ВАУ́ЛІ ПІЕТО́МІН, Ваўлё Ненянге,
кіраўнік паўстання ненецкай беднаты ў 1830—40-я г. Аленявод нізавой тундры з р. Таз. На чале ўзбр. дружыны вёў барацьбу супраць мясц. князькоў, багатых аленяводаў, купцоў і царскіх чыноўнікаў. У студз. 1841 з атрадам (400 чал.) падышоў да г. Абдорск (цяпер г. Салехард). Быў схоплены, дастаўлены ў г. Бярозаў, пасля ў г. Табольск і сасланы на катаргу ва Усх. Сібір, дзе памёр. Паўстанне Ваулі Піетоміна ўпершыню апісала ў сваім дзённіку ўраджэнка Беларусі Е.Фялінская, якая адбывала ў Бярозаве ссылку за рэв. дзейнасць.
Літ.:
История Сибири с древнейших времен до наших дней. Т. 2. Л., 1968;
Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 188—203.
Ю.В.Бажэнаў.
т. 4, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСТУ́ЖАЎ-РУ́МІН Міхаіл Паўлавіч
(4.6.1801, с. Кудрашкі Ніжагародскай губ. — 25.7.1826),
дзекабрыст. З дваран. Пасля паўстання ў кастр. 1820 Сямёнаўскага палка і расфарміравання яго пераведзены ў Палтаўскі пяхотны полк, які з 1823 размяшчаўся ў Бабруйскай крэпасці. Падпаручнік (1824). З 1828 у Паўднёвым таварыстве дзекабрыстаў. Разам з С.І.Мураўёвым-Апосталам узначальваў Васількаўскую ўправу, з ім і інш. распрацаваў Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. Перапісваў і распаўсюджваў «Рускую праўду» П.І.Песцеля. Сааўтар 2 планаў паўстання ў Белай Царкве. Прыхільнік знішчэння самадзяржаўя і ўстанаўлення рэспублікі. Уваходзіў у штаб Чарнігаўскага палка паўстання, з Мураўёвым-Апосталам склаў рэв. катэхізіс і адозву да народа. 3.1.1826 арыштаваны і дастаўлены ў Магілёў, 15 студз. адпраўлены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Паводле прыгавору Вярх. крымінальнага суда навешаны.
т. 3, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПАЛО́Н»,
амерыканская праграма падрыхтоўкі і ажыццяўлення пілатуемых палётаў на Месяц, а таксама серыя касм. караблёў для яе выканання. Асн. прызначэнне — дастаўка касманаўтаў на Месяц; здзейснены таксама беспілотныя палёты і палёты касманаўтаў вакол Зямлі. У 1968—75 запушчана 15 «Апалонаў» з экіпажамі, усяго 38 касманаўтаў. На «Апалоне-11» здзейснена першая ў свеце пасадка на Месяц (Н.Армстранг, Э.Олдрын, 1969). Па праграме «Апалон» даследавалі Месяц і калямесяцавую прастору, на Зямлю дастаўлены ўзоры месяцавага грунту.
Карабель «Апалон» мае асн. блок (для дастаўкі 3 касманаўтаў на селенацэнтрычную арбіту і вяртання іх на Зямлю) і месяцавую кабіну (для дастаўкі 2 касманаўтаў на паверхню Месяца, забеспячэння іх знаходжання на ім і вяртання на селенацэнтрычную арбіту). Маса «Апалона» да 47 т. Асн. блок уключае адсек экіпажа (спускальны апарат для пасадкі на ваду і на сушу) і рухальны адсек. Месяцавая кабіна мае пасадачную (застаецца на Месяцы) і ўзлётную ступені. «Апалон» забяспечаны стыковачным прыстасаваннем для пераходу касманаўтаў з адсека экіпажа ў месяцавую кабіну. Запуск і вывядзенне «Апалона» на арбіту ШСЗ ажыццяўляліся ракетамі-носьбітамі тыпу «Сатурн». Мадыфікацыі «Апалона» выкарыстоўваліся для дастаўкі экіпажаў на арбітальную станцыю «Скайлэб» і стыкоўкі з караблём «Саюз-19» па праграме ЭПАС.
т. 1, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)