прызначаны для мех.даення кароў пад дзеяннем створанага пад саском вакууму. Складаецца з 4 даільных стаканаў (надзяюцца на саскі і высысаюць малако), калектара (размяркоўвае вакуум і збірае малако са стаканаў), пульсатара (пераўтварае пастаянны вакуум у пераменны), вядра (бітона) або малакаправода. Бываюць з 1- і 2-камернымі (найб. пашыраны) стаканамі, 2- і 3-тактавыя. Пераменнае разрэджванне перадаецца па шлангу ў даільныя стаканы, па другім малочным шлангу малако паступае ў калектар. Ёсць Д.а. з пульсатарам і калектарам, аб’яднанымі ў адзін вузел (маюць адзін сумешчаны шланг).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЕ́ННЕ,
працэс атрымання малака ад с.-г. жывёл (кароў, коз, авечак, кабыл і інш.). Малако ў вымі лактуючай жывёлы ўтвараецца бесперапынна і да пачатку чарговага Д. запаўняе альвеалярны і цыстэрнавы аддзелы, адкуль яго атрымліваюць дзякуючы рэфлексу малакааддачы, які стымулюецца абмываннем, выціраннем, масажам вымя. Дояць кароў машынным (гл.Даільная ўстаноўка, Даільны апарат) або ручным спосабам. Найб. спрыяльныя ўмовы для выдалення малака з вымя стварае машыннае Д.: адначасова выдойваюцца 4 долі вымя, павышаецца прадукцыйнасць працы, малако не забруджваецца. Звычайна карову дояць 2—3 разы на дзень. Ручным спосабам дояць авечак (1—2 разы ў суткі), коз малочных парод (2 разы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАІ́ЛЬНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,
комплекс машын, апаратаў і абсталявання для мех.даення кароў і першаснай апрацоўкі малака. Складаюць паточную паўаўтам. лінію, на якой робяцца пераддаільная падрыхтоўка жывёл, выдойванне малака даільнымі апаратамі, яго транспартаванне, ачыстка, ахаладжэнне і забор у ёмістасць.
Д.ў. дояць кароў у стойлах кароўнікаў (пераноснымі і перасоўнымі даільнымі апаратамі са зборам малака ў ёмістасці ці ў малакаправоды) або ў даільных залах (абсталяваны індывідуальнымі і групавымі станкамі, размешчанымі па пэўнай схеме). Д.ў. камплектуюць абсталяваннем для аўтам. выканання некат. ручных работ (напр., пераддаільнай сан. апрацоўкі вымяў), электроннымі сістэмамі для індывід. кармлення, уліку прадукцыі, часам для перапрацоўкі малака ў малочныя прадукты (вяршкі, масла і інш.). Для даення авечак выкарыстоўваюць перасоўныя і стацыянарныя Д.ў. паралельна-прахаднога (з групавым упускам і выпускам жывёл) і карусельнага тыпаў.
Літ.:
Краснокутский Ю.В., Рыжов С.В. Новые доильные аппараты и установки. М., 1984.
Даільная ўстаноўка: а — схема ўстаноўкі (1 — электрарухавік, 2 — вакуум-помпа, 3 — вакуумны балон, 4 — вакуумметр, 5 — вакуумправод, 6 — даільны апарат); б — пашыраныя схемы размяшчэння даільных станкоў для даільных залаў (1 — канвеернакальцавая, 2 — тыпу «Елачка», 3 — тыпу «Тандэм»).