення біялагічнага, кампенсуецца выдзяленнем яго раслінамі пры фотасінтэзе. У прам-сці К. атрымліваюць звадкаваннем і рэктыфікацыяй паветра. Газападобны К. выкарыстоўваюць у тэхніцы для атрымання высокіх т-р, інтэнсіфікацыі металург. працэсаў, у медыцыне; вадкі — як акісляльнік для ракетнага паліва, холадагент, а таксама ў вырабе выбуховых рэчываў (аксіліквітаў).
Літ.:
Глизманенко Д.Л. Получение кислорода. 5 изд. М., 1972;
Разумовский С.Д. Кислород — элементарные формы и свойства. М., 1979.
В.В.Свірыдаў.
т. 8, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)