ДАЎЖНІ́К,

у цывільным працэсе бок абавязацельства (дэбітор), які павінен выканаць на карысць другога боку (крэдытора) пэўнае дзеянне або ўстрымацца ад такога дзеяння. Д. могуць выступаць асобы, здольныя быць носьбітамі грамадзянскіх правоў і абавязкаў, г.зн. праваздольныя грамадзяне, юрыд. асобы і сама дзяржава. Калі ў абавязацельстве бяруць удзел некалькі Д., кожны з іх павінен выканаць абавязацельства ў роўнай долі з іншымі.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́НТЫЯ (ад франц. garantie забеспячэнне) у цывільным праве, прадугледжанае законам або дагаворам абавязацельства, паводле якога асоба (фізічная ці юрыдычная) адказвае перад крэдыторам (поўнасцю або часткова) за невыкананне або неналежнае выкананне абавязацельства даўжніком. Гарантыя ў многім супадае з паручыцельствам: як і паручыцель, гарант — дадатковы даўжнік, а само гарантыйнае абавязацельства — дадатковае ў адносінах да асноўнага, якое звязвае крэдытора з даўжніком.

т. 5, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАВЯЗА́ЦЕЛЬСТВА,

від цывільных праваадносін, у якіх адзін бок (даўжнік) абавязаны зрабіць на карысць другога боку (крэдытора) пэўныя дзеянні (перадаць маёмасць, выплаціць грошы, выканаць работу і інш.) або ўстрымацца ад іх, а крэдытор мае права патрабаваць ад даўжніка выканання яго абавязку. Крэдыторам і даўжніком могуць быць грамадзяне і юрыд. асобы (прадпрыемствы, установы, акц. т-вы і інш.) любой формы ўласнасці. Абавязацельствы могуць фіксавацца ў пагадненнях аб здзелках, у дагаворах, вынікаць з дзеючых заканадаўчых і адм. актаў і інш. нарматыўных дакументаў або абставін.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)