УСЯНО́ЧНАЯ, усяночнае (дбанне) няспанне,

вячэрняе набажэнства правасл. традыцыі напярэдадні нядзелі або асобных царк. свят. Аб’ядноўвае службы вял. вячэрні, ютрані і 1-й гадзіны. Рэліг. сэнс У. у духоўным перажыванні падзей старазапаветнага часу (вячэрня) і Новага Запавета (ютрань). У. ўключае малітваслоўі, прызначаныя для чытання (псалмодыя) і спеваў (антыфоннага, эпіфоннага, рэспансорнага, з канонархам і гімнічнага). Тэксты песнапенняў падзяляюцца на нязменныя (абавязковыя) і зменныя (прымеркаваныя да асобных свят).

У. існавала ў 1-я стагоддзі хрысціянства. Як чын пашырылася ў Візантыі і правасл. Усходзе ў 4 ст. адначасова з літургіяй, Значнае месца ў развіцці муз.-паэт. драматургіі У. належыць Іаану Дамаск шу (8 ст.). З 11 да 17 ст. на Русі песнапенні У. выконваліся пераважна дзямественным спевам, знаменным спевам і пуцявым, пазней — балг., грэч. і кіеўскім, з 17 ст. — у стылі партэсных спеваў (на Беларусі з 2-й пал. 16 ст.). Кампазітары 18—пач. 19 ст. на тэксты У. стваралі хар. творы канцэртнага характару (Дз.​Бартнянскі, А.​Ведэль, С.​Дзегцяроў). З 2-й пал. 19 ст. пашырыліся цыклічныя хар., арыгінальныя творы ці апрацоўка стараж. распеваў («Усяночнае дбанне» А.​Архангельскага, А.​Грачанінава, М.​Іпалітава-Іванава, А.​Кастальскага, С.​Рахманінава, П.​Чайкоўскага, П.​Часнакова).

На Беларусі зафіксаваны мясц. варыянты песнапенняў У., у т. л. чын вячэрні і ютрані Супрасльскага ірмалоя (1598—1601, адзін з першых рукапісных помнікаў квадратнай натацыі). Літургічныя жанры, у т. л. У., у творчасці бел. кампазітараў М.​Анцава, А.​Бандарэнкі, А.​Туранкова, М.​Шчаглова-Куліковіча, М.​Бутона, а таксама С.​Бельцюкова, А.​Хадоскі, Л.​Шлег.

Літ.:

Успенский Н.Д. Чин Всенощного бдения на православном Востоке и в русской церкви // Богословские труды. М., 1978. Сб. 18—19;

Пікарда Г. дэ. Царкоўная музыка на Беларусі, 989—1995. Мн., 1995;

Гарднер И.А. Богослужебное пение русской православной церкви. Сергиев Посад, 1998;

Протопопов В.В. Музыка русской литургии: Пробл. цикличности: Исслед. М., 1999.

Г.​Г.​Осіпава.

т. 16, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДО́СКА Алег Ігаравіч (н. 21.3.1964, Алматы, Казахстан),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1987; кл. А.Багатырова). З 1989 артыст Дзярж. акад. хар. капэлы Беларусі імя Р.​Шырмы. Найб. дасягненні ў галіне сімф. і хар. музыкі: 4 сімфоніі (1992, 1996, 1998, 2000); кантаты «Песні Белай Русі» (1987), «Псальмы-калядкі» (1999; абедзве на нар. словы); Літургія Іаана Златавуста (1993); «Усяночнае дбанне» (1997); хар. канцэрт «Памяці А.​Шнітке» (1998); сімф. паэма «Сымон-музыка» (1986); 2 арк. сюіты з балета «Залаты ключык» (1989); стр. квартэты; камерная музыка для стр. і фп. (1994) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 2002.

Літ.:

Мушынская Т. «Таленавітасць выяўляецца ў чуласці...» // Маладосць. 1999. № 10;

Багатыроў А. «Яго музыка блізкая і зразумелая...» // Роднае слова. 2000. № 5;

Сяўрук А. Беларускае царкоўнаспеўнае мастацтва і творы Алега Хадоскі // Там жа. 2002. № 10.

Р.​М.​Аладава.

т. 16, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)