АРТАКСЕ́РКС I Даўгарукі, персідскі цар [465—424 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Уступіў на трон пасля забойства ў выніку прыдворнай змовы яго бацькі — Ксеркса I. На пач. царавання задушыў паўстанне егіпцян, якое падтрымлівалі Афіны. У 454 да н.э. персы знішчылі флот афінян у дэльце Ніла. У 449 да н.э. заключыў Каліеў мір, якім завершаны грэка-персідскія войны і зафіксаваны разгром персаў.
т. 1, с. 505
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
АРХІТЭУ́ЦЫС
(Architeuthis),
род гіганцкіх кальмараў атр. дзесяціногіх галаваногіх малюскаў. Каля 10 відаў. Узніклі прыкладна ў познім мезазоі, росквіту дасягнулі ў неагене. Самыя вял. беспазваночныя жывёлы. Найб. вядомы архітэуцыс — «даўгарукі спрут».
Даўж. са шчупальцамі дасягае 19 м, маса да 1 т і болей. Жывуць пераважна ў трапічных морах і акіянах. Цела верацёнападобнае. На галаве 8 «рук» і 2 шчупальцы. Яйцы адкладваюць на дно ці ў тоўшчу вады. Драпежнікі. Аб’екты промыслу. Мяса смачнае. Выкарыстоўваюцца таксама ў фармацэўтычнай прам-сці.
т. 1, с. 532
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)