ДВАРАНІ́Н,

1) у ВКЛ і Рэчы Паспалітай шляхціц, які служыў пры двары вял. князя ці караля (Д. гаспадарскі, Д. яго каралеўскай мосці). Зрэдку такая пасада існавала і пры дварах магнатаў. Вядомы з 15 ст. Звычайныя функцыі — выкананне розных спец. даручэнняў вял. князя, перш за ўсё судовых.

2) У Расійскай дзяржаве (з канца 18 ст. і ў Беларусі) прадстаўнік дваранства.

т. 6, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРАНІ́Н (Арсень Міхайлавіч) (н. 13.3.1949, в. Малыя Краглі Дзятааўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Працуе ў тэхніцы габелену. Асн. работы (усе з жонкай І.Данілавай). трыпціх «Раніца», «Поўдзень», «Вечар» (1986—87), дыпціх «Мой горад», «Маё Палессе» (1988—90) для аэрапорта, «Музыка» (1990—91), «Песня» (1991—93), «Музыка і тэатр» (1994) для муз. і маст. навуч. устаноў, «Песня пра зубра» (1995), для абл. драм. т-ра — усе ў Гомелі, «Лес» (1996) і інш. Творчасць адметная тонкім колераспалучэннем, кампазіцыйнай завершанасцю, эмацыянальнасцю.

Т.​Ф.​Літвінава.

А.Дваранін. Лес. 1995.

т. 6, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭНТЛЬМЕ́Н (англ. gentleman літар. высакародны чалавек),

1) чалавек высакароднага паходжання, дваранін (устарэлае).

2) У Вялікабрытаніі і інш. англамоўных краінах — чалавек, які строга прытрымліваецца свецкіх правіл паводзін, а таксама пачцівы зварот да мужчын.

3) Чалавек, які вызначаецца сваёй выхаванасцю ў паводзінах, далікатнасцю і зграбнасцю адзення.

т. 6, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКО́Ў (Фёдар Ісакавіч) (каля 1612 — 1663 або 1664),

рускі дзярж. дзеяч. Дваранін. У 1654—57 узначальваў першае рускае пасольства ў Кітай для ўстанаўлення дыпламат. і гандл. адносін. Місія не мела поспеху. У час паездкі ў Пекін Байкоў вёў назіранні, якія выклаў у справаздачы пасольства — «Стацейным спісе» (прыведзены кашт. звесткі пра Сібір і Кітай, што стала значным укладам у геагр. л-ру таго часу).

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖ (франц. page),

у сярэдневяковай Зах. Еўропе малады дваранін, які праходзіў першую ступень падрыхтоўкі да рыцарскага звання ў якасці асабістага слугі пры двары буйнога феадала ці караля. Пасля дасягнення 14-гадовага ўзросту ўзводзіўся ў збраяносцы. У 1711—1917 у Расіі прыдворнае званне. П. і камер-П. выконвалі розныя даручэнні царскай сям’і. З 2-й пал. 18 ст. П. — выхаванец пажскага корпуса (прывілеяваная ваен.-навуч. ўстанова).

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМЯ́НІЦКІ КЛЯ́ШТАР КАНО́НІКАЎ ЛАТЭРА́НСКІХ.

Існаваў у 1617—1832 у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на. Засн. віцебскім кашталянам М.​Вольскім і яго жонкай Барбарай. Кляштар валодаў фальваркам Вольгаўшчына з в. Марцінавічы (50 валок зямлі), 15 маргамі сенажаці і полем вакол кляштара (1,5 валокі). Сын Вольскага Казімір, дваранін каралеўскі, працягваў будаўніцтва і даў кляштару в. Кватары. Пры кляштары існавалі шпіталь, Ружанцавае брацтва, б-ка (у 1783 мела 1055 кніг). Пасля скасавання кляштара касцёл застаўся парафіяльным (гл. Крамяніца-Дольнаўскі Георгіеўскі касцёл), жылыя будынкі разабраны ў 1940-я г.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 8, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМО́РНІК,

1) у Польшчы ў 12—13 ст. слуга або дваранін пры дварах князёў, каралёў. Кіраваў хатняй маёмасцю, прадстаўляў інтарэсы і замяшчаў гаспадара пры выкананні малазначных спраў.

2) У ВКЛ у 16—17 ст. геадэзіст-землеўпарадчык, член падкаморскага суда. Прызначаўся падкаморым і замяшчаў яго пры вырашэнні спрэчак на месцы. Займаўся вымярэннем і здымкай мясцовасці (межаў, маёнткаў і г.д.) у якасці судовага выканаўцы, а таксама асабіста за кошт зацікаўленага боку. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі заменены інстытутам землямераў, канчаткова знік у 1840 пасля скасавання межавых судоў і спынення дзейнасці Статута ВКЛ 1588.

3) У бытавым ужытку ў 19 — пач. 20 ст. — землямер.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАБУ́РДЫ,

ваенныя і дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, радавы герб «Габданк». Паходзяць, верагодна, з полацкіх баяр. Найб. вядомыя:

Сямён Багданавіч, полацкі баярын, у час Лівонскай вайны 1558—83 трапіў у маскоўскі палон. Валодаў у Полацкім ваяв. Азярцамі, Гарадзеяй, Ушачамі і інш. Лукаш Багданавіч, каралеўскі дваранін, удзельнік пасольстваў у Маскву ў 1537 і 1558. У 1563—66 у маскоўскім палоне. Міхаіл (? — 1586), дыпламат, гл. Гарабурда М. Васіль Міхайлавіч, друкар, гл. Гарабурда В.М. Міхал Кароль (каля 1640—1709), дзярж. і вайсковы дзеяч ВКЛ. У 1666 дэпутат Трыбунала ВКЛ, пасол на сеймы 1688—99, з 1691 маршалак слонімскі. Выступаў супраць групоўкі Сапегаў. Камандаваў слонімскай харугвай у Алькеніцкай бітве 1700, дзе Сапегі былі разбіты.

т. 5, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВО́ЙНА (Станіслаў) (?—1573),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Служыў пры кіеўскім ваяводзе А.​Неміровічу, удзельнічаў у войнах з татарамі і Маскоўскай дзяржавай. З 1528 каморнік каралевы Боны, з 1530 каралеўскі дваранін, з 1542 полацкі ваявода. Клапаціўся аб ваен. умацаванні горада, гасп. развіцці Полаччыны. У 1553 узначальваў пасольства ВКЛ у Маскву, якое падоўжыла на 2 гады перамір’е паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Калі ў час Лівонскай вайны 1558—83 у студз. 1563 60-тысячнае маскоўскае войска на чале з Іванам IV Грозным аблажыла Полацк, Давойна кіраваў двухтыднёвай абаронай горада, урэшце мусіў здаць яго. Да ліп. 1567 знаходзіўся ў палоне. Пасля вяртання ў ВКЛ удзельнічаў у рабоце Люблінскага сейма 1569.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ДЫЯ ДЭЛЬ А́РТЭ (Commedia dell’arte),

камедыя масак, від італьян. т-ра сярэдзіны 16—18 ст., спектаклі якога ствараліся метадам імправізацыі на аснове сцэнарыя (сюжэтная схема). Персанажамі былі тыповыя маскі, якія пераходзілі з аднаго спектакля ў другі. Наследавала рэаліст. традыцыі нар. фарса, маскі і буфанаду карнавальных дзеяў, выкарыстоўвала некат. матывы і сюжэты гуманістычнай «вучонай камедыі» («камедыя эрудыта»). Буфонна яркія паказы К.д.а. на нар. дыялектах былі насычаны вулічнымі мелодыямі і песнямі, лацамі (трукамі), плебейскімі кпінамі, мелі сатыр. накіраванасць. Душой спектакля былі слугі — Брыгела, Арлекін, Каламбіна, Пульчынела і інш., аб’ектам пастаяннай сатыры — купец Панталоне, дваранін Капітан, ілжэвучоны Доктар і інш. Вядомыя акцёры К.д.а.: Ф. і І.​Андрэіні (16 ст.), Дж.​Б’янкалелі, Т.​Ф’ярылі (17 ст.), А.​Сакі (18 ст.). К.д.а. паўплывала на фарміраванне нац. камед. драматургіі і сцэн. мастацтва і інш. еўрап. краін (асабліва на драматургію К.​Гальдоні, К.​Гоцы, Мальера).

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)